Каля Смалявічаў упаў мэтэарыт, яго шукаюць

Палёт мэтэарыта, што ўпаў пад Смалявічамі

Пошукавы атрад нават даў адрас пошты, на якую можна даслаць важную інфармацыю.

Увечары 25 сьнежня камэры Беларускай мэтэарытнай сеткі зафіксавалі супэрбалід. Ён праляцеў над Менскам і ўпаў каля Смалявічаў у выглядзе мэтэарытаў, піша тэлеграм-канал Менскага плянэтарыю.

Агульную масу частак, якія выпалі, ацэньваюць у некалькі кіляграмаў.

«Фрагмэнты мэтэарыта, як мяркуецца, выпалі па лініі вёсак Рабы Слуп, Прысынак, Калюга, Чорны Лес і Высокія Ляды. Жыхарам гэтых населеных пунктаў просьба зважаць на незвычайныя камяні розных памераў, якія ляжаць на паверхні. Мэтэарыт можа мець чорную абвугленую скарынку з расколінамі і сколамі, чорную аплаўленую матавую паверхню або ржава-буры колер», — сказана ў канале плянэтарыю.

19 студзеня валянтэры арганізавалі першыя пошукі. Мэтэарыт, як паведамляюць у плянэтарыі, «мае важнае значэньне для беларускай навукі».

Людзей, якія знайшлі камяні, якія адпавядаюць апісаньню, просяць скідаць на пошту фатаздымкі, адрас planetarium1965@gmail.com.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вяртаньне на Месяц, скафандры ад Prada і інавацыі SpaceX. Што адбывалася ў сфэры касьмічных палётаў і дасьледаваньняў у 2024-м