Узламалі сайт кампаніі Валера Сахашчыка

Валеры Сахашчык, архіўнае фота

Сайт польскай кампаніі Валера Сахашчыка sahaty.pl перастаў адкрывацца, заўважыла «Наша ніва». Замест галоўнай старонкі там цяпер аб’ява пра ўзлом сайта і пра тое, што калі не зьвязацца з узломшчыкам цягам 72 гадзінаў, будзе цалкам выкладзены архіў унутранай сеткі.

Выглядае, што ўзламаны ня толькі сайт, але і ўся офісная сетка кампаніі. Тэхнічна такое звычайна робіцца або шляхам фішынгавых рассылак, або праз подкуп супрацоўнікаў фірмы.

Таксама на старонцы апублікаваная спасылка на архіў, у якім зьмяшчаюцца некаторыя працоўныя дакумэнты кампаніі і асабістыя зьвесткі яе супрацоўнікаў.

Як піша «Наша ніва», адразу пасьля ўзлому сайта пустыя тэлеграм-акаўнты пачалі пісаць у рэдакцыю пра сытуацыю і прапаноўваць асьвятліць тэму.

Сахашчык пацьвердзіў інфармацыю выданьню і сказаў, што ўзлом паралізаваў дзейнасьць кампаніі.

«Гэта адбылося ў пэрыяд, калі мы закрываем год і вельмі шмат працы з дакумэнтамі, трэба выконваць абавязаньні перад падатковымі органамі Польшчы, — сьцьвярджае экс-прадстаўнік АПК. — Пакуль не магу ацаніць маштаб стратаў. Мне трэба думаць, як аднавіць працаздольнасьць фірмы. Вялікіх непрыемнасьцяў ня будзе, але ў нас не працуюць ні бухгальтарскія праграмы, ні базы дадзеных».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вадзім Кабанчук пра ўзлом свайго Telegram: «Я нічога крытычнага там не трымаў»

Пры гэтым Сахашчык гаворыць, што вядзе легальны бізнэс, таму ніякіх таямніц у гэтым пляне праломнікі не пакажуць, калі апублікуюць здабытыя зьвесткі.

«Я вяду цалкам легальны бізнэс, працую ў прававым полі, таму не перажываю, што будуць апублікаваныя нейкія дакумэнты. У іх няма нічога, за што мне трэба баяцца».

31 ліпеня 2024 году Валер Сахашчык заявіў, што пакідае Аб’яднаны пераходны кабінэт, дзе ён займаў пасаду прадстаўніка ў абароне і нацыянальнай бясьпецы. Гаворачы пра сваю адстаўку, Валер Сахашчык заявіў, што Офіс Ціханоўскай не разумеў «спэцыфікі ягонай працы». У АПК Сахашчык адпрацаваў два гады. Ён сфармаваў беларускую асобную дэсантна-штурмавую роту ў складзе УСУ для выкананьня баявых задач для абароны тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Замест працягу палітычнай дзейнасьці Сахашчык засяродзіўся на вядзеньні бізнэсу. Як высьветліла тады выданьне Plan В., Сахашчык валодае трэцяй доляй і зьяўляецца старшынёй праўленьня сямейнай групы кампаній SK — Bud & Sahaty — найбуйнейшага будаўнічага бізнэсу сярод больш як 400 аналягічных кампаній беларусаў у Польшчы і прыкладна 500 ва ўсім Эўразьвязе. Па выніках 2023 году галаўная структура сямейнага бізнэсу Сахашчыкаў — кампанія Sahaty — зарабіла амаль 15 млн эўра выручкі і 150 тыс. эўра чыстага прыбытку. Гэтыя аб’ёмы сям’я Сахашчыка зарабіла больш як на 50 будоўлях, у асноўным на субпадрадзе (пераважна ў Польшчы, а таксама ў Нямеччыне і ў Бэльгіі).

У 2024 годзе Сахашчык зарэгістраваў новую будаўнічую кампанію Chicago Urban Development і пачаў пашыраць партфэль заказаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сахашчык заявіў пра выхад з Аб'яднанага пераходнага кабінэта