Нідэрлянды паабяцалі падтрымку праваабаронцам і незалежнымі СМІ Беларусі

Міністар замежных спраў Нідэрляндаў Каспар Вэлдкамп. Архіўнае фота

Міністар замежных спраў Нідэрляндаў Каспар Вэлдкамп пасьля сустрэчы зь Сьвятланай Ціханоўскай заклікаў улады Беларусі вызваліць усіх палітвязьняў.

«Вельмі важна, каб прайшлі свабодныя, справядлівыя і дэмакратычныя выбары. Нідэрлянды таксама заклікаюць да тэрміновага вызваленьня больш як 1300 палітычных зьняволеных рэжымам. Праваабаронцы і свабодныя СМІ могуць разьлічваць на нашу падтрымку», — напісаў Каспар Вэлдкамп на сваёй старонцы на плятформе X.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прадоўжылі фінансаваньне 21 дзяржаўнага СМІ, незалежная прэса застаецца пад ціскам

Нідэрлянды дапамагаюць беларускай грамадзянскай супольнасьці праз праграмы MATRA і Human Rights Fund.

Пасьля выбараў у 2020 годзе і жорсткіх рэпрэсій у адказ на масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў сотні тысяч беларусаў, у тым ліку праваабаронцы і журналісты незалежных выданьняў, вымушаныя былі ўцякаць ад палітычна матываванага крымінальнага перасьледу. Цяпер на тэрыторыі Беларусі не засталося ніводнага незалежнага выданьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь пасьля 26 студзеня». І вынікі выбараў, і іх наступствы перадвызначаныя,— Вадзім Мажэйка