Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пасьля 26 студзеня. Што спрагназавалі экспэрты?


Палац Рэспублікі ў Менску. 23 студзеня 2025
Палац Рэспублікі ў Менску. 23 студзеня 2025

У лістападзе 2024 году Свабода распачала праект «Беларусь пасьля 26 студзеня». Ужо тады было зразумела, што сёлетнія прэзыдэнцкія выбары ня будуць ані свабоднымі, ані дэмакратычнымі, і што іх вынік перадвызначаны: выбары стануць рытуалам перапрызначэньня Аляксандра Лукашэнкі.

Аднак дзень асноўнага галасаваньня — зручны пункт адліку для прагназаваньня наконт таго, якія зьмены могуць адбыцца ў Беларусі ў 2025 годзе і пазьней.

Свабода зьвярнулася да 9 экспэртаў з просьбай ахарактарызаваць магчымыя зьмены. Інтэрвію зь імі былі паказаныя на Youtube-канале «Свабода Premium», тэксты гутарак у скароце апублікаваныя на нашым сайце.

Ніжэй прапануем вашай увазе асноўныя тэзы ўдзельнікаў праекту.

Пэрспэктывы лібэралізацыі (палітычнай «адлігі»)

Аляксандар Пашкевіч, гісторык, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі: Пасьля выбараў шырокамаштабная лібэралізацыя наўрад ці адбудзецца, але інтэнсіўнасьць рэпрэсіяў можа зьменшыцца, зыходзячы з практычных інтарэсаў беларускага рэжыму. Некалі ўсё канчаецца. Нават «вялікі тэрор» у СССР працягваўся некалькі гадоў, але ўжо ў 1939 годзе быў дадзены загад працэс запаволіць.

Ёсьць інтарэс рэжыму ў тым, каб усю апазыцыю (нават патэнцыйную) загнаць «пад плінтус». За гэта выступаюць пэўныя колы сілавікоў, якім працяг гэтага працэсу дае хлеб і надае значнасьць. Але такія рэпрэсіі шкодзяць эканамічнаму разьвіцьцю. Вялікая эміграцыя — у выніку ў многіх сфэрах эканомікі шмат вакансіяў, няма каму працаваць. У атачэньні Лукашэнкі людзі, якія адказваюць за эканоміку, наўрад ці зьяўляюцца прыхільнікамі працягу рэпрэсіяў у такіх маштабах. Галасаваньне 26 студзеня можа стаць пэўным Рубіконам, за якім адбудзецца перагляд палітыкі і будзе ўзяты курс на супакаеньне.

Вольга Лойка, былая палітзьняволеная, рэдактарка выданьня Plan B: Працягваць перасьлед за падзеі пяцігадовай даўнасьці, напэўна, было б крыху дзіўна. А тут яшчэ і тэрмін даўнасьці па гэтых злачынствах скончыцца, і можна будзе паступова заяўляць, што мы з гэтым скончылі. Я зараз бачу, што, у прынцыпе, ціск і цяпер крыху меншы, чым раней. Больш за 200 чалавек выйшлі на волю ў выніку памілаваньня. Гэта вельмі добра, гэта найлепшая навіна апошняга году. Але ўсё, што было нельга ў 2023–2024 гадах, усё гэта будзе нельга і ў 2025 годзе.

Вадзім Мажэйка, доктар культуралёгіі, палітычны аналітык: Я б не чакаў нейкіх зьменаў у Беларусі, бо мы бачым: гайкі закручаныя настолькі, што ніякі пратэст там не вымалёўваецца. Дый, па шчырасьці, у кантэксьце гэтай кампаніі няма за што і пратэставаць. Што могуць украсьці ў людзей, якія прагаласуюць за Гайдукевіча? Гэта сьмешна.

Сяргей Навумчык, публіцыст, грамадзкі дзяяч : Я ня бачу ніякіх аб’ектыўных перадумоваў для спадзеваў на зьмяншэньне рэпрэсіяў. Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994-м на падмане і шмат гадоў захоўваў уладу падманам, сілай і падтрымкай Масквы. З пэўнага часу дадаўся і страх, які сёньня апанаваў грамадзтва. І вось гэты страх — гарантыя лукашэнкаўскай улады, таму ён павінен працягваць трымаць грамадзтва ў стане пэрманэнтнага страху. Іншая справа, што можа зьмяніцца фармат рэпрэсій, будзе менш гучных імёнаў, бо ў асноўным яны ўжо перасаджалі ўсіх, да каго маглі дацягнуцца. Але пастаянныя арышты і суды будуць працягвацца. Тут не павінна быць ніякіх ілюзій.

Пэрспэктывы транзыту ўлады

Аляксандар Пашкевіч: За 30 гадоў кіраваньня Лукашэнкі можна было добра зразумець, што ён апантаны ўладай, для яго ўлада — гэта жыцьцё. І ніколі ад улады ён добраахвотна не адыдзе. Калі ён кажа, што ўжо наеўся ўлады, што зьбіраецца сыходзіць, што на наступны тэрмін ня пойдзе — гэтаму верыць ня варта. Ён будзе трымацца за ўладу, за кантроль над краінай да апошняга.

Адзіны варыянт, калі ён сыдзе да сьмерці,— гэта калі яго так моцна будзе падводзіць здароўе, што ён банальна ня зможа выконваць свае абавязкі. Але мяркую, што і ў такім выпадку вырашаць будзе ня ён, вырашаць будуць за яго. Каб ён сам паступова падрыхтаваў транзыт праз пэўны вызначаны час — гэта немагчыма.

Рыгор Астапеня, доктар паліталёгіі, кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» брытанскага Chatham House: Калі Лукашэнка будзе адчуваць сябе лепш, чым цяпер, варта чакаць, што ён будзе браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах і ў 2030 годзе. Але працэс старэньня няспынны. Калі паглядзець, як ён выглядаў 5, 10, 15 гадоў таму, то выразна бачны працэс біялягічнага старэньня. Ён адчувае сябе горш і сам узьнімае гэтую тэму. Ён кажа сваёй палітычнай клясе, што стаміўся, што ім трэба думаць, як будуць жыць безь яго. І сама палітычная кляса пра гэта гаворыць.

Напэўна, ня варта рабіць усе стаўкі на тое, што Аляксандар Лукашэнка ў 2030 годзе ня будзе браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Шмат што можа зьмяніцца. Але сытуацыя рухаецца ў бок транзыту.

Яўгенія Сугак, журналістка, аўтарка грамадзка-палітычных Youtube-праектаў «Мне тоже не нравится» i «Часики тикают»: Мы ўсё роўна будзем жыць надзеяй, што нешта будзе адбывацца і Лукашэнка больш ня будзе прэзыдэнтам. Я ня з тых людзей, якія чапляюцца за спадзяваньні. 5 гадоў праляцяць вельмі хутка. Яшчэ нядаўна быў дваццаты год, і мы думалі, што праз два месяцы ўсё скончыцца. А ў выніку, глядзіце — ужо 2025-ы, а мы ўсё гэта дагэтуль абмяркоўваем.

Сяргей Навумчык: Мне дзіўна, калі нехта апошнія заявы Лукашэнкі пра «зьмену пакаленьняў» успрымае як сыгнал пра ягоны сыход, як намер «транзыту ўлады». Вядома, ён зацікаўлены ў «зьмене пакаленьняў» — на ўзроўні кіраўнікоў сілавых структураў, каб рэпрэсіі рабіліся больш жорстка і вытанчана; на ўзроўні эканамічных міністраў — каб яшчэ болей выцягваць сокі з народу. Але сваёй улады ён не аддасьць, у гэтым сэнсе ня будзе «транзыту ўлады». Такія асобы, як Гітлер, Сталін, Лукашэнка не аддаюць уладу транзытам — да моманту, пакуль не адбываецца ўласны іх «транзыт» у іншы сьвет.

Што зьменіцца з прыходам да ўлады Дональда Трампа?

Рыгор Астапеня: Калі Трамп зойме зноў Белы дом, ЗША могуць крыху перагледзець сваё стаўленьне да рэжыму ў Беларусі. І Лукашэнка гэта адчувае, менавіта таму ён рассыпаўся ў камплімэнтах на адрас Трампа адразу пасьля ягонай перамогі на выбарах. Але людзі ў Беларусі могуць не адчуваць, наколькі мала зацікаўленасьці ў заходніх урадаў мець стасункі з Лукашэнкам.

Павал Мацукевіч, былы дыплямат, дасьледчык Цэнтру новых ідэй: Трампа я разглядаю як прагматычнага палітыка. І ў гэтым сэнсе думаю, што ён будзе мець мала матываў для таго, каб весьці дыялёг зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Гэта ня значыць, што яны цалкам пазбавяцца амэрыканскай падтрымкі, але проста зоймуць сваё месца ў вельмі вялікай і доўгай чарзе шукальнікаў гэтай самай амэрыканскай дапамогі.

Што тычыцца Лукашэнкі, то ён разглядае прыход да ўлады Трампа як нейкі пункт уваходу для нармалізацыі. Аднак плянка гэтай нармалізацыі, я мяркую, нават самімі беларускімі ўладамі ставіцца ня вельмі высока. Але спробы наладзіць адносіны, я думаю, зь беларускага боку будуць рабіцца. Яны ўжо робяцца.

Цяпер Лукашэнка, я мяркую, моцна абмежаваны ў сваім манэўры. Расея не прайграе вайну, каб яму шукаць паратунку на Захадзе і рабіць нейкія экстраардынарныя крокі. Але, тым ня менш, ёсьць пэўнае поле магчымасьцяў для нармалізацыі адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША.

Роза Турарбекава, паліталягіня: Праблема палягае ў тым, ці зможа Беларусь трапіць у фокус увагі адміністрацыі Трампа. Калі зможа, тады магчымая зьмена акцэнтаў. ЗША будуць задаваць тон, і гэта можа паўплываць на курс як Эўразьвязу ў цэлым, гэтак і асобных эўрапейскіх краінаў.

Пэрспэктывы прызнаньня рэжыму

Роза Турарбекава: Калі Беларусь і Лукашэнка трапяць у фокус увагі адміністрацыі Трампа, то магчымае вяртаньне амбасадараў і пачатак нейкага дыялёгу.

Вадзім Мажэйка: Як бы Лукашэнка ні хацеў «перагарнуць старонку», атрымаць легітымнасьць, прызнаньне, гэтага чакаць не выпадае. Мы бачым, як ужо зараз заходнія палітыкі, парлямэнты, урады прымаюць рашэньні, робяць публічныя заявы наконт таго, што гэтая лукашэнкаўская працэдура ня можа быць прызнаная свабоднымі выбарамі.

Сяргей Навумчык: Тое, што адбудзецца 26 студзеня, ня будзе прызнана свабоднымі і дэмакратычнымі выбарамі. Лукашэнка ня будзе прызнаны дэ-юрэ легітымным прэзыдэнтам. Гэта адназначна. Але можа быць так, што ён будзе прызнаны кіраўніком Беларусі дэ-факта. Як, напрыклад, гэта было пасьля 1996, 2010 ці 2015 гадоў.

Пэрспэктывы ўдзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах па Ўкраіне

Рыгор Астапеня: Трампу могуць прывесьці аргумэнты на карысьць гэтага. Напрыклад, іх можа прывесьці Віктар Орбан, які мае добрыя стасункі з рэжымам Лукашэнкі. Але для Трампа пытаньне: а навошта яму Лукашэнка за гэтым сталом перамоваў? Лукашэнка павінен сфармуляваць прапанову, якая была б лепшая за прапанову Пуціна адносна Беларусі. Ён павінен нешта прынесьці за гэты стол. Калі ён хоча трапіць туды, каб проста паўтараць тэзы Расеі, то ня думаю, што Трампу захочацца гэта слухаць.

Роза Турарбекава: Магчымае таксама прыцягненьне ўвагі да Беларусі ў сувязі зь перамоўным працэсам па Ўкраіне, калі гэтыя перамовы стануць маштабным працэсам дасягненьня доўгатэрміновага міру. Калі ж гэта будуць перамовы толькі аб часовым спыненьні агню, то наўрад ці ўвага будзе прыцягнутая да Беларусі. Аднак калі размова пойдзе пра доўгатэрміновы мір, то неабходна будзе абмеркаваць гарантыі бясьпекі Ўкраіны з боку Беларусі, каб не паўтарыўся напад зь беларускай тэрыторыі. А ў гэтым выпадку перамовы безь беларускага боку ня могуць весьціся.

Яўгенія Сугак: Наўпрост запрашаць яго ніхто ня будзе. Магчыма, ён зможа паехаць у статусе «Пуцін плюс». Калі Пуцін за яго ўпішацца, то ёсьць шанцы, што Лукашэнка там зьявіцца. І зразумела, што не на першых этапах гэтых перамоваў. На першых этапах яму там рабіць няма чаго. Але на наступных, калі Пуцін закіне слова, Лукашэнка можа і зьявіцца. Лукашэнка ўвесь час заяўляе, што ніякіх перамоваў безь Беларусі не павінна быць. Я думаю, што гэта накіравана на Пуціна ў першую чаргу. Захад гэтага ня чуе і ўвогуле кепска памятае пра існаваньне Лукашэнкі.

Пэрспэктывы дэмакратычных сілаў і Сьвятланы Ціханоўскай

Рыгор Астапеня: Рэлевантнасьць дэмакратычных сілаў зьніжаецца. І гэта адбываецца ня толькі таму, што мяняюцца людзі ва ўладзе на Захадзе. Час ідзе, і Беларусь робіцца менш цікавай.

Павал Мацукевіч: Мне падаецца, што працягнецца падзеньне ўзроўню міжнародных кантактаў дэмакратычных сілаў. І не з тае прычыны, што ў ЗША да ўлады прыйшоў Трамп. У прынцыпе, мы гэтае падзеньне ўжо назіраем цягам апошніх гадоў. У ЭЗ ёсьць краіны — Польшча, Літва, іншыя краіны Балтыі, якія лабіруюць, прасоўваюць беларускія дэмакратычныя сілы. Думаю, што працягнецца практыка запрашэньня Сьвятланы Ціханоўскай на канфэрэнцыі, дзе будуць прысутнічаць эўрапейскія лідэры. Але мяркую, што агульны ўзровень кантактаў і на эўрапейскім полі таксама будзе падаць.

Роза Турарбекава: Фігуры Сьвятланы Ціханоўскай наўрад ці можна кагосьці ці штосьці супрацьпаставіць унутры дэмакратычных сілаў. Аднак падыход, зьвязаны з патрабаваньнямі ціску і санкцыяў, ператварыўся фактычна ў дактрынэрства. Спробы зьмяніць гэты падыход ні да чога пакуль не прывялі. Але гэтае дактрынэрства прывяло да фармаваньня іншага падыходу, іншай плыні, якая зараз папаўняецца новымі рэкрутамі.

Мы зараз назіраем разыходжаньне менавіта падыходаў унутры дэмакратычных сілаў. Гэта, вядома, працуе на раскол, на зьніжэньне папулярнасьці Ціханоўскай, на зьніжэньне яе значнасьці ўнутры дэмакратычных сілаў. Пры гэтым значнасьць яе постаці ў вачах заходніх партнэраў не зьмяншаецца, яна будзе заставацца на першым месцы. Мой прагноз: уплыў дэмакратычных сілаў будзе скарачацца, як і папулярнасьць Сьвятланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі як другога нумара ў дэмсілах.

Сяргей Навумчык: На сёньняшні дзень, падабаецца гэта каму ці не, апазыцыйныя сілы ў міжнародных стасунках прадстаўляе Сьвятлана Ціханоўская. Узровень кантактаў з Вашынгтонам будзе меншы, і справа ня толькі ў Трампу — гэты ўзровень быў меншы апошнім часам, калі параўноўваць, напрыклад, з 2021 годам.

У Эўропе, думаю, Ціханоўская будзе мець лепшыя пазыцыі. Я ня згодны з тымі, хто кажа, што, паколькі 5-гадовы тэрмін яе паўнамоцтваў канчаецца, дык пасьля жніўня 2025 году сувязі Ціханоўскай з эўрапейскімі структурамі зьвядуцца да нуля. Не зьвядуцца. Эўрапейскія палітыкі захочуць мець нейкі кантакт з прадстаўнікамі апазыцыі, гэтак было заўсёды. І тут узьнікае вялікая праблема.

Адразу агаваруся, што калі я кажу «Ціханоўская», маю на ўвазе ня столькі Сьвятлану Ціханоўскую, да якой захоўваю чалавечую сымпатыю, колькі структуры вакол яе. На сёньняшні дзень мы бачым манапалізм у стасунках зь міжнароднай супольнасьцю.

Калі Ціханоўская ня зробіць крокаў у бок сваіх апанэнтаў унутры апазыцыі, не пакладзе канец гэтаму манапалізму — праз два-тры гады яе як палітычнага дзеяча ня будзе.

Пэрспэктыва адносінаў з Расеяй

Андрэй Вардамацкі, доктар сацыялёгіі, прафэсар: Да росту прарасейскіх настрояў прывялі два фактары — сыстэмнае ўзьдзеяньне мэдыя і палітыка некаторых краінаў Захаду, якія абмяжоўваюць правы беларусаў гэтак жа, як і правы расейцаў. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай істотна ўзмацнілася ўзьдзеяньне расейскіх мэдыя на грамадзкую думку ў Беларусі. Іх мэсыдж быў такі, што гэта не вайна — гэта абмежаваная ваенная апэрацыя, якая вядзецца толькі супраць «кепскіх хлопцаў», а ня супраць украінскага народу. Аналягічны быў наратыў і беларускіх дзяржаўных мэдыя.

І другі чыньнік — абмежаваньні, якія некаторыя заходнія краіны ўводзілі адносна беларусаў, сынхранізуючы гэтыя меры зь мерамі адносна грамадзянаў Расеі. І гэта таксама прывяло да росту прарасейскіх настрояў у Беларусі. Але варта адзначыць, што растварэньня Беларусі ў Расеі, юрыдычнага ўваходжаньня Беларусі ў склад РФ хочуць толькі 4% беларусаў. І гэтая лічба не мяняецца шмат гадоў.

Вольга Лойка: Пакуль усё ідзе да таго, што Беларусь не давядзецца далучаць сілай — яна сама ўпадзе ў рукі Расеі, без дадатковых высілкаў. Усе высілкі ўжо зробленыя. Кліент гатовы, кліент дасьпеў. Стан беларускай эканомікі зараз такі, што я не ўяўляю, як яна можа самастойна існаваць. Многія беларускія чыноўнікі вельмі прарасейскія. Калі перад імі паўстане няпросты выбар паміж Пуціным і Лукашэнкам, я сур’ёзна баюся, што яны выберуць Пуціна. Калі загады пачнуць ісьці ня зь Менску, а з Масквы, многія чыноўнікі нават ня зьвернуць на гэта ўвагі.

Сяргей Навумчык: Цяпер ясна, што з Украіны Пуціна ня выганяць, ён прадставіць будучае пагадненьне (калі яно будзе) як сваю перамогу. Таму прычынаў хутка ажыцьцявіць анэксію Беларусі ў Пуціна будзе меней, але гэта не азначае, што Крэмль аслабіць кантроль над Беларусьсю. Наадварот. Паколькі замірэньне будзе скарыстанае Пуціным для перафарматаваньня перад новай агрэсіяй (ужо на краіны Ўсходняй Эўропы), а Беларусь тут ключавы элемэнт хаця б з прычыны геаграфічнага становішча, то ціск Масквы будзе ўзмацняцца. І ў гэтым сэнсе перад Беларусьсю, перад намі паўстаюць вельмі цяжкія выклікі, бо ваенную і эканамічную экспансію Расея спалучае са зьнішчэньнем беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
  • 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG