Літва перадасьць Украіне тры аўтамабілі, канфіскаваныя ў грамадзян Беларусі за кантрабанду цыгарэт

Літоўская мяжа, ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі Мытнай службы Літвы на мінулым тыдні канфіскавалі ў грамадзян Беларусі тры аўтамабілі, у якіх перавозілі кантрабандныя цыгарэты, паведамляе прэс-служба ведамства.

Мытная служба Літвы адзначыла, што інцыдэнт адбыўся ў пункце пропуску Меднікі (зь беларускага боку — Каменны Лог).

Агулам, як удакладняецца, беларусы спрабавалі ўвезьці ў Літву больш за 3 тысяч пачкаў цыгарэт, іх выявілі пры дапамозе рэнтгенаўскай праверкі ў розных месцах: у схованках пад сядзеньнямі, пад парогамі аўтамабіля, пад пярэдняй панэльлю прыбораў ды інш.

Кошт кантрабандных цыгарэт ацанілі ў 13 573 эўра. На грамадзян Беларусі склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях, ім пагражае штраф ад 2 да 6 тысяч эўра.

У прэс-рэлізе гаворыцца пра канфіскацыю аўтамабіляў BMW X5, BMW X6 і Mercedes-Benz.

«Такія аўтамабілі перадаюцца для патрэбаў Украіны», — падкрэсьлівае ведамства.

У 2024 годзе Літва перадала Ўкраіне ў якасьці гуманітарнай дапамогі 114 канфіскаваных аўтамабіляў, зьвяртае ўвагу мытная служба.

  • Кантрабандысты спрабуюць пераправіць у Літву зь Беларусі цыгарэты рознымі спосабамі. Апошнім часам для дастаўкі нелегальных грузаў зь Беларусі ў Літву яны актыўна выкарыстоўваюць розныя аэрастаты — мэтэаралягічныя зонды, паветраныя шары, а таксама бесьпілётнікі. У асноўным такім чынам перасылаюць цыгарэты.
  • За 2024 год у Літве перахапілі 226 партыяў кантрабанды, адпраўленай на паветраных шарах, сёлета памежнікі зафіксавалі 40 спробаў такой дастаўкі. Таксама ў 2024 годзе перахапілі 52 бесьпілётнікі, якія спрабавалі перакідаць кантрабандныя цыгарэты ў Літву зь Беларусі, паведамляла 5 сьнежня Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
  • 28 лістапада на станцыі Кібартай (Марыямпальскі павет) у цягніку, які рухаўся з Калінінградзкай вобласьці Расеі, выявілі найбуйнейшую за 2024 год партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт. У столі двух вагонаў знайшлі 112 тысяч пачкаў цыгарэт. Іх агульны кошт, уключаючы абавязковыя падаткі, ацанілі ў 503 тысячы эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуса затрымалі за кантрабанду цыгарэт у Італіі. Гэта ня першы выпадак сёлета
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы затрымалі злачынную групоўку, якая незаконна завезла ў краіну зь Беларусі і Славаччыны амаль 19 мільёнаў пачкаў цыгарэт