Аляксандар Лукашэнка заявіў, што няма ніякай неабходнасьці ў адключэньні інтэрнэту перад выбарамі і ў дзень галасаваньня.
«Забараніць — яно проста: забараніў — сяджу, радуюся. Забароны заўсёды не на карысьць. Трэба перамагчы. Трэба даказаць, што мы лепшыя. Калі пра нас дрэнна пішуць, нам трэба паказваць сваё, добрае, як мы робім на „Маратоне адзінства“. Гэта цяжэй, але больш важна», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Гэтую заяву Лукашэнка зрабіў на сустрэчы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ «МАЗ» і прадпрыемстваў холдынгу «БелАўтаМАЗ», камэнтуючы інфармацыю аб адключэньні інтэрнэту, якую, паводле яго, распаўсюджваюць ягоныя апанэнты за мяжой.
«Цяпер гэта не патрэбна, няма такой неабходнасьці. Многія, я чытаю, папісваюць, асабліва гэтыя ачмурэлыя за мяжой: «Вось, ён тут перад выбарамі, у выбары хоча закрыць інтэрнэт». Я пачынаю абзвоньваць адказных асобаў, прадстаўнікоў ураду: «Хлопцы, вы мо недзе нешта языком ляпнулі?». — «Не. Мы ня маем права». Я кажу: «Глядзіце, без майго ведама гэтага не рабіце», — паведаміў ён.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «ніколі ня думалі» аб адключэньні інтэрнэту.
«Хочаце ў інтэрнэце? Сядзіце там. Тым больш 50% інтэрнэту, а можа і больш, — гэта ж карысьць», — дадаў ён.
Што папярэднічала
Уначы 10 студзеня карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі скардзіліся на праблемы з доступам да папулярных сэрвісаў. Гэта працягвалася прыкладна з 01:00 да 03:00 ночы. Пра такія праблемы паведамлялі як жыхары Менску, так і абласных цэнтраў і раённых гарадоў. Паводле паведамленьняў, доступу да сэрвісу не было на працягу трох гадзінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэст частковага блякаваньня? Чаму ў Беларусі ўначы не працавалі YouTube, Telegram, Facebook і іншыя папулярныя сэрвісыПры гэтым дзяржаўныя навінавыя парталы, а таксама сайты дзяржаўных органаў адкрываліся, праз VPN-сэрвісы працавалі і згаданыя сацыяльныя сеткі і мэсэнджары. Нацыянальная тэлекамунікацыйная кампанія «Белтэлекам» папярэдзіла карыстальнікаў пра магчымыя збоі загадзя.
20 студзеня «Белтэлекам» паведаміў пра чарговыя прафіляктычныя работы ў ноч на 21 студзеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белтэлекам зноў анансаваў магчымыя праблемы з інтэрнэтамПраект «Мотолько помоги» паведаміў, што, пачынаючы з гадзіны ночы 21 студзеня ў Беларусі зноў былі праблемы з доступам да YouTube — гэтая плятформа не адкрывалася без VPN праз ByFly і А1.