Пяць дзён да выбараў: няўпэўненасьць улады і прывіды 2020 году

Галоўны сэнс выбараў, як яго бачыць улада, палягае ў пераадоленьні «сындрому 2020 году». Яна імкнецца даказаць, што тыя выбары былі нейкай анамаліяй, недарэчнасьцю, а цяпер усё вяртаецца ў норму. Лукашэнка паспрабаваў пераканаць грамадзтва і эліту ва ўласнай сіле. Аднак вырашыць менавіта гэтую задачу не атрымалася. Уся хада выбарчай кампаніі паказвае, што рэжым пачувае сябе няўпэўнена, баіцца. Прычым баіцца няведама чаго.

Сьцісла:

  • Выбары 2025 году — самыя нецікавыя ў гісторыі Беларусі. І ўлады ня надта імкнуліся гэта хаваць.
  • Удзел Лукашэнкі ў выбарах азначае, што працэс транзыту ўлады пастаўлены на паўзу, адкладаецца. А можа, і зусім здымаецца з парадку дня. Фармаваньне культу асобы Лукашэнкі даказвае, што замены яму няма, і яе проста ня можа быць у цяперашніх умовах.
  • «Сындром 2020 году» прымушае ўлады разглядаць выбары найперш як пагрозу. Паняцьце «выбары» асацыюецца ў вышэйшага кіраўніцтва з паняцьцем «пратэсты».
  • Улады так да канца і ня выпрацавалі нейкую лягічную тактыку, як упісаць спойлераў у новую канцэпцыю выбарчай кампаніі.

Прэзыдэнцкая кампанія набліжаецца да фінішу. Пачынаецца датэрміновае галасаваньне. Можна рабіць папярэднія высновы.

Кожная прэзыдэнцкая кампанія ў гісторыі Беларусі мела свае асаблівасьці. Узровень цікавасьці да выбарчага працэсу абумоўлены ступеньню яго палітызацыі. Можна ўзгадаць, як палітызавалася краіна ў 2020 годзе.

У цяперашняй кампаніі галоўнае пытаньне, якое хвалявала як намэнклятуру, апазыцыю, так і абываталя, зводзілася да таго, ці будзе ў ёй удзельнічаць Аляксандар Лукашэнка. Бо, па-першае, шмат хто памятае, як ён цьвёрда абяцаў больш не балятавацца на пасаду прэзыдэнта. А па-другое, усе глядзяць тэлевізар і бачаць, што Лукашэнка не ў найлепшай фізычнай форме.

Удзел у выбарах Лукашэнкі, як і адсутнасьць рэальных апанэнтаў, перадвызначылі нецікавасьць выбарчай кампаніі. Гэта, бадай, самыя нецікавыя выбары ў гісторыі Беларусі. І ўлады ня надта імкнуліся хаваць гэты момант. Лукашэнка казаў, што «нам не патрэбна шоў, як у ЗША».

Удзел Лукашэнкі ў выбарах азначае, што працэс транзыту ўлады пастаўлены на паўзу, адкладаецца. А можа, і зусім здымаецца з парадку дня. Бо транзыт — гэта заплянаваны, арганізаваны мэханізм і працэс перадачы паўнамоцтваў ад Лукашэнкі да іншай асобы. Але выглядае, што ён пакуль нікуды не зьбіраецца сыходзіць.

Больш за тое, цяпер заўважныя абароты набывае працэс штучнага разьдзіманьня культу Лукашэнкі. Адмыслова да выбараў выдадзена кніга «Наш прэзыдэнт», якую напісалі былы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандар Радзькоў, прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант, цяперашні намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімір Пярцоў, былы міністар інфармацыі, старшыня Саюзу пісьменьнікаў Аляксандар Карлюкевіч. Кніжная навінка максымальна рэклямуецца, прайшла яе афіцыйная прэзэнтацыя. Паводле Карлюкевіча, кніга паклікана заахвоціць моладзь «зьдзейсьніць шмат добрых, годных учынкаў у імя „любімага, як часам кажа Прэзыдэнт, кавалачка нашай зямлі, кавалачка любімай зямлі — нашай сувэрэннай Беларусі“». Паміж чыноўнікамі ідзе спаборніцтва, хто лепш пахваліць правадыра.

Усё гэта ніяк не нагадвае падрыхтоўку да транзыту. Хутчэй наадварот — даказвае, што замены Лукашэнку няма і проста ня можа быць па вызначэньні.

Галоўны сэнс выбараў, як яго бачыць улада, палягае ў пераадоленьні «сындрому 2020 году». Яна імкнецца даказаць, што тыя выбары былі нейкай анамаліяй, недарэчнасьцю, а цяпер усё вяртаецца ў норму. Лукашэнка спрабуе пераканаць грамадзтва і эліту ва ўласнай сіле. Вось 21 студзеня падчас наведваньня МАЗа ён казаў: «Забароны заўсёды не на карысьць. Трэба перамагчы. Трэба даказаць, што мы лепшыя».

Аднак вырашыць менавіта гэтую задачу не атрымалася. Перамагчы Лукашэнка змог, толькі пасадзіўшы сваіх галоўных апанэнтаў за краты ці выштурхаўшы за мяжу. Уся хада выбарчай кампаніі паказвае, што рэжым пачувае сябе няўпэўнена, баіцца. Прычым баіцца няведама чаго.

Вось гэта і ёсьць «сындром 2020 году». То бок падзеі чатырохгадовай даўнасьці прымушаюць улады разглядаць выбары найперш як пагрозу, паняцьце «выбары» асацыюецца ў вачах вышэйшага кіраўніцтва з паняцьцем «пратэсты». Улады баяцца зданяў 2020 году. Лукашэнка амаль на кожнай нарадзе ўзгадвае сваіх апанэнтаў («зьбеглыя»), тым самым надаючы ім дадатковую суб’ектнасьць і сілу. Высокапастаўленыя чыноўнікі пужаюць (а хутчэй самі пужаюцца) нейкіх атрадаў баевікоў, якія нібыта рыхтуюцца наступаць з-за мяжы.

І вось для нэўтралізацыі пратэсту мабілізуецца ўвесь дзяржапарат, ня толькі сілавыя структуры. Людзей у прафіляктычных мэтах выклікаюць ня толькі ў міліцыю, але і ў адміністрацыі ўстаноў, дэканаты, патрабуюць, каб падпісалі нейкія паперы, што ня будуць удзельнічаць у пратэстах.

Да ўдзелу ў выбарах не дапусьцілі апазыцыю, адмянілі галасаваньне за мяжой, адмовіліся ад назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ (запрасілі так, каб атрымаць адмову). Засакрэцілі склад выбарчых камісій, а таксама колькасны склад ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў.

Прымус з боку дзяржаўных органаў адбываўся падчас збору подпісаў. Можна не сумнявацца, што людзей пад прымусам будуць заганяць на датэрміновае галасаваньне.

Усё гэта ня сьведчыць пра сілу ўладаў, іхную ўпэўненасьць у сабе. І грамадзяне гэта бачаць.

Дарэчы, што тычыцца спойлераў. Іх зьяўленьне ў такой колькасьці адбылося ўпершыню. Здаецца, улады так да канца і ня выпрацавалі нейкую лягічную тактыку, як іх прэзэнтаваць, як упісаць у новую канцэпцыю выбарчай кампаніі. Двух прэтэндэнтаў зьнялі з выбараў на пачатковым этапе. Чатыры кандыдаты засталіся. Аднак, калі вынесьці за дужкі іх выступы на радыё і БТ, у астатні час дзяржаўныя мэдыя іх імёнаў практычна ня згадвалі. Чаму? Каб ня скласьці канкурэнцыі галоўнаму кандыдату? Няўжо насамрэч убачылі пагрозу ў такіх асобах, як Сяргей Сыранкоў ці Аляксандар Хіжняк? На папярэдніх выбарах (акрамя 2020 году) Лукашэнка так ці інакш перамагаў сур’ёзных кандыдатаў. А цяпер перамагае штучных, у нечым нават карыкатурных пэрсанажаў. Што зусім ня сьведчыць пра ягоную палітычную сілу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачынаецца датэрміновае галасаваньне, якое праваабаронцы лічаць адным з мэханізмаў фальсыфікацый
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​Без АБСЭ, але з парлямэнцкім сходам Саюзнай дзяржавы. Хто будзе назіраць за выбарамі ў Беларусі