У Беларусі будуць ануляваць дамэнныя імёны, здольныя «нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам»

Ілюстрацыйнае фота

Адміністратар нацыянальнай дамэннай зоны «мае права прыняць рашэньне аб ануляваньні запісу» аб рэгістрацыі дамэннага імя, «здольнага прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам» Беларусі.

Гэта вынікае з загаду Апэратыўна-аналітычнага цэнтру (ААЦ) № 6 ад 17 студзеня 2025 году.

Дакумэнт, апублікаваны 22 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, уносіць зьмены ў загад ААЦ № 47 ад 18 чэрвеня 2010 году. Набывае моц пасьля афіцыйнага апублікаваньня.

Згодна з загадам, дамэннае імя, запіс аб рэгістрацыі якога ануляваны з вышэйзгаданай прычыны, «уносіцца ў спэцыяльны пералік».
Якім чынам дамэннае імя можа прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам краіны, у дакумэнце не тлумачыцца.

Адміністратарам нацыянальнай дамэннай зоны (.by,.бел) з 2022 году зьяўляецца кампанія «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» (beCloud).

4 красавіка 2024 году ААЦ выпусьціў загад № 69, паводле якога «ў выпадку ўключэньня ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў інфармацыйнай прадукцыі з указаньнем інтэрнэт-рэсурсу і яго ідэнтыфікатара – дамэннага імя, зарэгістраванага ў нацыянальнай дамэннай зоне, запіс аб рэгістрацыі такога дамэннага імя анулюецца па рашэньні адміністратара нацыянальнай дамэннай зоны», піша Позірк.

Ануляванае дамэннае імя ўносіцца ў спэцпералік і «становіцца недаступным для рэгістрацыі на працягу пэрыяду знаходжаньня адпаведнай інфармацыйнай прадукцыі ў рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Акрамя таго, ААЦ вырашыў, што дамэннае імя, запіс аб рэгістрацыі якога ануляваны, будзе выстаўляцца на аўкцыён не пазьней за 45 каляндарных дзён з дня ануляваньня запісу (іншы тэрмін у дачыненьні да канкрэтных дамэнаў можа быць вызначаны адміністратарам нацыянальнай дамэннай зоны ў апавяшчэньні).

Праз 10 дзён пасьля зьяўленьня гэтага дакумэнта ААЦ ануляваў дамэнныя імёны сама меней дзевяці сайтаў СМІ ў зоне.by, у тым ліку «Медыязона. Беларусь«, Ex-Press.bу, Media-Polesye, IntexPress, Reform.by.

У студзені мінулага году ААЦ пазбавіў дэ-юрэ зьліквідаваную Беларускую асацыяцыю журналістаў права на кіраваньне дамэнным імем baj.by, нібыта за выяўленыя парушэньні.

Камітэт абароны журналістаў (CPJ) «рашуча асудзіў» рашэньне беларускіх уладаў ануляваць дамэнныя імёны навінавых сайтаў, якія яны назвалі «экстрэмісцкімі», і заклікаў «спыніць выкарыстаньне заканадаўства аб экстрэмізьме ў якасьці інструмэнт цэнзуры для задушэньня незалежных СМІ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра адключэньне інтэрнэту: «Без майго ведама гэтага не рабіце»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белтэлекам зноў анансаваў магчымыя праблемы з інтэрнэтам