На папулярным у Беларусі маркетплэйсе прадавалі дроны — умяшалася пракуратура

Ілюстрацыйнае фота

Пракуратура Менску выявіла факт разьмяшчэньня на папулярнай у Беларусі пляцоўцы аб’яваў прапановы аб продажы дронаў, абсталяваных відэакамэрай. У выніку ўладальніку маркетплэйса вынесьлі прадпісаньне, а прадаўца заблякавалі.

Работнік пракуратуры гораду Менску пад выглядам пакупніка пагутарыў з прадаўцом квадракоптараў, які выказаў згоду на продаж дрона фізычнай асобе, што парушае беларускае заканадаўства і «істотна павышае рызыкі выкарыстаньня іх у супрацьпраўных мэтах, у тым ліку для парушэньня грамадзкага парадку, экстрэмісцкай дзейнасьці і ўчыненьня актаў тэрарызму», — гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры. Нагадаем, паводле гэтых артыкулаў беларусаў найчасьцей судзяць у палітычна матываваных крымінальных справах.

Паведамляецца, што ў выніку намесьнік пракурора Менску вынес у адрас кіраўніка маркетплэйсу прадпісаньне, у якім запатрабаваў ліквідаваць выяўленыя парушэньні, у тым ліку выключыць магчымасьць разьмяшчэньня падобных аб’яваў у будучыні.

У выніку ўладальнік прыняў меры, якія зрабілі немагчымым разьмяшчэньне абвестак аб продажы дронаў у Беларусі, а карыстальнік, які разьмясьціў аб’яву аб продажы бесьпілётніка, быў заблякаваны, паведамілі ў пракуратуры.

  • У верасьні 2023 году сваім указам Лукашэнка забараніў увоз, выраб і выкарыстаньне дронаў у Беларусі для грамадзян. Цяпер імі могуць карыстацца толькі юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі. Калі ІП ці юрыдычная асоба хоча завезьці дрон на тэрыторыю Беларусі, неабходна атрымаць дазвол у дэпартамэнце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый.
  • Фізычным асобам улады далі 6 месяцаў, каб «рэалізаваць» (прадаць) свае дроны ІП ці юрыдычным асобам альбо перадаць дзяржаве на захоўваньне. Цяпер у Беларусі разглядаюць пытаньне ўзмацненьня адказнасьці за незаконнае выкарыстаньне бесьпілётнікаў, ажно да крымінальнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус атрымаў папярэджаньне ад пракуратуры за перадачу дрона сваякам у Расею