Суд зацьвердзіў арышт прэзыдэнта Паўднёвай Карэі. Прыхільнікі палітыка пачалі пратэсты

Прыхільнікі Юн Сук Ёля каля будынку суду

Сотні прыхільнікаў арыштаванага прэзыдэнта Паўднёвай Карэі Юн Сук Ёля ўварваліся ў будынак суду рана ў нядзелю пасьля таго, як яго арышт падоўжылі. Людзі разьбілі вокны ў будынку і трапілі ўнутр. Выканаўца абавязкаў лідэра краіны назваў пратэст «неймаверным».

Юн Сук Ёль 15 студзеня стаў першым дзейным прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі, які быў арыштаваны. Адбылося гэта ў сувязі з абвінавачаньнямі ў мяцяжы. Абвінавачваньне выставілі паставілі пасьля таго, як палітык абвясьціў ваеннае становішча 3 сьнежня. Рашэньне пагрузіла краіну ў палітычнае бязладзьдзе.

Пратэстоўцы ўступілі ў бойкі са спэцаддзеламі паліцыі, што спрабавалі стрымаць іх, піша CNN.

Пратэстоўцы вырвалі вогнетушыльнікі ў паліцыянтаў, якія ахоўвалі парадны ўваход, а потым затапілі памяшканьне, зьнішчыўшы абсталяваньне, арматуру і мэблю, паказваюць кадры зь месца падзей.

Паліцыя аднавіла парадак празь некалькі гадзін, заявіўшы, што арыштавала 46 пратэстоўцаў і паабяцала высачыць іншых удзельнікаў.

«Урад выказвае вялікае шкадаваньне ў сувязі зь незаконным гвалтам… што немагчыма ўявіць у дэмакратычным грамадзтве», — заявіў у заяве выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Чой Санг Мок, дадаўшы, што ўлады ўзмоцняць захады бясьпекі вакол сходаў.

Дзевяць паліцыянтаў атрымалі раненьні ў хаосе, паведамляе агенцтва Yonhap. Паліцыя пакуль не камэнтавала, што з пацярпелымі афіцэрамі. Таксама ў Сэуле заявілі, што ў сутычках пацярпелі каля 40 чалавек.

Некалькі ўдзельнікаў трансьлявалі ўварваньне на YouTube, паказваючы, як пратэстоўцы руйнуюць суд і скандуюць імя Юна. Некаторыя стрымэры былі схопленыя паліцыяй падчас паказу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Паўднёвай Карэі затрымалі прэзыдэнта Юн Сок Ёля, якому раней аб’явілі імпічмэнт

Паколькі Юн адмовіўся быць дапытаным, сьледчыя ў пятніцу папрасілі суд падоўжыць яго арышт. Пасьля пяцігадзіннага слуханьня ў суботу, на якім прысутнічаў Юн, судзьдзя выдаў новы ордэр на падаўжэньне тэрміну затрыманьня Юна да 20 дзён з-за «асьцярогі, што падазраваны можа зьнішчыць доказы».

Законы Паўднёвай Карэі патрабуюць, каб падазраваны, затрыманы на падставе ордэру, прайшоў мэдыцынскі агляд, быў сфатаграфаваны і быў апрануты ў турэмную форму.

Палітыка ўтрымліваюць у адзіночнай камэры Сэульскага цэнтру зьняволеньня.

Тэарэтычна Юн Сук Ёлю за мяцеж на дзяржаўнай пасадзе можа пагражаць нават сьмяротнае пакараньне. Але на справе ў Паўднёвай Карэі ўжо нікога не каралі сьмерцю 30 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Паўднёвай Карэі выдаў ордэр на затрыманьне дзейнага прэзыдэнта краіны