Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на выбарчым участку разам з сваім сабакам. Менск, 26 студзеня 2025
Лукашэнка на выбарчым участку разам з сваім сабакам. Менск, 26 студзеня 2025

У Беларусі прайшлі выбары Аляксандра Лукашэнкі. Жывы блог

Лукашэнка перавыбіраецца сёмы раз ва ўмовах палітычнага крызісу і шырокамаштабных рэпрэсій. Паводле міжнародных арганізацый, гэтыя выбары носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Галоўнае

19:42 26.1.2025

«Выбарчы» вечар са Свабодай — жывы эфір

Глядзіце жывы эфір, прысьвечаны выбарам у Беларусі, якія сусьветная супольнасьць ня лічыць дэмакратычнымі. Мы пачынаем а 19:45 менскага часу на на ютуб-канале Свабода Premium. Наш эфір будзе доўжыцца 2,5 гадзіны.

19:39 26.1.2025

Бэрбак назвала выбары ў Беларусі «горкім днём»

Кіраўнік МЗС Нямеччыны Анналена Бэрбак перакананая, што ў людзей у Беларусі няма выбару.

«Гэта горкі дзень для ўсіх, хто там імкнецца да свабоды і дэмакратыі. Замест свабодных і справядлівых выбараў і жыцьця бяз страху і самавольства, яны штодня сутыкаюцца з прыгнётам, рэпрэсіямі і парушэньнямі правоў чалавека», — напісала Бэрбак у сацыяльнай сетцы Х.

Яна нагадала, што больш за 1200 чалавек безь віны знаходзяцца ў зьняволеньні ў Беларусі, «проста за тое, што мелі сьмеласьць адкрыта выказацца».

19:36 26.1.2025

«Паміраць буду, але ніколі не ўцяку». Лукашэнка не абяцае ніякіх істотных зьменаў палітыкі пасьля выбараў

Лукашэнка не зьбіраецца спыняць рэпрэсіі, вызваляць знакавых палітвязьняў і распачынаць дыялёг з апазыцыяй.

Зьяўленьне на выбарчым участку з сабакам Умкам, іранічны адказ «за ўсіх» на пытаньне пра тое, за каго галасаваў — дэманстрацыя Аляксандрам Лукашэнкам таго, наколькі ён сам ацэньвае значнасьць сёлетняга электаральнага рытуалу. Нават яму захацелася зьлёгку ажывіць рутыннасьць гэтага дзейства зь перадвызначаным вынікам.

Пра што яшчэ сьведчаць словы Лукашэнкі, піша аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

19:01 26.1.2025

Прэзыдэнт Літвы: «Лукашэнка не зьяўляецца і ня будзе легітымным прэзыдэнтам Беларусі»

Гітанас Наўседа ў сацыяльнай сетцы Х (былы Twitter) выказаўся пра выбары, якія праходзяць 26 студзеня ў Беларусі са шматлікімі парушэньнямі.

„Давайце расставім кропкі над „і“: тое, што адбываецца сёньня ў Беларусі, нельга назваць выбарамі. Аляксандар Лукашэнка чарговы раз выкарыстоўвае зьнешнія атрыбуты дэмакратыі, каб застацца ва ўладзе. Але ён не зьяўляецца — і ня будзе пасьля сёньняшняй падзеі — легітымным прэзыдэнтам Беларусі».

Таксама Наўседа напісаў, што народ Беларусі «заслугоўвае лепшага, беларусы заслугоўваюць таго, каб выбраць сваіх лідэраў на свабодных і справядлівых выбарах, быць свабодным ад масавага сачэньня, беззаконьня, запалохваньняў. Жыць у краіне, свабоднай ад зьневажальнага палітычнага, эканамічнага і вайсковага падпарадкаваньня Расеі».

18:54 26.1.2025

Сьпікерка КР: «Мы будзем дома, якія б сьцены ні пабудавалі»

На форуме «Беларусы годныя лепшага» ў Варшаве выступіла сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава.

Яна расказала, што днямі пройдзе дзень выпускнікоў, які яна звычайна вельмі любіла, і распавяла, што ёй цяжка асэнсоўваць тое, што яна ня можа быць побач са сваімі знаёмымі ў Беларусі:

«Я не плянавала зьяжджаць з краіны. Але ўпэўненая, што мы будзем дома, якія б сьцены ні пабудавалі. Мы павінны памятаць, што кожны з нас можа зрабіць свой унёсак у вольнасьць Беларусі».

18:31 26.1.2025

Ва Ўкраіне галасаваньне 26 студзеня ў Беларусі назвалі «тэатрам аднаго актору»

«Замест разьвіцьця і стварэньня дэмакратычнай і прававой дзяржавы рэжым Лукашэнкі выбраў шлях збліжэньня зь іншай дыктатурай – Расеяй, што прывяло да поўнай страты Беларусьсю ўсялякай суб’ектнасьці і самастойнасьці. Замест свабодных і дэмакратычных выбараў у Беларусі сёньня пануюць палітычныя рэпрэсіі, прыдушэньне пратэстаў і саўдзел рэжыму ў злачынстве агрэсіі супраць Украіны», – адзначаецца ў заяве групе дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

Падрабязьней

18:17 26.1.2025

Улады рапартуюць пра высокую яўку выбарцаў-дэбютантаў

Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што моладзь актыўна галасуе на прэзыдэнцкіх выбарах.

«На 16:00 яўка грамадзян, якія ўпершыню галасуюць, на выбарах склала 79,91%», — паведаміў ён.

18:14 26.1.2025

У Вушачы паказалі асартымэнт буфэтаў на выбарчых участках — ад алькаголю да вырабаў рамесьніцтва

«Больш за 50 найменьняў прадукцыі, адмыслова вырабленай да гэтага дня, прапануюць на ўчастках вушацкія каапэратары. Праходзяць дэгустацыі, дзейнічаюць сьвяточныя зьніжкі», — адзначаецца ў паведамленьні выданьня «Патрыёт».

Буфэты ўпрыгожаныя чырвонымі і зяленымі кулькамі. Падрабязьней >>

Буфэт на Вушаччыне
Буфэт на Вушаччыне
18:06 26.1.2025

У Кіеве праходзіць марш памяці беларускіх ваяроў

У сталіцы Ўкраіны адбываецца шэсьце зь беларускімі нацыянальнымі сьцягамі і транспарантамі ў памяць палеглых за свабоду Ўкраіны беларусаў.

Удзельнікі сабраліся на Міхайлаўскай плошчы, пасьля пайшлі па маршруце, па якім у 2014 годзе праводзілі ў апошні шлях Міхася Жызьнеўскага. Падрабязьней >>

17:57 26.1.2025

Жывы эфір «Настоящего Времени»

Тэлеканал «Настоящее Время» вядзе жывы эфір, прысьвечаны выбарам у Беларусі

17:45 26.1.2025

Свабода слова ў выкананьні рэжыму Лукашэнкі

Улады Беларусі запрасілі дзясяткі журналістаў з сусьветных мэдыя асьвятляць пераабраньне Лукашэнкі і нават дазволілі задаваць вострыя пытаньні аўтарытарнаму кіраўніку Беларусі.

Усё гэта адбываецца ў той час, як сотні беларускіх журналістаў і дзясяткі незалежных беларускіх мэдыя, уключна зь Беларускай службай Радыё Свабода, абвешчаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» і выціснутыя за мяжу. Незалежная журналістыка як прафэсія крыміналізаваная ў Беларусі, і тысячы беларусаў пацярпелі за спажываньне кантэнту беларускіх незалежных мэдыя ці ангажаваньне зь імі. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, 42 прадстаўнікі беларускіх мэдыя знаходзяцца ў турмах рэжыму Лукашэнкі.

За кратамі, бо журналісты

17:34 26.1.2025

У Лоеве адзін чалавек прагаласаваў на двух участках

У Лоеве адна і тая ж жанчына трапіла на здымкі, зробленыя ля скрыняў для галасаваньня на розных выбарчых участках.

Публікацыі разьмясьціла выданьне «Лоеўскі край». У подпісах да фота сьцьвярджаецца, што людзі на іх галасуюць на выбарах прэзыдэнта 26 студзеня 2025 году. Падрабязьней

17:29 26.1.2025

ЦВК: на выбарах прагаласавалі ўжо 75,49%

Паводле афіцыйных лічбаў, якія падае ЦВК, яўка наступная:

• Магілёўская вобласьць — 83,12%
• Гомельская вобласьць — 80,91%
• Берасьцейская вобласьць — 80,88%
• Менская вобласьць — 76,50%
• Горадзенская вобласьць — 75,18%
• Віцебская вобласьць — 74,31%
• Менск — 62,48%

17:12 26.1.2025

МЗС Беларусі параіла міністру замежных спраў Польшчы «ня лезьці носам у чужыя справы»

Радаслаў Сікорскі пракамэнтаваў выбары ў Беларусі. У сацыяльнай сетцы Х ён напісаў: «Сёньня „выбары“ ў Беларусі. Чаканьне, каго аб’явяць пераможцам, невыноснае».

Сарказм польскага міністра не спадабаўся МЗС Беларусі. Пад допісам зьявіўся камэнтар гэтага ведамства: «Спадар міністар, выбары ў Польшчы адбудуцца 18 траўня 2025 году, і толькі гэтыя выбары павінны вас хваляваць. Займіцеся праблемамі сваёй краіны і свайго народу, а „ня суйце нос не ў свае справы“, як толькі што сказаў Лукашэнка».

16:11 26.1.2025

Лукашэнка паспрачаўся з журналістам аб колькасьці ўдзельнікаў пратэставых акцый у Беларусі і за мяжой

У адказ на пытаньне францускага журналіста, што рабіць беларусам, якія баяцца, але хочуць вярнуцца дадому, Лукашэнка параіў ім зьвяртацца ў «камісію па вяртаньні». Таксама ён назваў «хлусьнёй», што ў Беларусі ў 2020-ым пратэставалі сотні тысяч чалавек, і назваў лічбу ў 47 тысяч «на піку». Францускі журналіст абверг яго, спаслаўшыся на зьвесткі ААН. Агулам за ўвесь час пратэстаў 2020-2021 гадоў у іх прынялі ўдзел, паводле падлікаў журналістаў, да мільёна чалавек.

Наконт сёньняшняй акцыі ў Варшаве Лукашэнка заявіў, што ў акцыі прымае ўдзел «дзясятак чалавек». Францускі журналіст таксама абверг ягоныя словы. Падрабязьней

16:00 26.1.2025

Літва: у Беларусі ня выбары, а спроба Лукашэнкі застацца пры ўладзе

«Тое, што адбываецца 26 студзеня ў Беларусі, — гэта ня выбары. Гэта няўдалая спроба Аляксандра Лукашэнкі застацца ва ўладзе пад прыкрыцьцём дэмакратыі. Лукашэнка не зьяўляецца легітымным кіраўніком дзяржавы. Ён ім ня стане нават пасьля нядзельнага «мерапрыемства», — працытавала Кястуціса Будрыса агенцтва ELTA, паведаміла літоўскае выданьне LRT.

Паводле яго, Лукашэнка імкнецца захаваць уладу любымі магчымымі сродкамі, выкарыстоўваючы рэпрэсіі і нават сымбалічныя рэчы. «Жорсткія рэпрэсіі абмяжоўваюць магчымасьці беларускага народу ўдзельнічаць у выбарах і арганізоўваць акцыі пратэсту», — дадаў ён.

У той жа час, літоўскі міністар падкрэсьліў, што Літва будзе падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць, якія намагаюцца забясьпечыць дэмакратычную будучыню сваёй краіны.

15:39 26.1.2025

ЦВК: зафіксавана 34 спробы зьняць бюлетэнь на фота ці відэа

Напярэдадні выбараў беларускія ўлады забаранілі фатаграфаваць бюлетэні. Сакратарка ЦВК Алена Балдоўская паведаміла, што на сярэдзіну дня зафіксавалі некалькі дзясяткаў такіх спробаў.

«На сярэдзіну дня па рэгіёнах краіны зафіксавана два вынасы бюлетэняў за межы памяшканьня для галасаваньня і 34 выпадкі фота- або відэаздымкі запоўненага бюлетэня», — паведаміла Балдоўская.

Ілюстрацыйнае фота. Галасаваньне на адным з выбарчых участкаў у Менску 26 студзеня
Ілюстрацыйнае фота. Галасаваньне на адным з выбарчых участкаў у Менску 26 студзеня

15:31 26.1.2025

Лукашэнка пра ўдзел у наступных выбарах: як скажа Качанава, так і будзе

«Я ўжо ў свой час нагаварыў, што апошнія. Я ж не магу сысьці з кляймом, што я некага спужаўся і сышоў. Гэта не ад мяне залежыць, калі ты сапраўдны прэзыдэнт і стаў гэтым прэзыдэнтам — забудзь пра ўсё», — сказаў Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі.

Лукашэнка намякнуў, што ягоны ўдзел у наступных выбарах, як і ў гэтых залежыць ад атачэньня. Некалькі разоў ён казаў, што пайшоў на гэтыя выбары праз тое, што на гэтым настаяла кіраўніца Савету Рэспублікі Натальля Качанава. Таксама ён сказаў, што будзе арыентавацца на ейнае меркаваньне на наступных выбарах.

Усе цытаты Лукашэнкі з прэс-канфэрэнцыі пасьля галасаваньня

15:14 26.1.2025

Лукашэнка прапанаваў удзел беларускіх міратворцаў ва Ўкраіне

На прэс-канфэрэнцыі 26 студзеня ў Менску Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускія міратворцы «былі б найлепшым варыянтам ва Ўкраіне», але ня толькі ўкраінцы, але і Захад не пагодзіцца з адпраўкай беларускіх міратворцаў ва Ўкраіну, лічыць ён.

«Калі ў імя даверу і справядлівасьці, то, акрамя беларускага войска, у іх нічога няма. Гэта ня значыць, што я пашлю ў якасьці міратворцаў сваё войска туды — 70 тысяч — там іх выстраю. Але дзеля таго, каб было так, як дамовяцца — гэта толькі беларускае (войска. — Рэд.). Іншых няма. Усе астатнія будуць цягнуць або на Захад, або на Ўсход», — заявіў Лукашэнка. Падрабязьней

15:12 26.1.2025

ЦВК: на 14.00 яўка выбарнікаў склала 66,41%, прагаласавалі 69 беларусаў замежжа

ЦВК сьцвярджае, што на выбарах прагаласавалі ўжо 66,41% выбарнікаў. Паводле ведамства, яўка па абласьцях такая:

  • Гомельская вобласьць — 72,92%
  • Берасьцейская вобласьць — 72,86%
  • Магілёўская вобласьць — 71,89%
  • Горадзенская вобласьць — 65,60%
  • Віцебская вобласьць — 65,12%
  • Менская вобласьць — 63,73%
  • Менск — 56,61%

Паводле ЦВК, 69 грамадзян Беларусі, якія жывуць за мяжой, прагаласавалі на выбарах у Беларусі: найбольш — з Расеі, галасавалі таксама беларусы, якія жывуць у Польшчы, Літве, Нямеччыне, ЗША, Францыі, Італіі і інш., паведаміў намесьнік старшыні ЦВК Аляксей Башан.

Загрузіць яшчэ

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG