(Падбярэскі: ) “Дзень добры! На апошняй цырымоніі “Рок-каранацыі” па выніках мінулага году была намінацыя, выкліканая да жыцьця павевамі часу. Называўся гэты адмысловы прыз “Лепшы музычны сайт году”, пераможцу ў ім вызначалі спэцыялісты беларускага Сеціва. І гэтым пераможцам зрабіўся Хведар Караленка, аўтар неафіцыйнага сайту ансамбля “Песьняры”, разьмешчанага па адрасе www.pesnyary.com.
Згадаўшы, што гэтая цырымонія была прысьвечаная памяці Ўладзімера Мулявіна, сёй-той адразу ж у разуменьні заківаў: маўляў, перамога Караленкі невыпадковая. Пакіньма гэтыя здагадкі на сумленьні іхных аўтараў. Тым больш, што ня ўсё ў гэтай гісторыі гэтак проста. Аднак пра тое — ніжэй.
Цяпер жа, як загадзя ўжо было анансавана, Хведар Караленка — госьць праграмы “Па-за тактам”. Шчыра вітаю цябе, Хведар, у студыі нашага радыё!
…Дык вось, пра нюансы. Колькі часу таму, калі мы пазнаёміліся, калі ты папрасіў мяне напісаць уступны артыкул для твайго праекту, я нават і ня думаў, што яшчэ раз сустрэнуся з тым, каб пагутарыць з табой, як з уладальнікам прэстыжнай, што тут і казаць, узнагароды. Вось і хачу спытацца: а з чаго ж у цябе ўсё пачалося, як узьнікла задума зрабіць гэты сайт?”
(Караленка: ) “Тут усё проста. Я заўсёды быў у вялікім захапленьні ад творчасьці “Песьняроў”, зьбіраў іхныя запісы, хадзіў у букіністычныя крамы, шукаў старыя вінілавыя дыскі, даваў сам абвесткі, што скупаю іхныя творы ў любым выглядзе. І стварыў уласную такую даволі вялікую фанатэку.
Потым, калі я далучыўся да сеціва Інтэрнет, заўважыў, што там няма абсалютна ніводнага сайта, прысьвечанага такому славутаму нашаму гурту, як “Песьняры”. Таму пачаў паступова зьбіраць матэрыял для сайту, сустракаўся зь некаторымі “Песьнярамі” — з Валерыем Дайнэкам, зь Місевічам, яны мне далі шмат інфармацыі, Валеры Дайнэка даў свае асабістыя фотаздымкі, якія зараз на сайце ў асноўным і прадстаўленыя.
І ўсю сваю музычную калекцыю я перавёў у лічбавы фармат і таксама разьмясьціў на сайце, за што ўжо атрымаў шмат падзякаў ад наведвальнікаў сайту”.
(Падбярэскі: ) “Твой сайт завецца неафіцыйным. Чаму так, і ці не спрабаваў ты зрабіць яго афіцыйным?”
(Караленка: ) “Вядома, спрабаваў. Я імкнуўся неаднаразова сустрэцца з Уладзімерам Георгіевічам, шмат разоў хадзіў у Філярмонію, але ніводнага разу ня здолеў яго застаць. Мае тэлефанаваньні таксама ні да чаго не прывялі. Такім чынам, вымушаны быў здаволіцца тым, што знайшоў. Мяне перадусім цікавіла іх старая творчасьць — 70-я гады, крыху 80-х, таму гэтыя апошнія формы творчасьці як “Песьняроў” мулявінскіх, так і “Беларускіх Песьняроў”, мяне цікавілі не нагэтулькі, каб сур’ёзна займацца стварэньнем афіцыйнага сайту. Я хацеў прысьвяціць сайт менавіта залатому пэрыяду творчасьці”.
(Падбярэскі: ) “Структура сайту, ягоныя напаўненьне, дызайн ты прыдумваў сам ці нехта табе дапамагаў?”
(Караленка: ) “Структуру я прыкладна ўяўляў сам, ад самага пачатку, потым, можа быць, многія і карэктавалі мае думкі, хто канкрэтна — ня памятаю, бо кансультаваўся з многімі. А што тычыцца дызайну, то яго зрабіла мая сяброўка Кацярына Цімашук, за што ёй вялікі дзякуй”.
(Падбярэскі: ) “На форуме твайго сайту пэўны час таму ўзьнікалі празьмерна вострыя нават не дыскусіі, я сказаў бы, — а звады. Ці прыемна было табе працаваць літаральна нажніцамі, здымаючы тыя ці іншыя выказваньні?”
(Караленка: ) “Гэта заўсёды непрыемна. Але значна больш непрыемна бачыць падчас неабгрунтавана гнеўныя паведамленьні, якія, можна сказаць, час ад часу нават абражаюць удзельнікаў, таму з-за гэтага яны проста перастануць туды хадзіць. У мадэратарстве форуму гэта — вымушаны захад, зь якім сутыкаюцца абсалютна ўсе вэб-майстры, якія трымаюць публічныя форумы. Гэта — жыцьцё!”
(Падбярэскі: ) “Прызнайся: ты сам чакаў таго, што праз пэўны час сайт зробіцца нечым накшталт архіву ансамбля і адначасова — міжнароднага клюбу аматараў ня проста “Песьняроў”, я сказаў бы, але й наогул якаснай музыкі?”
(Караленка: ) “Скажам так, я імкнуўся да гэтага. Такія думкі ў мяне былі заўсёды ад пачатку. Кшталту он-лайн энцыкляпэдыі творчасьці “Песьняроў”. Так што тое, што гэта збольшага адбылося, я, канечне, чакаў”.
(Падбярэскі: ) “А вось цяпер час на традыцыйнае для праграмы “Па-за тактам” нетактоўнае пытаньне… Першапачатковая вэрсія дызайну сайту была беларускамоўная, новы дызайн зроблены на расейскай мове. Чаму так?”
(Караленка: ) “На расейскай мове зроблены толькі форум, на якім вядуцца асноўныя дыскусіі наведвальнікаў. Тут ёсьць дзьве прычыны. Першая: новы праграмны рухавік форуму вельмі складаны, і каб разабрацца і стварыць некалькі ягоных вэрсіяў на розных мовах, давялося б сур’ёзна папрацаваць і выдаткаваць шмат часу. А мне хацелася хутчэй запусьціць новую вэрсію форуму, дзе тэмы разьбітыя па катэгорыях дыскусіяў і шмат яшчэ іншых такіх дадатковых карысных сэрвісаў. З другога боку, як паказала практыка дыскусіяў, з агульнай масы наведвальнікаў сайту мала хто разумее, на жаль, беларускую мову. Большая маса прыхільнікаў “Песьняроў” прыходзіць з Расеі…”
(Падбярэскі: ) “Я гэта таксама заўважыў. Гэта дзіўна, дарэчы. Так?..”
(Караленка: ) “Ну як дзіўна? “Песьняры” ж былі славутыя і папулярныя ва ўсім Савецкім Саюзе. Другое, што зь Беларусі значна менш, чым хацелася б, прыходзіла людзей, і я сутыкнуўся з тым, што мяне няспынна перапрашаюць: што, маўляў, значыць гэтая фраза, што значыць гэтае слова? Я быў вымушаны тады ўжо перакладаць на расейскую мову, каб народ проста зразумеў, пра што йдзе размова. Гэта — як бы форма ветлівасьці”.
(Падбярэскі: ) “Але ж я зьвярнуў увагу на тое, што колькасьць сяброў гэтага клюбу пастаянна расьце. Сёньня гэта — недзе з 50 чалавек…”
(Караленка: ) “Так! 50 чалавек — гэта ў новым форуме, які існуе ўсяго толькі як месяцы тры. Колькі іх было ад пачатку існаваньня — можна толькі здагадвацца. Да таго ж, ёсьць яшчэ шмат наведвальнікаў, якія незарэгістраваныя, якія наведваюць форум проста для таго, каб пачытаць інфармацыю. Такія назіральнікі пазаштатныя”.
(Падбярэскі: ) “Вядома, што “Песьняры” зараз перажываюць няпросты пэрыяд. А што будзе з сайтам, калі, ня дай Бог, ансамбль перастане існаваць?”
(Караленка: ) “Ён так і застанецца архівам. Гэта ўжо гісторыя, нікуды ад гэтага ўжо ня дзенесься. Сябры й прыхільнікі былі й застануцца, спадзяюся, дададуцца і новыя. Тыя ж “Бітлз” — колькі ўжо як не існуе ансамбля — маюць тысячы прысьвечаных ім сайтаў, і зьяўляюцца яшчэ нават новыя. Гэтае пытаньне хваляваць не павіннае”.
(Падбярэскі: ) “А цяпер дамо слова найбольш актыўным наведвальнікам сайту. Вось што кажа беларуска з Чыкага, якая прысутнічае ў Сеціве пад нікам Вавёрачка”.
(Вавёрачка: ) “Першы раз, калі я была на канцэрце “Песьняроў”, калі яшчэ Ўладзімер Георгіевіч быў жывы, пасьля гэтага я пачала шукаць у Інтэрнэце якія-небудзь сайты пра “Песьняроў”. Я магу сказаць, што гэта першы сайт, які я наведваю, калі ўваходжу ў Інтэрнет. На гэтым сайце вельмі прыемна знаходзіцца. Мне вельмі спадабалася тое, што на ім шмат песень. Форум — гэта найбольш наведваемая старонка гэтага сайту, там проста вельмі добрыя людзі, усе аб’яднаныя адной ідэяй”.
(Падбярэскі: ) “Яшчэ адзін сталы аўтар форуму — галоўны рэдактар расейскага часопіса “Звукорежиссёр” Анатоль Вайцэнфэльд”.
(Вайцэнфэльд: ) “Гэты сайт быў створаны яшчэ да вядомай аварыі, у такой звычайнай абстаноўцы, і быў адлюстраваньнем патрэбаў прыхільнікаў ансамбля, якіх аказалася нямала. Структура ягоная такая, што людзі могуць знайсьці на сайце практычна ўсё: песьні, фотаздымкі, артыкулы, тут і гісторыя, і пэрсанальныя старонкі, і форум, і гасьцявая кніга. Сабраная ўнікальная калекцыя песень, і, натуральна, ён адрозьніваецца ад сайтаў, прысьвечаных сучасным групам: ён такі крыху настальгічны, гэта ягоная спэцыфіка…”
(Падбярэскі: ) “Я назіраў, як ты выходзіў на сцэну канцэртнай залі “Менск” за атрыманьнем гэтага прыза. Мяркуючы па тваёй рэакцыі падчас цырымоніі, узнагарода была для цябе поўнай нечаканасьцю. Гэта сапраўды так?”
(Караленка: ) “Вядома! Я нават ня ведаў, што такая намінацыя ўведзеная. Таму, канечне ж, я хваляваўся. Нават да апошняга ня быў упэўнены, што абяруць менавіта сайт “Песьняроў”. Са мной зьвязаліся з аргкамітэту, што сайт вылучылі на намінацыю, што трэба зьявіцца на цырымонію, бо існуе такая верагоднасьць, што яго і абяруць”.
(Падбярэскі: ) “Я нагадаю, што госьцем праграмы “Па-за тактам” быў Хведар Караленка, уладальнік адмысловага прызу “Лепшы музычны сайт году” па выніках “Рок-каранацыі 2002”. І на разьвітаньне я настойліва запрашаю вас наведаць гэты сайт на адрасе www.pesnyary.com. Да сустрэчы ў эфіры і ў Сеціве!”