Новым прэм’ер-міністрам стаў Росэн Жалязкаў, высокапастаўлены чыноўнік партыі ГЕРБ, які раней займаў высокія пасады міністра і старшыні парлямэнту. Ягоны ўрад абраны 125 галасамі з 240 месцаў у парлямэнце.
Кааліцыя складаецца з правацэнтрысцкай партыі ГЕРБ, былой камуністычнай Баўгарскай сацыялістычнай партыі, папулісцкай партыі «Ёсьць такі народ», заснаванай тэлевядоўцам, і адной з фракцый Руху за правы і свабоды, які прадстаўляе мусульман у Баўгарыі.
Кааліцыя разглядаецца як вяртаньне статус-кво. Ніякіх рэзкіх антыкарупцыйных намаганьняў не чакаецца. У кааліцыі дамінуюць празаходнія партыі, але і ім давядзецца балянсаваць з прарасейскім партнэрам, піша баўгарская служба Свабоды.
ГЕРБ узначальвае Бойка Барысаў, які дамінуе ў баўгарскай палітыцы з 2009 году. Партыя перажыла масавыя антыкарупцыйныя пратэсты 2020 году, яе лідэр Барысаў больш не прэм’ер-міністар. БСП — партыя адкрыта прарасейская. Партыя «Ёсьць такі народ» зрабіла поўны разварот — пачыналася яна як рух супраць ГЕРБ і хабарніцтва, цяпер будзе кіраваць разам зь ёю. Рух за правы і свабоды ня першы год абвінавачваюць у карупцыі.
Рэфармісцкая празаходняя кааліцыя «Працяг пераменаў/Дэмакратычная Баўгарыя» застаецца ў апазыцыі. Яна настойвала на выразнай барацьбе з хабарніцтвам, на ізаляцыі палітыка і алігарха Пееўскага, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, і на працягу ваеннай падтрымкі Ўкраіны. Яны не галасавалі за Жалязкава на зацьвярджэньне прэм’ер-міністрам, бо той блізкі да Барысава. Такім чынам, яны засталіся ў апазыцыі, і вышэйзгаданыя абавязаньні таксама засталіся па-за межамі кааліцыйнай дамовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баўгарыя і Румынія сталі паўнапраўнымі чальцамі Шэнгенскай зоны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міграцыйная служба нічога ня ведае і ня хоча ведаць пра нашу краіну». Беларусы — пра адмовы ў прытулку ў Швэцыі і Баўгарыі