Урад Латвіі ініцыяваў забарону грамадзянам Беларусі працаваць на аб’ектах крытычнай інфраструктуры

Рыга. Ілюстрацыйнае фота

Пасьля зацьвярджэньня гэтага праекту закону ўрадам яго перададуць на разгляд у парлямэнт Латвіі.

У Міністэрстве ўнутраных спраў Латвіі падрыхтавалі зьмены ў закон аб нацыянальнай бясьпецы, якія прадугледжваюць забарону грамадзянам Беларусі і Расеі працаваць на кіроўных пасадах у крытычнай інфраструктуры, значнай як для краіны, так і ў эўрапейскім маштабе.

Як паведаміла выданьне rus.delfi.lv з спасылкай на LETA, прапанаваныя зьмены таксама прадугледжваюць забарону фізычным і юрыдычным асобам Расеі і Беларусі быць уласьнікамі, кіраўнікамі або канцавымі бэнэфіцыярамі аб’ектаў крытычнай інфраструктуры.

«У мэтах умацаваньня абароны важнай для бясьпекі Латвійскай дзяржавы крытычнай інфраструктуры зьмены прадугледжваюць, што ўласьнік крытычнай інфраструктуры [...] павінен быць ляяльны Латвіі і яе Канстытуцыі, пры гэтым яму забараняецца аказваць падтрымку, у тым ліку інфармацыйную, асобам ці дзяржавам, якія пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці або канстытуцыйнаму ладу дэмакратычных дзяржаў», — паведаміла агенцтва LETA.

Прапанаваныя зьмены прадугледжваюць, што грамадзяне Беларусі і Расеі ня змогуць увогуле працаваць у сыстэме крытычнай інфраструктуры, калі паслугі будуць уключаць таксама доступ да інфармацыі або тэхналягічнага абсталяваньня для такіх прадпрыемстваў.

Грамадзяне Беларусі і Расеі змогуць выконваць работу на аб’ектах крытычнай інфраструктуры толькі ў парадку выключэньня на падставе асобнага дазволу органу дзяржаўнай бясьпекі.

Пасьля зацьвярджэньня гэтага праекту закону ўрадам яго перададуць на разгляд у парлямэнт Латвіі.

Летась парлямэнт Латвіі не падтрымаў забароны на працу грамадзян Беларусі і Расеі ў мясцовых школах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Латвіі не падтрымаў забарону на працу грамадзян Беларусі і Расеі ў мясцовых школах