У Турэччыне пры пажары на гарналыжным курорце Карталкая на паўночным захадзе краіны загінулі сама меней 66 чалавек, паведамляе газэта Hürriyet са спасылкай на міністра ўнутраных спраў Турэччыны.
Колькасьць параненых перавысіла 50.
Пажар пачаўся каля 3-й гадзіны раніцы ў рэстаране 12-павярховага драўлянага гатэля, дзе жылі 237 чалавек. Сама меней двое загінулі, у паніцы выскачыўшы з вокнаў. Некаторыя спрабавалі спусьціцца са сваіх нумароў, выкарыстоўваючы прасьціны і коўдры.
Прычына пажару пакуль невядомая — урад прызначыў шасьцярых пракурораў для расьсьледаваньня. На месца здарэньня накіравалі дзясяткі пажарных машын і 38 карэт хуткай дапамогі. Гатэль знаходзіцца на схіле гары, што ўскладняла правядзеньне ратавальных працаў. Лякалізаваць пажар удалося толькі праз 10 гадзінаў тушэньня.
Суд забараніў працу этэрных СМІ ў зоне катастрофы, спаслаўшыся на неабходнасьць забясьпечыць збор доказаў для расьсьледаваньня здарэньня. Пастаяльцаў іншых гатэляў у Карталкая эвакуавалі ў якасьці меры засьцярогі, разьмясьціўшы іх у гатэлях непадалёк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усё больш жыхароў Беларусі гіне на пажарах