Як расказалі сьведкі здарэньня, невядомыя людзі ў чорным схапілі актывіста, зьбілі, запхнулі ў аўтамабіль і вывезьлі ў невядомым кірунку.
У той жа дзень суд Цэнтральнага раёну разгледзеў адміністрацыйную справу паводле ч. 3 артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу і пакараў Вячаслава Сіўчыка арыштам на тэрмін 15 сутак за ўдзел у мітынгу ў Курапатах.
Пасьля выхаду з турмы апазыцыйны палітык выказаў удзячнасьць усім, хто не пабаяўся міліцэйскага гвалту і выйшаў 25 сакавіка адсьвяткаваць Дзень Волі:
«Удзячны кожнаму, хто ў Дзень Волі быў на вулічнай акцыі ў Менску. Удзячны кожнаму, хто ў іншых гарадах Беларусі выйшаў сьвяткаваць Дзень Беларускай Народнай Рэспублікі. Вялікая падзяка ўсім, хто ўдзельнічаў у вулічных акцыях 25 сакавіка ў іншых краінах сьвету. Асаблівая пашана тым людзям, якія незаконна былі кінуты за краты і 25 сакавіка сустрэлі ў зьняволеньні».
Асобна Вячаслаў Сіўчык падзякаваў неабыякавым беларусам, якія падтрымлівалі яго ў зьняволеньні:
«Вялікая падзяка ўсім, хто хваляваўся за мяне падчас майго апошняга арышту. Я адчуваў вашую падтрымку. Я на волі! Салідарнасьць беларусаў і ўсіх нашых прыяцеляў ва ўсім сьвеце вельмі яскрава праявілася ў гэтую вясну. Гэта дае шанец беларускай нацыі перамагчы. Будзьма разам! Жыве Беларусь!».