Стала вядома, колькі беларусаў ва Ўкраіне атрымалі статус уцекача і дадатковай абароны ў 2024 годзе

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Калёна беларусаў на «Маршы абаронцаў» на Дзень Незалежнасьці Ўкраіны, 24 жніўня 2021 году

Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны ў 2024 годзе прызнала ўцекачамі ва Ўкраіне аднаго грамадзяніна Беларусі і аднаго грамадзяніна Расеі, паведамілі «Укрінформ» у прэс-службе ведамства.

Таксама на працягу 2024 году шэсьць грамадзян Беларусі і 27 грамадзян Расеі «прызнаныя асобамі, якія маюць патрэбу ў дадатковай абароне», адзначылі ў ведамстве.

Разам з тым адносна 20 грамадзян Беларусі, якія незаконна знаходзіліся ва Ўкраіне, прынялі рашэньні аб прымусовым выдварэньні на працягу 2024 году, сьведчыць статыстыка ўкраінскай міграцыйнай службы.

Агулам у дачыненьні да замежнікаў і асобаў без грамадзянства летась ва Ўкраіне прынялі 400 рашэньняў аб прымусовым выдварэньні, у тым ліку — у дачыненьні да 101 грамадзяніна Расеі.

Ад лютага 2022 году беларусы ва Ўкраіне, як добраахвотнікі, так і «цывільныя», маюць шэраг праблемаў — заблякаваныя банкаўскія рахункі, складанасьці зь легалізацыяй, непрызнаньне беларускіх дыплёмаў аб адукацыі і іншыя. Паводле грамадзян Беларусі, якія працягваюць жыць ва Ўкраіне цяпер, ад пачатку поўнамаштабнай вайны гэтыя праблемы не вырашаюцца. Прадстаўнікі беларускай апазыцыі прызнаюць, што ня могуць дамовіцца з афіцыйным Кіевам і вырашыць праблемы суайчыньнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна выдварае грамадзянку Беларусі, якая з 2022 году нелегальна знаходзілася ў краіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дэкаратыўныя зьмены». Якія праблемы застаюцца ў беларусаў ва Ўкраіне праз амаль тры гады пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны