А заўтра там жа адбудзецца паседжаньне беларуска-ўкраінскай камісіі па гандлёва-эканамічнай працы. Беларускую дэлегацыю ачоліць віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, украінскую — віцэ-прэм’ер Генадзь Зубко.
Пра гэта паведаміў сёньня на брыфінгу ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі прэсавы сакратар міністэрства Дзьмітры Мірончык. Ён сказаў:
«Апошняе такое паседжаньне адбылося больш як два гады таму. Таму мы лічым аднаўленьне яго значнай падзеяй.
Украіна была і ёсьць адным з асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі. Звычайна таваразварот паміж нашымі краінамі складае 6 мільярдаў даляраў, а ў 2012 годзе ён дасягнуў ажно 8 мільярдаў.
Аднак апошнім часам становішча пагоршылася. Напрыклад, за першыя пяць месяцаў гэтага году беларускі экспарт ва Ўкраіну, калі глядзець па цэнах, скараціўся аж на 40%.
Таму трэба тэрмінова ўзнаўляць працу і выходзіць на былыя рубяжы.
Беларускі бок лічыць, што гандлю не спрыяюць, акрамя аб’ектыўных складанасьцяў, зьвязаных з падзеямі ва Ўкраіне, і штучныя перашкоды: напрыклад, імпартны збор, уведзены Ўкраінай. Мы суседзі, і нам лёс наканаваў працаваць разам. І беларускі бок выказвае зацікаўленасьць у такой працы».