Заява Калас прагучала ў прамове на штогадовай канфэрэнцыі Эўрапейскага абароннага агенцтва:
«Летась краіны – сябры ЭЗ у сярэднім выдаткавалі 1,9% ВУП на абарону. Расея выдаткоўвае 9%. Мы ўкладваем мільярды ў нашы школы, сацыяльнае забесьпячэньне, ахову здароўя. Але калі мы ня будзем больш інвэставаць у абарону, усё гэта апынецца пад пагрозай», — заявіла кіраўніца замежнай палітыкі Эўразьвязу Кая Калас падчас прамовы на штогадовай канфэрэнцыі Эўрапейскага абароннага агенцтва (EDA).
Нежаданьне Эўропы ўкладвацца ў вайсковыя магчымасьці таксама падае небясьпечны сыгнал агрэсару, адзначыла Калас.
«Слабасьць іх прыцягвае. Прэзыдэнт Трамп мае рацыю, калі кажа, што мы трацім недастаткова. Час інвэставаць. Нам патрэбны ўкладаньні ад дзяржаў-сяброў і прыватнага сэктару, а таксама з агульнага эўрапейскага бюджэту», — заявіла Калас.
Кая Калас на пасяджэньні Эўрапейскага абароннага агенцтва ў Бруселі таксама заявіла, што многія з нацыянальных спэцслужбаў даюць інфармацыю аб тым, што Расея можа праверыць гатоўнасьць ЭЗ абараняцца праз тры-пяць гадоў:
«Расея — праблема не для некаторых, а для ўсіх нас. Эўрапейцы павінны прачнуцца»,— заклікала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі не падвысіць выдаткі на абарону, давядзецца вучыць расейскую мову ці ехаць у Новую Зэляндыю», — генэральны сакратар NATO9 студзеня на сустрэчы на амэрыканскай базе ў нямецкім Рамштайне міністры абароны краінаў NATO абмеркавалі прапанову абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа павысіць выдаткі на абарону да 5%.
«Эўропа дае мізэрную доля грошай у параўнаньні з тым, што выдаткоўваем мы. Паміж намі ёсьць рэч, якая называецца акіянам, праўда? Чаму мы даём на мільярды і мільярды даляраў больш грошай, чым Эўропа?» — казаў раней Дональд Трамп.
На гэты момант выдаткі ЗША складаюць 60% агульных выдаткаў NATO.
Падчас пасяджэньня Кантактнай групы па абароне Ўкраіны міністры заявілі, што здольнасьць краінаў NATO выконваць пастаўленыя абаронныя задачы важнейшая за выдаткі адносна ВУП. У прыватнасьці, міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс адзначыў, што лічбы ня маюць вялікай важнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча выйшла ў лідэры па выдатках на абарону сярод краін NATO адносна іх ВУП. Інфаграфіка