Сяргей Балыкін адмовіўся ад удзелу ў зьезьдзе АГП

Сяргей Балыкін

Старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Балыкін, абраны дэлегатам зьезду АГП, адмовіўся у ім ўдзельнічаць.
Балыкін: «Можна з упэўненасьцю сказаць, што краіна стаіць на парозе грандыёзнага „расьпілоўваньня“ дзяржаўнай уласнасьці. Пра гэта відавочна сьведчаць апошнія заявы кіраўніцтва Беларусі. Не выклікае сумненьня, што гэтае „расьпілоўваньне“ адбудзецца па найгоршым сцэнары: на чужых умовах, каб вырашыць бягучыя пытаньні». «Трэба разумець, што сапраўдная незалежнасьць дзяржавы вызначаецца яе эканамічнай магутнасьцю. Рознага кшталту атрыбутыка: герб, сцяг, мова— другасная і дэкаратыўная».

«Па маім глыбокім перакананьні, Аб’яднаная грамадзянская партыя магла б стаць арганізацыяй, якая артыкулюе праблемы грамадзтва, задае нязручныя пытаньні ўладзе і прапануе рэальную кіраўніцкую альтэрнатыву. Аднак, на вялікі жаль, АГП самаўхіляецца ад гэтай ролі і паступова ператвараецца ў закрыты каляпалітычны дыскусыйны клюб. Замест таго каб дакладна разабрацца і абнародаваць для грамадскасьці схемы „расьпілоўваньня“ ўласнасьці, вываду актываў і іншыя праблемы, АГП абмяжоўваецца нейкімі дзяжурнымі заявамі і ўдзелам у незразумелых і загадзя правальных кампаніях, напрыклад, па актыўным байкоце выбараў».

«У такіх умовах я не магу ўдзельнічаць у чарговым палітычным шоу пад назвай „зьезд АГП“, на якім ня будзе прынята ніякіх сур’ёзных рашэньняў, нягледзячы на тое, што быў абраны яго дэлегатам», паведамляе БелаПАН.