Ужо сёньня: ад БССР на карысьць Савецкай Расеі адрэзалі 3 рэгіёны

Падзеі 16 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

16 студзеня 1919 году, праз два тыдні пасьля абвяшчэньня БССР, тэрыторыю савецкай Беларусі зьменшылі на карысьць Расейскай Фэдэрацыі. Да РСФСР адышлі Віцебская, Магілёўская і Смаленская губэрні. Больш падрабязна чытайце пра гэта ў нашым праекце «Як малявалі межы Беларусі».

Таксама ў гэты дзень

1593 — кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза склікаў паспалітае рушэньне, каб здушыць казацкае паўстаньне.

1916 — фэльдмаршал Гіндэнбург выдаў загад, які надаваў беларускай мове роўныя правы зь іншымі мовамі, пашыранымі на тэрыторыях, акупаваных войскамі Нямеччыны.

1921 — падпісаная дамова паміж БССР і РСФСР. Наркаматы вайсковых справаў, замежнага гандлю, фінансаў, працы, пошты і тэлеграфу аб'ядноўваліся і ўваходзілі ў склад СНК РСФСР. Дамова фактычна пазбаўляла БССР сувэрэнітэту.

1966 — у Таронта ўтварыўся Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады.

1969 — чэскі студэнт Ян Палах спаліў сябе на Вацлаўскай плошчы ў Празе, пратэстуючы супраць уварваньня войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну.

Ян Палах

1998 — замест забароненай газэты «Свабода» рэдакцыя пачала выдаваць газэту «Навіны».

2023 — у Горадзенскім абласным судзе пачаўся працэс над журналістам, адным зь лідэраў польскай грамады Беларусі Анджэем Пачобутам. 8 лютага 2023 году яго асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Анджэй Пачобут

У гэты дзень нарадзіліся

1708 Юзаф Станіслаў Сапега, вялікалітоўскі дзяржаўны і рэлігійны дзяяч, мэцэнат.

1791 Генрык Дэмбінскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1830–1831 гадоў. У 1831-м кіраваў няўдалай спробай адбіць у расейцаў Вільню, скончыў жыцьцё ў эміграцыі.

1826 Рамуальд Траўгут, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў. Быў схоплены і павешаны. У мястэчку Сьвіслач на Горадзеншчыне яму пастаўлены помнік.

Рамуальд Траўгут

1829 Уладзімер Спасовіч, юрыст, тэарэтык права.

1893 Іван Берман, праваслаўны сьвятар, этнограф, краязнавец, зьбіральнік беларускага фальклёру. Пахаваны на Эўфрасінеўскіх могілках у Вільні.

1905 Алесь Пальчэўскі, беларускі пісьменьнік. За сталінскім часам быў двойчы рэпрэсаваны.

1919Уладзімер Алоўнікаў, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі. Сярод створаных ім папулярных песьняў — «Радзіма мая дарагая».

1940 Іван Лагвіновіч, паэт.

1947 Леанід Захлеўны, кампазытар.

У памяці

1893 Іван Берман, праваслаўны сьвятар, этнограф, краязнавец, зьбіральнік беларускага фальклёру.

2012 Уладзімер Жбанаў, скульптар, аўтар вулічных скульптураў.