У Грузіі за паўтара года сем беларускіх грамадзян скончылі жыцьцё самагубствам

Ілюстрацыйнае фота

Сем грамадзян Беларусі — пяць мужчын і дзьве жанчыны — забралі сабе жыцьцё з студзеня 2023 году да чэрвеня 2024 году ў Грузіі, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак мясцовага МУС.

У 2023 годзе з дапамогай суіцыду пайшлі з жыцьця чатыры беларусы: мужчыны 27 і 31 гадоў (абодва — у прычарнаморскім рэгіёне Аджарыя), жанчыны 27 і 80 гадоў (у Тбілісі і рэгіёне Самэгрэла – Верхняя Сванэтыя адпаведна). Акрамя таго, у Аджарыі паспрабавала ўчыніць суіцыд 25-гадовая грамадзянка Беларусі.

У першай палове 2024 году ў Аджарыі суіцыд зьдзейсьнілі 32-гадовы і два 23-гадовыя мужчыны.

На сайце МУС Грузіі ёсьць статыстыка самагубстваў за апошнія сем з паловай гадоў. У 2017 і 2018 гадах грамадзянства самагубцаў не падавалі, у 2019–2022 гадах беларусаў сярод іх не было (у статыстыцы за 2021 год грамадзянства трох чалавек не пазначанае).

«Гэта нямала», — коратка пракамэнтаваў «Позірку» статыстыку самагубстваў беларускі праваабаронца Раман Кісьляк, які жыве ў Грузіі. Паводле яго, ніякіх зьвестак пра суайчыньнікаў, якія добраахвотна пайшлі з жыцьця, ён ня мае, іхныя сваякі да яго не зьвярталіся.

«Да 2021 году тут было няшмат беларусаў. Масавы пераезд пачаўся ў красавіку 2021 году, калі людзі ратаваліся ад перасьледу на радзіме», — адзначыў Кісьляк.

Паводле інфармацыі мясцовых уладаў, цяпер у Грузіі знаходзіцца каля 12 тысяч беларускіх грамадзян. За апошнія два гады іх паменела на 3 тысячы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адмова як дыскрымінацыя. З чым сутыкаюцца беларусы Грузіі
  • Апошнім часам беларусам масава адмаўляюць у прытулку ў Грузіі. У асноўным гэта людзі, у якіх скончыўся тэрмін дзеяньня беларускага пашпарта і яны ня могуць вярнуцца ў Беларусь, каб атрымаць новыя дакумэнты.
  • У Дэпартамэнт міграцыі МУС Грузіі з 2020 да канца 2024 году па міжнародную абарону і палітычны прытулак паступілі звароты ад 74 грамадзян Беларусі, адмовы атрымалі 36 чалавек. Улады Грузіі не выдаюць неграмадзянам «пашпарты іншаземца» ці іншыя дакумэнты, як гэта практыкуюць многія краіны Эўразьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі першая беларуская сям’я вычарпала судовыя варыянты абскарджваньня адмовы ў прытулку