Ад пачатку эпідэміі працу ў ЗША страцілі больш за 40 мільёнаў чалавек
За апошнія 7 дзён па дапамогу зьвярнуліся 2,1 мільёна грамадзян ЗША. Гэта крыху менш, чым у папярэднія тыдні, калі фіксаваліся рэкордныя лічбы — больш за 6 мільёнаў чалавек за тыдзень.
Колькасьць новых зваротаў па дапамогу шматкроць перавышае ўсе паказчыкі, устаноўленыя з моманту, калі гэтыя дадзеныя пачалі адсочвацца. А агульны ўзровень беспрацоўя ў краіне ўжо супастаўляльны зь Вялікай дэпрэсіяй. У красавіку ён складаў больш за 14 адсоткаў. Па выніках траўня, як чакаецца, беспрацоўе перавысіць 20 адсоткаў.
Яшчэ адна спроба стварыць вакцыну. Антыцелы выпрацоўваюцца
Амэрыканская біятэхналягічная кампанія Moderna ў чацьвер падпісала кантракт са швайцарскай фірмай CordenPharma на пастаўку павялічанага аб’ёму ліпідаў, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасьці экспэрымэнтальнай вакцыны ад COVID-19. Кампанія імкнецца нарасьціць магутнасьці, каб задаволіць чаканы попыт ва ўсім сьвеце.
Усясьветныя лідэры лічаць, што вакцына — адзіны рэальны спосаб перазапусьціць эканоміку пасьля месяцаў прастою, спрычыненага захадамі, каб стрымаць распаўсюджваньне каранавірусу. Аднак ёсьць засьцярогі, што шэраг краін, у тым ліку і ЗША, могуць паспрабаваць нарасьціць запасы вакцыны, бо на пачатковым этапе вытворчасьці задаволіць попыт па ўсім сьвеце наўрад ці ўдасца.
У Moderna на мінулым тыдні заявілі, што яе патэнцыйная вакцына — першая, якую пачалі выпрабоўваць у ЗША, — выпрацавала ахоўныя антыцелы ў невялікай групы здаровых добраахвотнікаў, што дае надзею на яе эфэктыўнасьць.
Сям’я кіраўнікоў сэрвісу Menu.by заплаціла за лекаваньне ад каранавірусу тысячу даляраў
Сям’я Артура Бадзікяна, якая ўжо тры гады жыве ў Беларусі і мае тут бізнэс па дастаўцы ежы, перахварэла на COVID-19. За лекаваньне яны заплацілі разам каля тысячы даляраў.
«Тое, што лекавацца давялося платна, мне гэта не падабаецца, бо я плачу столькі падаткаў, колькі, магчыма, сярэдні беларус ня плаціць. Да таго ж яшчэ наша кампанія плаціць вялізныя падаткі. На рынку мы з кастрычніка 2016 году. Палічылі ўсё — гэта і палата, і харчаваньне, усе і лекі, і сыстэмы, капельніцы, шпрыцы, КТ, каб зразумець што адбываецца зь лёгкімі, і гэтак далей», — расказвае карэспандэнту Свабоды камэрцыйны дырэктар сэрвісу хуткай дастаўкі ежы Menu.by Артур Бадзікян. Гісторыю сям'і Бадзікяна цалкам чытайце па спасылцы.
Беларусь увайшла ў пяцёрку краін Эўропы з найбольшай колькасьцю выпадкаў COVID-19 за апошнія 2 тыдні
Беларусь увайшла ў пяцёрку краін Эўропы з найбольшай колькасьцю зарэгістраваных выпадкаў заражэньня COVID-19 за апошнія два тыдні, паведаміў 28 траўня дырэктар Эўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусьветнай арганізацыі здароўя Ганс Клюге.
Акрамя Беларусі, у першую пяцёрку ўвайшлі Расея, Вялікая Брытанія, Турэччына і Італія.
Усяго ў зоне адказнасьці эўрапейскага бюро САЗ 53 краіны з насельніцтвам каля 900 мільёнаў чалавек, у якіх пацьверджана больш за 2 мільёны выпадкаў заражэньня каранавірусам і зафіксавана звыш 175 тысяч сьмерцяў ад COVID-19.
Беларусу, які вінаваціў Лукашэнку ў сьмерці маці ад COVID-19, адмовілі ў крымінальнай справе
Аляксандру Мацьвееву, маці якога памерла ад COVID-19, адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы. Ён даведаўся пра гэта па тэлефоне ў міліцыі. Мацьвееў вінаваціў Лукашэнку ў бязьдзеяньні службовай асобы падчас пандэміі каранавірусу.
Афіцыйная прадстаўніца УУС Віцебскага аблвыканкаму Вольга Шкуратава пацьвердзіла Радыё Свабода, што праверку скончылі, яе вынікі накіравалі Мацьвееву на пазначаны адрас.
Кампанія #ByCovid19 сабрала на дапамогу беларускім мэдыкам 300 тысяч даляраў
Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі #ByCovid19 Андрэй Стрыжак расказаў на Facebook пра вынікі працы за два месяцы: на дапамогу беларускім мэдыкам сабралі 302 619 даляраў.
Гэта пяць тысяч даляраў на дзень або дзьвесьце даляраў на гадзіну, адзначае Стрыжак. З гэтай сумы 58 957 даляраў унесла беларуская дыяспара з-за мяжы. «Узгадайце гэта кожны раз, калі хтосьці скажа, што беларусы ня здольныя на салідарнасьць і ўзаемадапамогу», — дадае ён. Цалкам чытайце тут.
Мінус 8,9 мільярда рублёў у параўнаньні зь мінулым годам. Як беларускія прадпрыемствы працуюць ва ўмовах пандэміі
5,8 мільярдаў рублёў — гэта чыстыя страты ўсіх буйных і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі са студзеня па красавік 2020 году. Летась за такі ж пэрыяд яны спрацавалі з чыстым прыбыткам у 3,1 мільярда рублёў. Глядзім, чаму так атрымалася і каго напаткаў найбольшы крызіс. Чытайце артыкул па спасылцы.
Тры месяцы з каранавірусам. 10 фактаў пра COVID-19 у Беларусі
Першы выпадак каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 быў зафіксаваны ў Беларусі тры месяцы таму: 28 лютага стала вядома, што хваробу выявілі ў студэнта БНТУ з Ірану. Ён ужо паправіўся і нават ажаніўся. Але вірус працягвае пашырацца і ў Беларусі, і ў астатнім сьвеце.
Сьцісла. Вакцынаў і лекаў няма. Некаторыя краіны ўжо перамаглі або амаль перамаглі каранавірус, але Беларусь ня ў іх ліку. Беларусь ня ўводзіла амаль ніякіх карантынных захадаў. Статыстыка каранавірусу ў Беларусі мае шмат анамаліяў. Эпідэміялягічны прагноз уладаў Беларусі не пацьвярджаецца. Трактары і козачкі — «лекі Лукашэнкі ад каранавірусу». Беларускія мэдыкі не задаволены надбаўкамі і ўмовамі працы.
Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 28 траўня
Паводле міністэрства аховы здароўя, на 28 траўня ў Беларусі:
- агулам 39 858 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 215 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 16 660 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 902 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 737 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 499 249 тэстаў (13 715 за дзень);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства здароўя стала заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы ейнага міністэрства няспынна расьце.
У Маскве дазволілі гуляць «паводле графіку» з 1 чэрвеня, але «рэжым самаізаляцыі» прадоўжаны да 14 чэрвеня
Мэр Масквы Сяргей Сабянін сказаў падчас нарады з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, што з 1 чэрвеня ў Маскве будуць паслабленыя карантынныя абмежаваньні.
Паводле Сабяніна, з 1 чэрвеня:
- будуць адкрыты ўсе нехарчовыя крамы, у тым ліку аўтасалёны, адкрыецца частка майстэрняў і прадпрыемстваў бытавых паслуг (пральні, хімчысткі, рамонтныя майстэрні);
- адноўляць працу кірмашы выхаднога дня;
- у тэставым рэжыме будзе працаваць «графік выхаду на прагулкі для грамадзян» і будуць дазволеныя заняткі спортам на вуліцах;
- будуць адкрыты паркі і сквэры, але ў іх пакуль не будуць працаваць атракцыёны, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. Таксама пакуль нельга будзе карыстацца лавачкамі, альтанкамі і іншымі падобнымі аб’ектамі.
«Рэжым самаізаляцыі» працягне дзейнічаць: ён падоўжаны мінімум да 14 чэрвеня. Але жыхарам старэйшыя за 65 гадоў дазволена будзе выходзіць на вуліцу паводле графіку.
Па словах мэра, «сытуацыя з захворваньнем на каранавірусную інфэкцыю ў Маскве ня толькі стабілізавалася, але і палепшылася». Таму, паводле яго, можна «зрабіць як бы графік, калі грамадзяне, якія пражываюць у тых ці іншых дамах, могуць выходзіць на прагулкі».
Масквічам дазволяць гуляць па графіку толькі тры разы на тыдзень: два разы ў працоўныя дні і адзін раз у выходны. На сьвітаньні (зь пяці да дзевяці раніцы) кожнага дня — без абмежаваньняў. Графік прагулак для кожнага дома будзе вывешаны на сайце mos.ru.
Экспэрты Эўразьвязу ўсумніліся ў эфэктыўнасьці закрыцьця межаў
Эўрапейскі цэнтар прафіляктыкі і кантролю захворваньняў (ECDC) узяў пад сумнеў эфэктыўнасьць закрыцьця межаў для барацьбы з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі. Даклад выйшащ у момант, калі краіны Эўразьвязу абмяркоўваюць магчымасьць зьняцьця некаторых абмежаваньняў на паездкі, уведзеных на першым этапе эпідэміі ў Эўропе, піша Reuters.
Экспэрты адзначаюць, што закрыцьцё межаў прывяло да вельмі нэгатыўных наступстваў для эканомікі, але толькі адтэрмінавала эпідэмію ў самым яе пачатку.
«Я што, не чалавек? Ня маю права захварэць?», — кіраўнік Чачэніі Кадыраў пра каранавірус
Рамзан Кадыраў, кіраўнік Чачэнскай рэспублікі ў складзе Расеі, увечары 27 траўня ўпершыню асабіста пракамэнтаваў інфармацыю пра тое, ці хварэў ён COVID-19. Наўпрост на пытаньне пра магчымасьць захворваньня на каранавірусную інфэкцыю ён так і не адказаў. Ён заявіў, што «абсалютна здаровы», а ў Маскве нібыта быў на дыспансэрызацыі.
«Калі нават я захварэў. У сьвеце мільёны людзей заражаныя каранавірусам, дзясяткі тысяч памерлі, я што, не чалавек? Ня маю права захварэць? Ня маю права паставіць кропельніцу і падняць імунітэт? Я абсалютна здаровы чалавек», — заявіў Кадыраў.
Дэпартамэнт ядзернай бясьпекі «бязьдзейнічае» на фоне каранавірусу, — «Экадом»
Грамадзкае аб'яднаньне «Экадом» выказаа занепакоенасьць бязьдзейнасьцю дэпартамэнту ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў (Дзяржатамнагляд) на фоне зьяўленьня інфармацыі аб распаўсюдзе COVID-19 на Беларускай АЭС.
Напярэдадні, нагадалі экалягічныя актывісты, генэральны дырэктар расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Росатом» Аляксей Ліхачоў заявіў, што «на будаўніцтве БелАЭС прыблізна 100 работнікаў інфікаваныя вірусам COVID-19», а таксама «выказаўся аб неабходнасьці ўзмацненьня ахоўных захадаў і паведаміў пра тое, што празь некалькі тыдняў чакаецца выдача ліцэнзіі на эксплюатацыю першага энэргаблёка электрастанцыі і яго фізычны пуск».
«Нас глыбока трывожыць гэтая сытуацыя, якая характарызуецца ў першую чаргу бязьдзейнасьцю нацыянальнага рэгулятара, закліканага кантраляваць будаўніцтва і арганізоўваць бясьпеку функцыянаваньня атамнай электрастанцыі, — гаворыцца ў звароце. — Яшчэ ў красавіку сёлета наша арганізацыя выказала асьцярогі ў сувязі з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі сярод занятых на будаўніцтве БелАЭС і мясцовых жыхароў, уключаючы жыхароў Астравецкага раёну.
COVID-19 прызналі ў Беларусі падставай да вызваленьня ад школьных іспытаў
Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыняла пастанову аб зьменах у пераліку «хваробаў, якія зьяўляюцца мэдычнай падставай для вызваленьня вучняў ад выпускных іспытаў». Да сьпісу дадалі «інфэкцыю, выкліканую каранавірусам COVID-19». Тэкст быў афіцыйна апублікаваны і набыў моц 28 траўня.
У Беларусі раней вырашылі адкласьці ўступную кампанію ў сувязі з каранавірусам, даты цэнтралізаванага тэставаньня зьмянілі на тыдзень ці два.
Графік выпускных іспытаў у школах можа быць трохі адкарэктаваны ў залежнасьці ад зьместу прадметаў. Што да выпускных вечароў у школах, Мінадукацыі прапануе вырашаць гэта пытаньне індывідуальна ў кожнай навучальнай установе.
На Petitions.by зьбіралі подпісы за скасаваньне выпускных і перанос уступных іспытаў у Беларусі. 27 траўня зварот з амаль 10 тысячамі подпісаў адправілі ў Міністэрства адукацыі і Адміністрацыю прэзыдэнта.
Лічбы на раніцу 28 траўня
- У сьвеце зафіксавалі звыш 5,79 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,746 млн у ЗША, 414,6 тысячы ў Бразыліі, 370,7 тысячы ў Расеі, амаль 284 тысяч у Гішпаніі, звыш 267 тысяч у Вялікай Брытаніі, звыш 231 тысячы ў Італіі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 357,4 тысячы чалавек. Зь іх 102 107 у ЗША, 37 460 у Вялікай Брытаніі, 33 072 у Італіі, 28 596 у Францыі, 27 118 у Гішпаніі, 25 697 у Бразыліі.
- Выпісалі 2,5 мільёна пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 2,9 млн, зь іх 53 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
ФАКТОГРАФ. Ці праўда, што Біл Гейтс хоча выкарыстаць пандэмію для «мікрачыпаваньня» насельніцтва?
Сузаснавальнік Microsoft Біл Гейтс раней згадаў «пасьведчаньні аб імунітэце», пасьля чаго ў некаторых супольнасьцях загаварылі, што праект прадугледжвае ўжыўленьне людзям «мікрачыпаў», якія пакажуць, хто быў правераны на каранавірус. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці?
У Івейскім раёне ўвялі абавязковы масачны рэжым
У Івейскім раёне насельніцтва абавязалі выкарыстоўваць маскі ў грамадзкіх месцах. Кіраўніцтву кампаній і прадпрыемстваў забаранілі абслугоўваць наведнікаў бяз масак.
Таксама з улікам мераў сацыяльнага дыстанцыяваньня абмежавалі колькасьць наведнікаў, якія адначасова знаходзяцца ў:
- гандлёвых абʼектах;
- месцах грамадзкага харчаваньня;
- аптэках;
- банкаўскіх аддзяленьнях,
- аддзяленьнях сувязі і інш.
«У людзей, якія аказвалі рэгулярную дапамогу, не хапае сродкаў», — стваральніца плятформы «Имена» пра дабрачыннасьць у часы COVID-19
Больш як два месяцы маштабныя праекты дзеля барацьбы з каранавірусам стварае і рэалізуе онлайн-плятформа «Имена». Яе заснавальніца Кацярына Сінюк расказала Свабодзе пра розныя кірункі дапамогі, пра тое, як у грамадзтве мяняецца стаўленьне да дабрачыннасьці, а таксама выказала занепакоенасьць тым, што ў часе пандэміі істотна зьнізілася дапамога іншым праектам для самых уразьлівых, якія не зьвязаныя наўпрост з COVID-19.
Сьцісла
- За той час, што я працую ў «Именах», ніколі не было так, каб практычна ўся краіна займалася дабрачыннасьцю.
- Збольшага дактары адэкватна ацанілі сытуацыю і прымалі дапамогу зь вялікай удзячнасьцю, але некаторыя баяліся, што да іх прыйдуць і скажуць, што нешта ня так аформілі.
- Паступленьні ад бізнэсу ўтрая зьменшыліся на праекты, не зьвязаныя з каранавірусам. Упершыню мы сутыкнуліся з тым, што ў людзей, якія аказвалі рэгулярную дапамогу, не хапае сродкаў на картках.
- Пракапеня расказваў, як нейкая кампанія патраціла сотні тысяч даляраў, каб высьветліць, на які банэр карыстальнікі клікаюць больш. Сотні тысяч даляраў трэба ўкладаць у здароўе і адукацыю.
«Па сутнасьці, ідзе нябачная вайна». Як актор Аляксандар Ждановіч (Маляваныч) перажыў каранавірус
Актор менскага драматычнага тэатру імя Горкага Аляксандар Ждановіч, той самы Маляваныч з «Калыханкі», перахварэў на COVID-19. Сёньня ўпершыню пасьля шпіталя і ізаляцыі выехаў на лецішча, каб пакасіць, спраўдзіць, як квітнее сад і як узышла цыбуля.
У размове з карэспандэнтам Свабоды Аляксандар Ждановіч расказаў пра свой «суб’ектыўны вопыт» ад перажытай інфэкцыі. Чытайце па спасылцы >>