Трамп сказаў, што Пуцін «зьнішчае» Расею, не імкнучыся да мірнага пагадненьня з Украінай

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп яшчэ раз выказаўся пра вайну Расеі супраць Украіны і заявіў, што ён можа пагаварыць з Пуціным неўзабаве, не называючы тэрмінаў.

«Ён павінен заключыць пагадненьне. Я думаю, што ён разбурае Расею, не заключаючы ўгоды», — заявіў Дональд Трамп журналістам 20 студзеня па прыбыцьці ў Белы дом пасьля інаўгурацыі. «Я думаю, што Расея будзе ў вялікай бядзе», — дадаў ён.

Раней Трамп абяцаў скончыць вайну за адзін дзень пасьля прыбыцьця ў Белы дом, але яшчэ да прысягі прызнаў, што гэтая задача запатрабуе больш часу і намаганьняў.

«Большасць людзей думала, што вайна скончыцца за адзін тыдзень», — сказаў Трамп, адзначаючы зьмены ў сытуацыі.

Расея выдаткавала сотні мільярдаў даляраў на вайну, зазнала каля 700 тысяч ахвяраў і напалохала суседзяў, ахвяруючы пры гэтым прыбытковым эўрапейскім газавым рынкам і доступам да заходніх фінансавых рынкаў, калі рубель упаў у цане.

Крэмль выдаткоўвае каля 40% свайго бюджэту на войска і з усіх сіл стрымлівае інфляцыю нават пры стаўках, вышэйшых за 20%. Узамен ён захапіў тэрыторыю ва Ўкраіне, разбураную вайной.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея двойчы за ноч атакавала Ўкраіну — спачатку дронамі, а потым ракетамі. Цэль — энэргетыка

Трамп чарговы раз заявіў аб плянах сустрэцца з Уладзімірам Пуціным і жаданьні, каб вайна ва Ўкраіне завяршылася як мага хутчэй. Ён таксама адзначыў, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі настроены на ўгоду дзеля ўрэгуляваньня канфлікту.

«Зяленскі хоча заключыць пагадненьне. Я ня ведаю, ці хоча гэтага Пуцін. Магчыма, ён ня хоча. Ён павінен заключыць пагадненьне<…>. Я думаю, што ў Расеі будуць вялікія праблемы. Зірніце на іх эканоміку, на іх інфляцыю», — падкрэсьліў Трамп.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё адзначыў, што ўрэгуляваньне канфлікту стане галоўным прыярытэтам Трампа, «гэта адбудзецца амаль неадкладна». Ён дадаў, што ўжо праведзеная вялікая падрыхтоўчая праца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца Трампа ў нацыянальнай бясьпецы: «Завяршэньне вайны паміж Расеяй і Ўкраінай запатрабуе часу і намаганьняў»