Эўразьвяз разглядае санкцыі супраць расейскага звадкаванага газу і алюмінію

Танкер з расейскім звадкаваным прыродным газам

Эўразьвяз мае намер увесьці абмежаваньні на імпарт звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) і алюмінію з Расеі ў рамках чарговага пакета санкцый, паведамляе Bloomberg са спасылкай на эўрапейскіх чыноўнікаў.

Адмова ад расейскага ЗПГ можа быць ажыцьцёўленая як праз санкцыі, так і ў рамках «дарожнай мапы» ў паступовым абмежаваньні яго закупак. У дачыненьні да трубаправоднага газу з Расеі санкцыі немэтазгодныя, бо некалькі эўрапейскіх краін усё яшчэ ад яго залежаць, а для ўвядзеньня захадаў патрэбна аднагалоснае ўхваленьне сяброў блёку.

Забарона ж на расейскі ЗПГ, леташні імпарт якога ў Эўропу дасягнуў рэкорднага ўзроўню, больш рэальная, паколькі тры краіны, якія пастаўляюць найбольшую долю гэтага паліва — Гішпанія, Бэльгія і Францыя — ня будуць блякаваць рашэньне, чакаюць суразмоўцы агенцтва.

Таксама ў Эўразьвязе разглядаюць магчымасьць увядзеньня санкцый супраць расейскага алюмінію. Паведамляецца, што абмежаваньні на яго імпарт будуць паступовымі, а тэрміны і маштабы яшчэ ня вызначаныя. Аб дыскусіях наконт гэтага пытаньня раней пісала і агенцтва Reuters.

Акрамя ЗПГ і алюмінію, эўрапейскі пакет санкцый, які стане ўжо 16-м з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і будзе прадстаўлены ў лютым, закране яшчэ дзясяткі суднаў ценявога флёту Расеі, якія перавозяць яе нафту, і транспартнага сэктару.

Акрамя таго, яшчэ больш расейскіх банкаў адключаць ад сыстэмы пераводаў SWIFT, а кампаніям з Кітая і ААЭ пагражаюць другасныя санкцыі за пастаўкі вайсковых тэхналёгій Расеі. Паралельна з пакетам Эўразьвяз плянуе павысіць тарыфы на ўгнаеньні і аграрныя тавары з Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьць краінаў ЭЗ заклікалі зьнізіць столь цэнаў на расейскую нафту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго Эўразьвязу чакаць у 2025 годзе. Аналіз Свабоды