21 студзеня на мерапрыемстве «Будучыня Беларусі» ў рамках форуму Сьвятлана Ціханоўская падзялілася бачаньнем таго, як Беларусь будзе аднаўляцца пасьля падзеньня дыктатуры і рухацца да эканамічнага адраджэньня, паведамляе яе прэс-служба.
Пяць практычных крокаў, якія прапанавала Ціханоўская:
- Стварыць умовы для вяртаньня беларусаў на радзіму. Забясьпечыць атмасфэру, якая дазволіць прадпрыемствам, таленавітым прадпрымальнікам і экспэртам вярнуцца ў Беларусь і прынесьці з сабой фінансавы капітал, веды, досьвед і кантакты.
- Зрабіць Беларусь канкурэнтаздольным і прывабным рынкам, адкрытым для інвэстараў з усяго сьвету.
- Вярнуць Беларусі статус IT-краіны, вядомай выбітнымі стартапамі і ініцыятывамі.
- Інвэставаць у новыя тэхналёгіі.
- Пачаць працэс эўраінтэграцыі і ўступіць у Раду Эўропы, каб вучыцца ў тых, хто ўжо прайшоў пераходны пэрыяд, скарыстацца іх лепшым практыкамі і не паўтараць памылак.
«Акно магчымасьцяў можа адчыніцца ў любы момант, і мы павінны быць да гэтага гатовыя. Таму сёньня ў Давосе мы наладжваем сувязі з урадамі, парлямэнтамі, глябальнымі карпарацыямі — гэта дапаможа зрабіць пераход хутчэйшым і плаўным. Вельмі важна, асабліва на пачатковым этапе, правесьці ўсе неабходныя рэформы, падтрымаць прыватную ініцыятыву і прыцягнуць інвэстыцыі ў Беларусь», — падкрэсьліла Ціханоўская падчас свайго выступу.
Сусьветны эканамічны форум, які праходзіць у швайцарскім Давосе — гэта штогадовы эканамічны форум, адно з самых прэстыжных мерапрыемстваў у сьвеце. Тысячы прадстаўнікоў краін і ўрадаў, самыя ўплывовыя лідэры думак сустракаюцца там, каб абмеркаваць глябальныя пытаньні, якія стаяць перад сьветам.
Ужо трэці год запар у Эканамічным форуме ўдзельнічаюць прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, пасьля 30 год адсутнасьці. Апошні раз гэта адбылося ў 1992 годзе, калі Беларусь прадстаўляў Станіслаў Шушкевіч.
Візыт Ціханоўскай у Давос праходзіць 21-23 студзеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасаду «дэмакратычнай лідэркі» ў Ціханоўскай у выніку «выбараў» 2025 году ніхто не адбярэ, — Мажэйка