Прэзыдэнт Літвы пракамэнтаваў сымболіку «пашпарта новай Беларусі»

Пашпарт Новай Беларусі

Некаторыя літоўскія кансэрватары раней раскрытыкавалі выкарыстаньне гербу «Пагоня», лічачы гэта замахам на нацыянальныя сымбалі сваёй дзяржавы.

Нягледзячы на відавочную розьніцу ў выявах беларускай Пагоні і літоўскага Віціса, шэраг літоўскіх кансэрватыўных дзеячаў раскрытыкавалі беларускі герб у «пашпарце новай Беларусі».

Пытаньне пракамэнтаваў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. Ён адзначыў, што Віціс, на ягоную думку, — літоўскі сымбаль, але яго «могуць выкарыстоўваць» народы, «якія вызнаюць свабоду і не падзяляюць погляды Пуціна», перадае ягоныя словы літоўскае агенцтва BNS.

«Калі мы гаворым пра сапраўднае адзінства нашых народаў — я маю на ўвазе тых народаў, якія вызнаюць свабоду і не падзяляюць поглядаў Пуціна, — я думаю, што мы сапраўды можам дазволіць ім выкарыстоўваць той сымбаль, які ўвасабляе для мяне Літву», — сказаў Наўседа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У офісе прэзыдэнта Літвы ня бачаць праблем ад выкарыстаньня на «пашпарце Новай Беларусі» гербу Пагоня

У выкарыстаньні Пагоні ў дызайне «пашпартоў Новай Беларусі» ён ня бачыць праблемы. Але дадаў, што трэба абмеркаваць юрыдычныя і дыпляматычныя дэталі праекту. Такім чынам, Наўседа пацьвердзіў словы, якія раней прагучалі зь ягонай канцылярыі.

Перад гэтым дэпутаты Сейму ад партыі «Саюз Айчыны — хрысьціянскія дэмакраты Літвы» абурыліся выкарыстаньнем Пагоні ў «пашпартах новай Беларусі».

У Міністэрстве замежных спраў Літвы на іх заяву адказалі, што літоўскі дзяржаўны герб у дызайне тых пашпартоў не выкарыстоўваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, як хутка пачнецца прыём заявак на «пашпарт Новай Беларусі»