Апдайк : “Вялікая справа — думаць пра мёртвых, яны ствараюць пустату”

  • Міхаіл Раманоускі

Джон Апдайк (John Updike)

27 студзеня на 77-м годзе жыцьця памёр выдатны амэрыканскі пісьменьнік, уладальнік Пуліцэраўскай прэміі Джон Апдайк, аўтар 28 раманаў і 45 іншых кніг — вершаў, апавяданьняў, эсэ. Прычынай сьмерці — рак.

Джон Апдайк — культавы пісьменьнік Амэрыкі 1960-1970-х гадоў — нечакана ўварваўся ў жыцьцё інтэлектуалаў, студэнтаў, увогуле адукаваных людзей былога СССР. Уварваўся як глыток свабоды зь нечаканымі для нас тэмамі, сьмелымі іх рашэньнямі і нават афарызмамі. Ня памятаю ўжо, ці паўтаралі мы тады сярод іх такое: “Свабода — гэта такая коўдра: калі падцягнеш да шыі, дык аголіш ногі”. Але адчувалі мы тады гэта востра.

Усьлед за “Лаўцом у жыце” Сэлінджэра мы чыталі і перачытвалі Апдайкавага “Кентаўра”. І сёньня не магу зразумець, як савецкая цэнзура прапусьціла гэты раман і іншыя падобныя да яго. І мы прачыталі “Кентаўра” — адзін з найлепшых раманаў усясьветнай літаратуры пра сталеньне і здабыцьцё пачуцьцяў, пра дачыненьні паміж бацькамі і дзецьмі, пра першае каханьне і першае жаданьне. Раман, у якім антычны сюжэт пераплятаецца з сучасным і напаўняецца пачуцьцёвасьцю.

Апдайк пісаў пра сярэдняга амэрыканца, які існуе ў маральных крайнасьцях: паміж сэксам і рэлігіяй, шчасьцем быцьця і пагрозай сьмерці. Крайнасьці здараюцца ад нявызначанасьці.

Самыя знакамітыя творы Апдайка — тэтралёгія пра Труса. У першым рамане “Трус, уцякай” 26-гадовы баскетбаліст Гары Ангстрэм па мянушцы “Трус” уцякае ад банальнасьці жыцьця, уцякае і ад жонкі зь дзіцем . У наступным — “Трус, апамятайся” — герой, які не знайшоў свайго самасьцьвярджэньня, вяртаецца да жонкі і дзяцей. У трэцім — “Трус забагацеў” — Трус становіцца пасьпяховым прадпрымальнікам, добрым бацькам і мужам, багацьце і сэкс цяпер для яго галоўныя каштоўнасьці. У чацьвёртым — “Трус на спачыне” — яго цікавіць ужо толькі багацьце, бо сэкс з прычыны СНІДу становіцца небясьпечным. У часе баскетбольнага матчу з героем здараецца інфаркт, і ён памірае. Уся эвалюцыя пэрсанажа адбываецца ў фэерычным калейдаскопе гістарычных падзеяў — зьменаў прэзыдэнтаў, руху хіпі, сэксуальнай рэвалюцыі, вайны ў Віетнаме, высадкі чалавека на Месяц. Гэта — эпапэя, ці, як пісалі амэрыканскія крытыкі, сага. Сага трансфармацыі чалавека ў сучасным трансфармаваным сьвеце.

Заслужана Джона Апдайка называлі голасам свайго пакаленьня. Унікальны талент і высокая адукаванасьць — Апдайк з адзнакай скончыў Гарвард і вучыўся ў Оксфардзе — дазволілі яму аднолькава глыбока зазірнуць і ў душу індывіда, і ў маральную прастору грамадзтва, і нават у палітычныя працэсы. Апдайк быў унікальным стылістам. Ягоная апісальнасьць, якасная дэталізацыя блізкія да паэзіі. Кнігі, якія ён выпускаў практычна штогод цягам амаль паўстагодзьдзя, імгненна рабіліся бэстсэлерамі. Багата раманаў былі экранізаваныя, а п’есу “Іствудзкія вядзьмаркі” паставілі дзясяткі тэатраў сьвету. Паводле розных рэйтынгаў раманы Апдайка ўвайшлі ў сотню найлепшых твораў мінулага стагодзьдзя.

Адзін з апошніх раманаў, “Тэрарыст”, Апдайк напісаў пасьля таго, як у Нью-Ёрку стаў сьведкам падзеяў 11 верасьня. “Гэта было так жахліва, — казаў Апдайк, — нібы ў твайго ўласнага быцьця адвалілася дно”.

“Вялікая справа — думаць пра мёртвых, яны ствараюць пустату”. Гэты афарызм Апдайка з раману “Трус разбагацеў” успрымаецца з кожным годам усё вастрэй, калі зьяўляюцца паведамленьні пра сьмерць вялікіх творцаў другой паловы ХХ стагодзьдзя. Артур Кларк, Гаральд Пінтэр, Мікелянджэла Антаніёні, Інгмар Бэргман… І вось Апдайк. Заканчваецца эпоха людзей, якія былі голасам драмаў і трагедый ХХ стагодзьдзя.