Кіраўнік Лёнданскай школы эканомікі сышоў з-за Кадафі

Гаўэрд Дэйвіс, былы дырэктар ЛШЭ

Кантакты з рэжымам Муамара Кадафі давялі да адстаўкі дырэктара элітнай і рэспэктабэльнай Лёнданскай школы эканомікі (ЛШЭ).

Сэр Гаўэрд Дэйвіс падаў у адстаўку пасьля таго, як зьявіліся закіды, што школа пад ягоным кіраўніцтвам падпісала кантракт на 3,6 мільёна даляраў на абучэньне будучай эліты Лібіі ды атрымлівала іншыя грошы зь лібійскіх крыніцаў, піша сёньняшняе выданьне The Guardian.

«Я прыйшоў да высновы, што мне будзе лепш падаць у адстаўку, хоць я і ведаю, што гэта створыць праблемы для інстытуцыі, якую я палюбіў. Калі коратка, дык я адказны за рэпутацыю школы, а яна пацярпела», – сказаў Дэйвіс пра сваю адстаўку.

Рэпутацыя ЛШЭ пачала цярпець, калі ў прэсе зьявіліся абвінавачаньні ў кантактах школы з рэжымам Муамара Кадафі, якія суправаджаліся шчодрымі фінансавымі ўліваньнямі зь лібійскага боку.

У Вялікабрытаніі была створаная адмысловая сьледчая камісія, каб разгледзець фінансаваньне ЛШЭ грашмі Кадафі.

Акрамя згаданага кантракту на абучэньне маладых лібійцаў (школа дагэтуль атрымала 2,4 мільёна даляраў з агульнай сумы 3,6 мільёна), рэжым Муамара Кадафі зрабіў таксама шэраг іншых уплатаў:

– ахвяраваньне 2,4 мільёна даляраў фондам сына Муамара Кадафі, Сайф-аль-Іслама, які раней атрымаў доктарскую ступень у ЛШЭ, на адкрыцьцё праграмы досьледаў Паўночнай Афрыкі (праграма была прыпыненая на мінулым тыдні);

– 32 тысячы даляраў за абучэньне кіраўніка лібійскага інвэстыцыйнага ведамства;

– 81 тысяча даляраў за кансультацыю, дадзенаю Дэйвісам лібійскаму фонду дзяржаўнай маёмасьці;

– 37 тысяч даляраў на пакрыцьцё коштаў падарожжаў выкладчыкаў ЛШЭ ў Лібію.

The Guardian піша, што паводле адной амэрыканскай дыпляматычнай дэпэшы, апублікаванай сайтам WikiLeaks, у праект абучэньня каля 400 маладых лібійцаў з атачэньня Муамара Кадафі быў замяшаны брытанскі ўрад ды таксама іншыя брытанскія ўнівэрсытэты.

Дэйвіс сказаў, што ён зрабіў памылку, прымаючы грошы зь лібійскіх крыніцаў. Ён таксама прызнаў, што ён – паслухаўшы просьбы брытанскага ўраду – прыняў няправільнае рашэньне стаць пасярэднікам у эканамічных кантактах зь Лібіяй і кансультаваць лібійскі фонд дзяржаўнай маёмасьці.

У Вялікабрытаніі чуваць галасы, якія заклікаюць ЛШЭ вярнуць грошы, ахвяраваныя школе Сайф-аль-Ісламам Кадафі.