Былы міністар забараняў, Лукашэнка — дазволіў
«Паважаныя бацькі, здайце грошы на пітную ваду, туалетную паперу, новыя жалюзі, пакеты для сьмецьця», — прыкладна такія просьбы на бацькоўскіх сходах гучаць у Беларусі. Адны з бацькоў школьнікаў прынцыпова адмаўляюцца здаваць грошы, другія папросту ня маюць такіх сум, трэція заахвочваюць здаваць яшчэ больш. Аргумэнты праціўнікаў пабораў — у Беларусі дэкляруецца бясплатная адукацыя, бацькі плацяць падаткі, якія і мусяць ісьці на ўсе патрэбы школы.
У 2021 годзе адукацыяй у Беларусі кіраваў Ігар Карпенка. Ён публічна абураўся паборамі і нават заявіў, што «школа ня мае права зьбіраць грошы з бацькоў». Паводле экс-міністра, дапамога школе — добраахвотная справа, для гэтага ў школе ці аддзеле адукацыі ёсьць адмысловыя рахункі.
«Я катэгарычна не дапускаю і не дазваляю, каб называлі нейкія сумы, патрабавалі. Я катэгарычна супраць таго, каб у гэта ўцягвалі клясных кіраўнікоў, пэдагогаў», — заяўляў у 2021 годзе Карпенка.
Аляксандар Лукашэнка падчас выступу на нарадзе ў пытаньнях адукацыі ў 2023 годзе заявіў, што ня бачыць праблемы ў зборы грошай з бацькоў на патрэбы школы.
«Можа, паўтара чалавекі адмовяцца, не дадуць грошай на рамонт ці яшчэ што. І ня трэба. Адмовіўся дык адмовіўся, абыдземся. Але ад гэтай практыкі адыходзіць ня трэба», — лічыць Лукашэнка.
Ён дадаў, што «калі хто хоча дапамагчы капейкай, то нічога страшнага ў нас няма, у нас людзі ня бедныя».
Уладныя сацыёлягі ў ліпені-жніўні 2024 году правялі апытаньне беларусаў аб стаўленьні да сыстэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Калі верыць яго вынікам, большасьць бацькоў ня супраць матэрыяльнай дапамогі школе. 53,1% лічаць, што фінансавы ўдзел бацькоў у жыцьці школы трэба ажыцьцяўляць, 39,2% выступаюць супраць такога ўдзелу і 7,7% ня ведаюць адказу.
50 рублёў у фонд школы, 100 — у фонд клясы
Бацькі беларускіх школьнікаў расказваюць пра розныя сумы і падыход да матэрыяльнай дапамогі школе ці клясе. Алеся (усе імёны герояў артыкулу зьмененыя з пытаньняў бясьпекі. — РС) расказала, што раз на 6 месяцаў здае ў фонд школы 40 рублёў. На што ідуць гэтыя грошы, яна не цікавілася. Думае, што, хутчэй за ўсё, на рамонты. Асобна Алеся здае невялікія сумы на падарунак настаўніцы ў профільнае сьвята ці на падарункі і экскурсіі дзецям. У такіх зборах яна ня бачыць нічога благога. Кажа, што нават тыя 40 рублёў на 6 месяцаў здаюцца добраахвотна і ідуць проста на рахунак школы.
Максім у размове са Свабодай расказаў, што здае ў фонд школы на пачатку навучальнага году 20-30 рублёў. Дадае, што больш яго не турбуюць. Лічыць такую суму невялікай. Асобна здае на фонд клясы. Дадаў, што гэта асабліва не афішуецца, але грошы ідуць на патрэбы вучняў.
«Нейкія рамачкі ў кабінэт, паперу купіць, жалюзі новыя, нешта яшчэ. Па дробязях, але мы бачым, куды ідуць грошы», — дадаў ён.
Марыя пераехала зь дзецьмі зь Беларусі ў Польшчу ў 2023 годзе. Раней яна здавала грошы ў фонд школы (50 рублёў на год) і фонд клясы (40-50 рублёў на 6 месяцаў).
«Уголас кажуць, што гэта добраахвотна і не абавязкова. Што ў клясу патрэбны фіранкі ці жалюзі, новая мэбля ці нешта яшчэ. Але на практыцы, калі не здасі, то можаш мець наступствы ты сам ці тваё дзіця. Напрыклад, паставяць пытаньне: вы такія жабракі, што нават 50 рублёў ня маеце, то трэба вас праверыць, можа, на ўлік паставіць за „сацыяльна небясьпечнае становішча“. Таму лепш здаць тыя грошы», — разважае Марыя.
Яна кажа, што ёсьць людзі, якія не здаюць грошай, бо проста могуць мець цяжкую фінансавую сытуацыю. Маці-адзіночкі ці шматдзетныя. Марыя прыгадала, як дырэктар адной са школ расказваў, што на калідоры жахлівы лінолеум, дзеці спатыкаюцца і падаюць, трэба сабраць грошы на новы.
«Сабралі грошы, але таго новага лінолеуму так і ня ўбачылі на падлозе. Тут не хапае празрыстасьці», — расказала Марыя.
Яшчэ яна падкрэсьлівае такі момант, што сабраныя бацькамі грошы могуць пайсьці не на тое, што трэба.
«Купілі дзецям новую мэблю ў клясу. А яна зусім ня зручная для дзяцей! Так і грошы змарнавалі, і толку няма», — дадала беларуска.
У Польшчы яна таксама здае грошы ў фонд клясы — 120 злотых (каля 96 беларускіх рублёў). Зазначае, што здача грошай у фонд школы — справа добраахвотная.
«Грошы з фонду ідуць, напрыклад, на дзяцей зь сямей мігрантаў ці проста бедных. Калі кляса едзе на экскурсію, а гэтыя дзеці ня могуць заплаціць за паездку. Тады за іх школа плаціць», — патлумачыла беларуска.
Іна зь дзецьмі нядаўна жыве ў Польшчы. Яна параўноўвае зборы грошай у дзіцячым садку ў Беларусі.
«У Беларусі ў садку мы здавалі грошы літаральна на ўсё — канцылярскія тавары, цацкі, туалетную паперу, ваду, сродкі для мыцьця посуду, пральны парашок, на рамонт, на падарунак выхавальніцы. Суму не памятаю, але нармальна так», — расказала Іна.
У Польшчы, як яна кажа, у садку ёсьць свае цацкі, канцылярскія тавары — на гэта бацькі не здаюць. Зазначае, што скідваецца толькі на экскурсіі.
Першыя 5 гадзін для дзіцяці ў польскім садку бясплатныя, за кожную наступную гадзіну бацькі даплачваюць па 1 злотым (прыкладна 80 капеек). За харчаваньне ў садку за дзень (кормяць 4 разы) яна аддае 9 злотых (прыкладна 7 рублёў), за абед старэйшай дачкі ў школе — 5,5 злотага (прыкладна 4,40 рубля).
«Па маіх назіраньнях, у Польшчы менш збораў, тым больш мы тут не здаём на рамонт ці яшчэ што. Калі і зьбіраюць грошы, то гэта чыста на дзяцей — на падарункі ім, на выхад „на марозіва“, на экскурсіі ці паездкі», — падсумавала Іна.
27 рублёў у дзень за дашкольніка, 19 — за школьніка
У канцы 2024 году міністар адукацыі Андрэй Іванец расказаў, колькі дзяржаве каштуе навучаньне школьнікаў і студэнтаў. Ён заявіў, што ў Беларусі на адукацыю выдзяляецца больш за 5% ад унутранага валавога прадукту. З гэтай сумы каля 20-22% ідзе на дашкольную адукацыю.
Паводле нарматываў, якія вызначыў Савет Міністраў на 2023 год, дзяржава траціць 2645,16 рубля на аднаго вучня школы ў горадзе ці пасёлку гарадзкога тыпу, і да 6058,42 рубля на вучня вясковай школы, 3277,61 рубля на дзіця ў гарадзкім дзіцячым садку і да 4368,29 рубля — на дзіця ў вясковым садку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі каштуе вышэйшая адукацыя ў Беларусі і за мяжой у пераліку на памер сярэдняга заробку. Табліца