З заявай пра Анджэя Пачобута Аляксандар Лукашэнка выступіў падчас наведваньня Менскага гарадзкога тэхнапарку.
«Што датычыцца Пачобута, тут нават няма пра што размаўляць. Яны [Польшча] адмовіліся ад Пачобута. Польскі бок адмовіўся нават весьці размовы пра Пачобута. Наколькі мне паведамляюць, сам Пачобут таксама не жадае туды ехаць», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 году, 8 лютага 2023-га яму прысудзілі 8 гадоў пазбаўленьня волі. Тэрмін ён адбывае ў наваполацкай калёніі № 1, дзе на яго ўвесь час аказваецца ціск. Інфармацыі пра яго вельмі мала, але было вядома, што апошнім часам ён утрымліваўся ў ПКТ.
Прэс-сакратар польскага МЗС, камэнтуючы «Люстэрку» словы Лукашэнкі, заявіў, што Польшча ніколі не адмаўлялася ад перамоваў зь беларускім бокам аб вызваленьні Андрэя Пачобута:
«Калі дыктатар Беларусі Лукашэнка кажа, што ня ведае, што рабіць з Пачобутам, то я скажу яму, што трэба зрабіць. Перш за ўсё ён павінен вызваліць яго з турмы. Анджэй Пачобут — горды грамадзянін Беларусі, які таксама ганарыцца сваім польскім паходжаньнем. Але ён мусіць быць свабодным чалавекам у свабоднай краіне і жыць там, дзе ён хоча», — сказаў Павал Уронскі.
13 студзеня 2025 году міністар унутраных спраў Польшчы Томаш Семоняк нагадаў, што вызваленьне Анджэя Пачобута застаецца ўмовай аднаўленьня працы пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча не разглядае адкрыцьцё пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю,— кіраўнік МУСУ жніўні 2024 году кіраўніца Саюзу палякаў Анжаліка Борыс, якая сустракалася з Пачобутам вясной таго ж году, у інтэрвію польскай газэце Rzeczpospolita зьняпраўдзіла сьцьвярджэньні аб тым, што палітвязень нібыта ня хоча пакідаць Беларусь.
«Гэта няпраўда. Я размаўляла з Анджэем дзьве з паловай гадзіны. Наша размова тычылася становішча Саюзу палякаў. І я, і Анджэй хочам, каб польскасьць тут захавалася, каб мы маглі выкладаць польскую мову. Я прасіла яго разгледзець магчымасьць выезду з краіны, калі будзе такая магчымасьць. Ён мне адказаў: калі ты лічыш, што гэта правільна, я гэта зраблю. Па маёй просьбе ён пагадзіўся пакінуць краіну. Жыцьцё майго калегі для мяне важнейшае за ўсё», — расказала тады Анжаліка Борыс.
Экс-міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі 2 жніўня 2024 году, абмяркоўваючы абмен зьняволенымі паміж краінамі Захаду, Расеяй і Беларусьсю, заявіў, што галоўнай умовай Менску на перамовах пра вызваленьне палітвязьня Анджэя Пачобута была выдача экс-чыноўніка, а цяпер аднаго зь лідэраў дэмакратычных сілаў Паўла Латушкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не нязломнасьць, гэта адэкватнасьць». Сябры Анджэя Пачобута пра тое, чаму ён не здаеццаХто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.