Алена Анісім: Кастусь Тарасаў — гэта ўнікальны чалавек

Алена Анісім

22 сакавіка, на 70-м годзе жыцьця, памёр вядомы пісьменьнік, гісторык, дзеяч нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі Кастусь Тарасаў. Словы памяці пра Кастуся Тарасава гаворыць адна з заснавальніц газэты «Новы час» Алена Анісім:
«Кастусь Тарасаў — гэта дастаткова самабытны пісьменьнік і вельмі індывідуальны. Яшчэ ніхто, відаць, не займаўся ягонай творчасьцю як пісьменьніка. І ніхто яшчэ не займаўся ацэнкай той ролі, якую ён выканаў у літаратурным напрамку. У падняцьці з гісторыі, зь нябыту, у пераасэнсаваньні розных выбітных асобаў нашай гісторыі.

Цяжка казаць, бо мелася патэлефанаваць яму перад выходнымі і сказаць, як мяне ўразіў артыкул пра Булгарына. Але закруцілася, забылася, і вось атрымліваецца, што не пасьпеў — значыць не пасьпеў: рабі адразу тое, што хочаш.

Кастусь Тарасаў вельмі добразычлівы чалавек, а для мяне асабліва. Безь яго, фактычна, газэта „Новы час“ і не была б заснаваная. Бо гэта была ягоная ідэя, назва газэты ім прыдуманая. Таму „Новы час“ распачынаўся з Кастусём Тарасавым. Гэта ўнікальная асоба».