У офісе прэзыдэнта Літвы ня бачаць праблем ад выкарыстаньня на «пашпарце Новай Беларусі» гербу Пагоня

Вокладка «пашпарта Новай Беларусі», архіўнае фота

Цяпер у Літве шэраг грамадзкіх актывістаў прасоўваюць ідэю, што беларусы ня маюць права выкарыстоўваць сымбаль Пагоня, бо ён ёсьць часткаю толькі літоўскай гісторыі.

Аста Скайсгірыце, дарадца прэзыдэнта Літвы, ня бачыць праблемы з выкарыстаньнем на «пашпартах Новай Беларусі» сымбалю Пагоня.

«Доўгі час сымбалем Вялікага Княства Літоўскага, якое ахоплівала і цяперашнюю тэрыторыю Беларусі, быў „Віціс“ [Пагоня. — РС]. Нельга асуджаць беларусаў за тое, што яны карыстаюцца гэтым гістарычным сымбалем, бо ніякага іншага яны, шчыра кажучы, ня маюць. Усе іншыя іхныя сымбалі савецкія», — заявіла Аста Скайсгірыце BNS 16 студзеня.

Прадстаўнік фракцыі кансэрватараў у Сейме Літвы Аўдронюс Ажубаліс заявіў, што на выкарыстаньне герба Пагоня павінна адрэагаваць Міністэрства замежных спраў краіны.

«Перш за ўсё, ёсьць Міністэрства замежных спраў, якое адказвае за консульскія пытаньні, і мы павінны паглядзець на гэта — калі гэта простая папера, якая нічога ня будзе значыць у Літве, то мы можам прыняць гэта вельмі проста, проста ігнаруйце гэта. Але калі нехта спрабуе надаць гэтаму нейкае юрыдычнае афармленьне, то ўзьнікае пытаньне, наколькі гэта адпавядае заканадаўству нашай дзяржавы», — сказаў Ажубаліс.

Літоўскі дзяржаўны герб Пагоня

Літоўскія СМІ пачалі ставіць гэтыя пытаньні наконт нібыта «незаконнасьці выкарыстаньня» сымбалю Пагоня пасьля публікацыі 14 студзеня вокладкі «пашпарта Новай Беларусі».

З нагоды выпуску макету пашпарта некалькі дэпутатаў-кансэрватараў, у тым ліку колішні міністар абароны Лаўрынас Кашчунас, зьвярнуліся да міністра замежных спраў Літвы Кястуціса Будрыса з просьбай забясьпечыць, каб у беларускіх дакумэнтах «не выкарыстоўваліся дзяржаўныя сымбалі Літоўскай Рэспублікі».

Беларускі герб Пагоня

У Літве дзяржаўны герб — Пагоня (Vytis па-літоўску. — РС). У Беларусі сымбаль Пагоня быў дзяржаўным гербам зь верасьня 1991 году да 1995-га, калі Аляксандар Лукашэнка правёў нелегітымны рэфэрэндум, па выніках якога гэты герб замянілі на мадыфікаваны савецкі.

Сымбаль Пагоня паходзіць з часоў Вялікага Княства Літоўскага, агульнай часткі гісторыі Літвы і Беларусі. У той жа час выявы беларускай і літоўскай Пагоні адрозьніваюцца паміж сабой.

Цяпер у Літве шэраг грамадзкіх актывістаў прасоўваюць ідэю, што беларусы ня маюць права выкарыстоўваць сымбаль Пагоня, бо ён частка толькі літоўскай гісторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нязручныя для Лукашэнкі сымбалі. За зьнявагу «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга давядзецца адказваць

У Беларусі цяпер выкарыстаньне сымбалю Пагоня і бел-чырвона-белага сьцяга фактычна забаронена.

Што кажуць у Офісе Ціханоўскай

Афіцыйная пазыцыя Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, якую агучыў яе дарадца Францішак Вячорка:

«Герб Пагоня ў такім выглядзе — гэта афіцыйны дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь у 1991–1995 гадах, заменены Лукашэнкам на варыянт савецкага герба. Пагоня — таксама герб Беларускай Народнай Рэспублікі, прыняты ў 1918 годзе. Дзяржаўны герб Літвы і дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, прыняты ў 1991 годзе, адрозьніваюцца важнымі геральдычнымі дэталямі. Герб Пагоня прысутнічае на гербах беларускіх гарадоў. Лукашэнкаўскі рэжым перасьледуе за выкарыстаньне Пагоні. Так, у 2023 годзе больш за 50 чалавек былі за гэта пакараныя. Гэта сымбаль супраціву „русскому миру“ і дыктатуры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі прымусілі дваіх беларусаў выправіць татуіроўкі з апазыцыйнай сымболікай