Сьледчыя Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў (ДБР) Украіны працягваюць расьсьледаваньне гібелі першых ахвяр у выніку супрацьстаяньня паміж міліцыянтамі і пратэстоўцамі ў студзені 2014 году, калі ў Кіеве адбываліся масавыя акцыі пратэсту.
Сярод першых ахвяр, якія загінулі 22 студзеня 2014 году, — беларус Міхась Жызьнеўскі і грамадзяне Ўкраіны Сяргей Нігаян і Раман Сенік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 гадоў таму ў Кіеве загінуў Міхась Жызьнеўскі. Гісторыя жыцьця, сьмерці і ўганараваньня беларускага Героя Ўкраіны«Сьледзтва працягвае адпрацоўваць супрацоўнікаў МУС, якія несьлі службу ў дзень забойстваў. Таксама яшчэ працягваецца правядзеньне судовых экспэртыз, адпрацоўваюцца сьведкі», — паведаміла дзяржаўнаму агенцтву «Укрінформ» пракурор Людміла Гаўрыш, якая ажыцьцяўляе працэсуальнае кіраўніцтва ў справах Майдану.
У сваю чаргу сьледчая ДБР Вольга Паўлюк адзначыла, што расьсьледаваньне першых забойстваў на Майдане ўскладняецца праз адсутнасьць якасных відэазапісаў моманту зьдзяйсьненьня злачынстваў, а таксама прамых сьведак.
«Пастаянна адпрацоўваем работнікаў праваахоўных органаў, якія знаходзіліся ў месцах учыненьня забойстваў, у тым ліку ўзброеных агнястрэльнай зброяй — гладкаствольнымі помпавымі стрэльбамі мадэльнага шэрагу „Форт-500“», — сказала Вольга Паўлюк.
Паводле яе, цяпер дапытваюць асобаў, якія могуць мець важную для сьледзтва інфармацыю, і працягваюць сьледчыя дзеяньні зь іх удзелам.
«Экспэртныя ўстановы праводзяць мэдыка-крыміналістычныя і комплексныя судова-мэдычныя экспэртызы, у тым ліку аб ідэнтыфікацыі зброі, якія маглі б пацьвердзіць датычнасьць непасрэдных выканаўцаў да забойстваў Нігаяна, Сеніка і Жызьнеўскага», — дадала сьледчая ДБР.
Вольга Паўлюк адзначыла, што працягваюць высьвятляць і новыя абставіны першых забойстваў на Майдане, якія патрабуюць дадатковай праверкі.
Раней, паводле яе, па факце першых забойстваў паведамілі аб падазрэньні арганізатарам гэтых злачынстваў — колішняму прэзыдэнту Віктару Януковічу, экс-міністру ўнутраных спраў Віталію Захарчанку і ягонаму намесьніку, а таксама кіраўнікам Галоўнага ўпраўленьня МУС у Кіеве.
Беларуса Міхася Жызьнеўскага забілі 22 студзеня 2014 году падчас Эўрамайдану ў Кіеве. Пазьней яго прызналі Героем Украіны, у 2017-м тагачасны прэзыдэнт Пятро Парашэнка перадаў Зорку Героя бацькам. Забойца дагэтуль ня знойдзены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Кіева пацьвердзілі, што помнік Жызьнеўскаму зьнесьлі па іх распараджэньні