Трамп абвясьціў аб запуску ўласнай крыптавалюты $TRUMP

Дональд Трамп

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў у сацыяльных сетках аб запуску ўласнай крыптавалюты пад назвай $TRUMP. У першы дзень карыстальнікам стане даступна 200 мільёнаў манэт, а на працягу трох гадоў агульная прапанова вырасьце да аднаго мільярда.

У першыя гадзіны пасьля старту капіталізацыя мэмкоіна $TRUMP дасягнула трох мільярдаў даляраў, а праз паўтары гадзіны перавысіла чатыры мільярды.

Сайт праекта выкананы ў стылі Трампа, і зьмяшчае яго фразу «Змагайся, змагайся, змагайся», сказаную пасьля замаху летам 2024 года.

Трамп, які раней называў крыптавалюты махлярствам, памяняў сваё меркаваньне падчас перадвыбарнай кампаніі. Ён паабяцаў зрабіць ЗША «сусьветнай сталіцай крыптавалюты» і назапасіць нацыянальны рэзэрв біткоінаў.

У пачатку сьнежня мінулага года Трамп абвясьціў аб вылучэньні крыпталабіста Пола Аткінса на пасаду кіраўніка Камісіі па каштоўных паперах і біржах, якая лічыцца адным з самых уплывовых супернікаў крыптавалют у сусьветным фінансавым сьвеце. Пасьля гэтага кошт біткоіна ўпершыню перавысіў сто тысяч даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блінкен: выбары ў Беларусі ня могуць выклікаць даверу ў цяперашніх рэпрэсіўных умовах