Захараў гатовы супрацоўнічаць з Навумавым. Навумаў – не

Міхаіл Захараў

Сёньня прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму пракамэнтавалі спрэчнае, з гледзішча многіх спэцыялістаў, прызначэньне галоўным трэнэрам хакейнай зборнай Беларусі Міхаіла Захарава.
Паказальна, што кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі хакею праігнаравала мерапрыемства – не сакрэт, што старшыня фэдэрацыі Ўладзімер Навумаў скрайне нэгатыўна ставіцца да Захарава, які даўно крытыкуе мэтады працы спартовага функцыянэра. Аднак, лічаць аналітыкі, Навумаў сам прыклаў руку да рэанімацыі апанэнта, звольніўшы з пасады кіраўніка менскага “Дынама” Глена Хэнлана. Празь некаторы час канадзкі спэцыяліст заявіў, што спыняе супрацоўніцтва і з нацыянальнай зборнай.

Сам Міхаіл Захараў сёньня сказаў, што пасьля прызначэньня на трэнэрскую пасаду яго павіншавалі ўсе, апроч хакейнай фэдэрацыі. Між тым, як заявіў новаабраны настаўнік каманды, ён гатовы да супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі асобамі, уключна з генэралам Навумавым:

“Я зь любым чалавекам, і з тым жа Навумавым, гатовы хоць сёньня сядаць і працаваць. Трэба зразумець так, што алімпійская зборная ў хакеі – гэта не мая прыхамаць, гэта грамадзкі набытак. Таму маё меркаваньне мала каго цікавіць, я мушу кантактаваць зь любым чалавекам, размаўляць. Каб гэта ішло толькі на карысьць хакею. Калі Ўладзімер Ўладзімеравіч гатовы са мной сустрэцца, я таксама гатовы зь ім абмяркоўваць ўсе пытаньні. Але такіх спробаў пакуль не было.

Так, у нас было вельмі шмат спрэчак адносна хакею. Усе гэта цудоўна ведаюць. Я, што лічу правільным, сваё меркаваньне агучваю па хакейных справах, у яго свая пазыцыя. І я лічу, што гэта нармальная зьява. Прыкладам, я хачу, каб 2-3 беларускія каманды гулялі ў КХЛ, ён намагаецца, каб там не было ніводнай. Але каб у сёньняшняй сытуацыі былі нават дзьве каманды ў КХЛ, то зусім іншае становішча было б у зборнай – гульцы атрымалі б больш гульнёвай практыкі. Таму я гатовы супрацоўнічаць зь любым – і з Андрыеўскім, і з Гусавым, і з Навумавым. З усімі людзьмі, якія працуюць на хакей і будуць дапамагаць. Бо галоўнае – дапамагаць, а не высьвятляць, хто горшы, хто лепшы”.

У сваю чаргу ў Беларускай фэдэрацыі хакею лічаць нямэтазгодным камэнтаваць прызначэньне Міхаіла Захарава да моманту вырашэньня ўсіх працэдурных пытаньняў. У фэдэрацыі паведамілі, што 25 лістапада адбудзецца паседжаньне выканкаму арганізацыі, на якім будзе канчаткова зацьверджаная кандыдатура галоўнага трэнэра зборнай Беларусі. Паводле спартовых крыніцаў, кіраўніцтва фэдэрацыя мае намер “блякаваць” Захарава.