Мікалай Аўтуховіч: «Не зусім зразумела, чаму пачалася гэтая страляніна»

Мікалай Аўтуховіч

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч даслаў зь Івацэвіцкай калёніі № 5 ліст рэжысёру Вользе Мікалайчык, датаваны 19 сьнежнем.
У лісьце не паведамляецца дакладна, ці знаходзіцца аўтар у турэмным карцэры ці ў шпіталі. Між тым, раней былі зьвесткі з калёніі пра тое, што Аўтуховіч рэзаў сабе вены на руках, пратэстуючы супроць спробаў прынізіць ягоную чалавечую годнасьць. З большага, ліст вязьня факт ціску пацьвярджае.

«У мяне пакуль усё добра, калі гэтак можна сказаць. Пачалі „страляць“ і не зусім зразумела, чаму раптам пачалася гэтая страляніна. Трымаюць пакуль. Невядома, ці гэта помста, хочуць запалохаць. Час пакажа. А пакуль усім прывітаньне, хай ведаюць, што нікому за мяне ня будзе сорамна», — піша Мікалай Аўтуховіч.

Праваабаронца Алег Воўчак, які як і Аўтуховіч ваяваў у Аўганістане, гэтак патлумачыў ліст свайго сябра.

Алег Воўчак

«Словамі „пачалі страляць“, „страляніна“ ён пазначае ціск на сябе, нейкія нечаканыя праблемы. У тых, хто прайшоў праз вайну, гэтак прынята казаць пра цяжкасьці, бо на вайне бой, страляніна — самае дрэннае, што можа здарыцца. Яшчэ я зьвярнуў увагу на тое, што ён паведамляе пра немагчымасьць павіншаваць людзей са сьвятамі, хаця год таму павіншаваў ажно 70 чалавек. Гэта значыць, што Аўтуховіча зьмясьцілі ў нейкае ізаляванае нават ў турме месца, ў яго няма з сабой адрасоў тых людзей, каго ён зьбіраўся павіншаваць. Калі ліст ад яго ўсё ж дайшоў, то гэта альбо нейкі турэмны шпіталь, альбо ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу. Бо адтуль ліставацца магчыма, але з сабой узяць туды нічога не даюць. З карцэру ліст бы ўвогуле не дайшоў. Да таго ж, ён разумее, што ягоныя лісты адтуль правяраюцца з павышанай увагай таму піша „эзопавай мовай“. А частка лістоў увогуле не даходзіць. Вось мне вядома, што жонка і маці лістоў даўно не атрымлівалі. Мяркую, ён гэта таксама разумее і таму просіць перадаць ім прывітаньне.»

Пра стан здароўя Мікалая Аўтуховіча зьвестак няма. На прэсавай канфэрэнцыі 23 сьнежня Аляксандру Лукашэнку нагадалі пра лёсы палітвязьняў, у тым ліку пра тое, што Мікалай Аўтуховіч, па зьвестках, рэзаў вены на руках. Лукашэнка сказаў, што гэта «відаць, хворы чалавек» і загадаў высьветліць абставіны сакратару Саўбезу Леаніду Мальцаву. З таго часу афіцыйная інфармацыі пра Мікалая Аўтуховіча ў мэдыі не трапляла.