Ужо сёньня: гадавіна пачатку паўстаньня 1863 году, адным з кіраўнікоў якога быў Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў, карціна Пётры Сергіевіча

Падзеі 22 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

22 студзеня 1863 году Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве абвясьціў пра пачатак паўстаньня супраць расейскага царызму. Празь 10 дзён, 1 лютага, да яго далучыліся паўстанцы Беларусі і Літвы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Паўстаньне мела на мэце адмяніць падзелы Рэчы Паспалітай у межах 1772 году. Яно было жорстка задушанае ўладамі ў 1864 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўстаньне Каліноўскага было беларускім». Пяць доказаў ад гісторыка

Дзень у гісторыі

1558 — у гэты дзень пачалася Лівонская вайна, якая доўжылася 25 гадоў. Вайну вяла Маскоўская дзяржава супраць Лівонскага ордэна, ВКЛ (потым Рэчы Паспалітай), Швэцыі за кантроль над Лівоніяй, то бок выйсьцем да Балтыйскага мора.

1943 — у Янаве Палескім сярод іншых закладнікаў фашысты расстралялі Вітальда Івіцкага, каталіцкага сьвятара, які пайшоў на расстрэл замест іншага чалавека.

1944 — кіраўнік нямецкай акупацыйнай улады ў Беларусі гаўляйтэр фон Готбэрг зацьвердзіў склад Беларускай Цэнтральнай Рады на чале з Радаславам Астроўскім. Рада з 14 чалавек мелася быць беларускім урадам пад немцамі, але пры тым БЦР фактычна ня мела паўнамоцтваў.

1980 — затрымалі і выслалі акадэміка Андрэя Сахарава, расейскага і савецкага фізыка, праваабаронца і палітычнага дзеяча.

Андрэй Сахараў

У гэты дзень нарадзіліся

1561 — Фрэнсіс Бэкан, ангельскі філёзаф, навуковец і грамадзкі дзеяч.

1778 — Джордж Байран, ангельскі паэт, лорд.

Джордж Байран, карціна Рычарда Вэстала

1890 — Ільдэфонс Бобіч, каталіцкі сьвятар, адзін з пачынальнікаў беларускага руху. Найбольш значная роля ксяндза Бобіча — у справе беларусізацыі касьцёла.

1898 — Сяргей Эйзэштэйн, савецкі рэжысэр, сцэнарыст, тэарэтык кіно і пэдагог.

1906 — Андрэй Александровіч, беларускі паэт.

Андрэй Александровіч

1933 — Алена Лось, мастачка, афарміцелька кніг.

1935 — Віктар Ракаў, беларускі паэт.

1935 — Аляксандар Мень, праваслаўны сьвятар, багаслоў, аўтар кніг па багаслоўі, гісторыі хрысьціянства і іншых рэлігій.

У памяці

1901 — Вікторыя, каралева Вялікай Брытаніі.

Каралева Вікторыя, прынц Альбэрт і іх дзеці, карціна Франца Гаўера Вінтэргальтэра

2012 — Яўген Шатохін, беларускі мастак.

Яўген Шатохін

2014 — беларус Міхась Жызьнеўскі, актывіст Майдану. Герой Нябеснай сотні загінуў падчас сутыкненьняў на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, калі атрымаў агнястрэльнае раненьне ў сэрца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ўшаноўваюць герояў Нябеснай сотні, якія загінулі 10 гадоў таму. Сярод іх два беларусы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве ў кустах знайшлі помнік герою Ўкраіны Міхасю Жызьнеўскаму. ФОТА