Сакрэтная місія пад наглядам КДБ. Што прадстаўнікі Лукашэнкі робяць на перамовах Расеі і Ўкраіны аб палонных

Ірына Касьцевіч, Валер Сьцепановіч. Каляж

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Касьцевіч ня менш за чатыры разы прысутнічала за сталом перамоў Украіны і Расеі аб абмене палоннымі і вяртаньні цел загінулых і пяць — непасрэдна ў працэсе абмену. Якую ролю яна выконвае, разьбіралася Свабода.

Летась 16 сьнежня намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Юры Амбразевіч на пасяджэньні кансультацыйнай рады ў справах беларусаў замежжа заявіў аб спадзевах афіцыйнага Менску атрымаць месца за сталом перамоваў па заканчэньні вайны ва Ўкраіне. У Кіеве рэзка адрэагавалі на гэтую заяву.

Свабода зьвярнула ўвагу, што агучанаму Амбразевічам жаданьню прысутнічаць за сталом перамоў па Ўкраіне папярэднічала зьяўленьне прадстаўнікоў Беларусі на перамовах Расеі і Ўкраіны аб абменах палоннымі.

У прыватнасьці, у лістападзе на фатаздымках з расейска-ўкраінскіх перамоваў мы заўважылі дэпутатку Палаты прадстаўнікоў, адну з «доўгажыхарак» ва ўсіх урадах Аляксандра Лукашэнкі, колішнюю міністарку працы і сацыяльнай абароны Ірыну Касьцевіч. Пазьней на іх зьявіўся мужчына, падобны да супрацоўніка КДБ Валера Сьцепановіча.

Свабода пры дапамозе дакумэнтаў, перададзеных групай ананімных хакераў, аб’яднаных у ініцыятыву «Кібэрпартызаны», спрабавала высьветліць, якія функцыі прадстаўнікі афіцыйнага Менску выконваюць на перамовах упаўнаважаных Расеі і Ўкраіны ў правах чалавека Тацяны Маскальковай і Дзьмітра Лубінца.

З чаго ўсё пачалося

Упершыню Ірына Касьцевіч трапіла на фота побач з Тацянай Маскальковай 8 лістапада 2024 году. Тады Ўкраіна і Расея абмяняліся сьпісамі палонных, расейскі бок перадаў украінскаму целы загінулых вайскоўцаў.

Адзін з абменаў палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, на якім прысутнічае дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Касьцевіч. У сіняй камізэльцы – Тацяна Маскалькова. У чорнай куртцы з нашыўкай у выглядзе ўкраінскага сьцяга – Дзьмітро Лубінец. 8 лістапада 2024

Тады ж упершыню бакі дамовіліся, што кожны раз пры абмене або перамовах на ўзаемных умовах будуць перадаваць лісты — украінскім палонным у Расею і расейскім ва Ўкраіну.

Паводле Дзьмітра Лубінца, тады ж «пры садзейнічаньні беларускага боку» і пры ўдзеле Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа на тэрыторыі Беларусі ён правёў сустрэчу з Тацянай Маскальковай.

20 сьнежня, наколькі можна меркаваць па здымках, на тым жа самым месцы амбудсмэны Расеі і Ўкраіны Тацяна Маскалькова і Дзьмітро Лубінец абмяняліся ўжо ня толькі сьпісамі палонных і лістамі, а і гуманітарнай дапамогай для палонных.

«Перадалі 1500 пакетаў зь цёплым адзеньнем і іншымі неабходнымі рэчамі», — напісаў у сваім тэлеграм-канале Дзьмітро Лубінец.

Прыблізна тое самае ў сваім канале паведаміла і Тацяна Маскалькова.

Хто афіцыйны пасярэднік абменаў

За дзень да новага 2025 году Расея і Ўкраіна зноў абмяняліся палоннымі. У фотасправаздачы аб новых перамовах, як і пасьля папярэдніх дзьвюх сустрэч, можна пабачыць, што ў тарцы стала, за якім Маскалькова і Лубінец вядуць абмеркаваньне, пад дзяржаўным сьцягам Беларусі сядзяць Ірына Касьцевіч і Валер Сьцепановіч.

Перамовы паміж Украінай і Расеяй аб абмене ваеннапалоннымі на тэрыторыі Беларусі. У тарцы стала пад дзяржаўным сьцягам і гербам сядзіць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Касьцевіч, а па яе левую руку – мужчына, падобны на супрацоўніка КДБ Валера Сьцепановіча. 31 сьнежня 2024.

Амбудсмэны Расеі і Ўкраіны ў сваіх паведамленьнях не абгрунтоўваюць прысутнасьці гэтых дваіх прадстаўнікоў Беларусі на перамовах і нават не называюць іхных імёнаў.

Сама Ірына Касьцевіч, хоць і мае канал у Telegram, таксама не афішуе гэтага аспэкту сваёй дзейнасьці.

Журналісты Свабоды спрабавалі некалькі разоў дазваніцца да Ірыны Касьцевіч, але яна адхіліла ўсе званкі.

Мужчына, які прысутнічаў як мінімум на трох сустрэчах Лубінца і Маскальковай і сядзеў побач з Ірынай Касьцевіч, паводле дакумэнтаў, перададзеных Свабодзе «Кібэрпартызанамі», падобны да супрацоўніка КДБ Валера Сьцепановіча.

Зьлева – фатаздымак неназванага мужчыны, які прысутнічае на ўкраінска-беларускіх перамовах і сядзіць пад дзяржаўным гербам і сьцягам Беларусі. Справа – зроблены ў 2017 годзе фатаздымак супрацоўніка Цэнтральнага апарату КДБ Валера Сьцепановіча з базы «Кібэрпартызанаў»

Згодна са зьвесткамі «Кібэрпартызанаў», з 2005-га да канца 2020 году на ягоны пашпарт было зарэгістравана 17 тэлефонных нумароў. У 2020-м за ім былі замацаваныя чатыры зь іх. Але калі тэлефон Касьцевіч журналісты змаглі пацьвердзіць пры дапамозе праграмы Getcontact (яе нумар захоўваюць у сваіх телефонах некалькі абанэнтаў з пазначэньнем ейнага імя і прозьвішча), апошнія нумары Сьцепановіча гэтая праграма не знайшла. Журналісты Свабоды спрабавалі тэлефанаваць па ўсіх чатырох нумарах, але па двух зь іх пастаянна гучаць кароткія гудкі, якія звычайна адбываюцца пры збоі ў сетцы, а абанэнт двух іншых нумароў увогуле не здымаў слухаўку.

Сёлета 15 студзеня Ірына Касьцевіч і падобны на Валера Сьцепановіча мужчына зноў прысутнічалі на абмене цяжкахворымі і параненымі паміж Расеяй і Ўкраінай. Апроч таго, расейскіх палонных забіралі беларускія «хуткія» і аўтобус. У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што пэўны час расейскія вайскоўцы будуць лячыцца ў Беларусі, а потым іх перавязуць у мэдычныя і рэабілітацыйныя ўстановы ў Расею.

Расейскага палоннага суправаджаюць у беларускую машыну хуткай дапамогі падчас чарговага абмену паміж Расеяй і Ўкраінай на памежным пункце Новая Гута. 18 студзеня 2025. Крыніца: афіцыйны Telegram-канал Упаўнаважанай у правах чалавека РФ Тацяны Маскальковай

Афіцыйна, паводле бакоў, пасярэднікам абмену выступілі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Пазьней Дзьмітро Лубінец паведаміў, што ўпершыню перамовы адбыліся ў чатырохбаковым фармаце — на іх прысутнічалі прадстаўнікі нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа Расеі і Ўкраіны. Пра дваіх прадстаўнікоў Беларусі за сталом перамоў зноў не згадаў ані ўкраінскі, ані расейскі бок.

Лубінец: «Інфармацыя абмежаваная»

Свабода зьвярнулася да Ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітра Лубінца, каб высьветліць, якія функцыі Ірына Касьцевіч і (імаверна) Валер Сьцепановіч выконваюць за сталом украінска-расейскіх перамоў.

«Гэтая інфармацыя мае абмежаваны доступ», — напісаў Дзьмітро Лубінец.

Ён ня стаў называць месца ў Беларусі, дзе праходзяць такія перамовы, але ў Telegram-каналах абаіх амбудсмэнаў кожны раз публікуюць фота і відэа зь месца абменаў, якое падобна на беларускі пункт пропуску «Новая Гута» (з украінскага боку — «Новыя Ярылавічы»).

Беларускі пункт пропуску «Новая Гута». Імавернае месца абмену ваеннапалоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай на стаянцы грузавікоў – у цэнтры кадра

У часе сустрэч на мяжы прысутнічаюць прадстаўнікі нацыянальных камітэтаў Чырвонага Крыжа Расеі і Ўкраіны. Месца абмену перанесьлі ў Беларусь пасьля пачатку ўкраінскімі вайскоўцамі курскай апэрацыі. Гэта пазьней пацьвердзіў і сам Дзьмітро Лубінец.

«Пасьля таго, як у нас адбылася ваенная апэрацыя Ўзброеных сіл Украіны ў Курскай вобласьці, у нас няма бясьпечнага пункту перасячэньня паміж дзьвюма межамі (Расеі і Ўкраіны) і было адпрацавана пытаньне, мы правялі першую сустрэчу на мяжы паміж Украінай і Беларусьсю. Беларусь дала сваю тэрыторыю для кантактаў, для прыезду дэлегацыі з Расейскай Фэдэрацыі, Маскальковай, а мы ўпершыню туды прыбылі і паглядзелі на ўмовы, якія былі створаныя, на пытаньні, у тым ліку бясьпекі», — сказаў Лубінец.

Паводле яго, першая сустрэча (пэўна, ідзецца аб сустрэчы 8 лістапада 2024 году) пакінула «адчуваньне, што гэтую пляцоўку можна выкарыстоўваць», і далей пачаліся сустрэчы.

У той жа час украінскі амбудсмэн не адказаў на пытаньне, якія функцыі выконвае Беларусь на гэтых сустрэчах, апроч прапановы сваёй тэрыторыі.

Вядома, што ў чэрвені 2022 году ў расейскі палон трапілі два беларусы — Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў, якія ваявалі на баку Ўкраіны. Ва ўкраінскім палоне знаходзяцца Яўген Камянькоў, які падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», і Артур Яфрэмаў, які паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці.

Што вядома пра Ірыну Касьцевіч

Ірына Касьцевіч зьяўляецца адной зь нямногіх доўгажыхарак ва ўрадах Аляксандра Лукашэнкі.

Да першых прэзыдэнцкіх выбараў яна працавала эканамістам Галоўнага вылічальнага цэнтру Дзяржаўнага камітэту статыстыкі, у 1994-м стала вядучым эканамістам.

Ірына Касьцевіч. Крыніца: БелТА

Пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады гэты камітэт ператварылі ў Міністэрства статыстыкі, і праз больш як дзесяць гадоў кар’еры, ужо ў міністэрстве, Ірына Касьцевіч атрымала пасаду намесьніцы міністра. Адтуль пасьля чарговай рэарганізацыі статыстычнага органа яе прызначылі намесьніцай міністра эканомікі.

Праз крыху больш як два гады пасьля гэтага Ірына Касьцевіч атрымала ўжо партфэль міністра працы і сацыяльнай абароны. На гэтай пасадзе яна адпрацавала 7 гадоў, пакуль не атрымала дэпутацкі мандат у 2024 годзе. Цяпер у Палаце прадстаўнікоў ачольвае камісію працы і сацыяльнай абароны. Адначасова яна працуе ў аналягічнай камісіі парлямэнту так званай «саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі».

Муж дэпутаткі Андрэй Касьцевіч зьяўляецца адным з мэнэджараў беларускага прадстаўніцтва кампаніі ASBIS, якую на Кіпры заснаваў ягоны брат Сяргей Касьцевіч. Апошні ў 2020 годзе падпісаў ліст супраць гвалту датычна пратэстоўцаў, якія выйшлі супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Пэўны час муж Ірыны Касьцевіч меў 25% акцый прыватнага футбольнага клюбу «Крумкачы», які стаў фэномэнам у беларускім футболе і трапіў пад рэпрэсіі ўладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта каманда з бунтарскім духам». Чаму «Крумкачам» не даюць гуляць у Менску

Касьцевіч быў адным з галоўных яго спонсараў, але нібыта з 2021 году канчаткова выйшаў з гэтага праекту, хоць і застаецца заўзятарам клюбу. Касьцевічы маюць 35-гадовага сына і 21-гадовую дачку.

Што вядома пра другога прадстаўніка Беларусі на перамовах

Як вынікае з дакумэнтаў, атрыманых ініцыятывай «Кібэрпартызаны» ў 2021 годзе, Валер Сьцепановіч служыць у вайсковай частцы № 10091. Гэта цэнтральны апарат Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

У 2008-2009 гадах ён некалькі разоў езьдзіў ва Ўкраіну ў «прыватных мэтах», як ён гэта дэкляраваў пры перасячэньні мяжы, і выкарыстоўваў нацыянальны пашпарт. У большасьці паездак яго суправаджаў брат Аляксей, які пэўны час працаваў на розных пасадах у Берасьцейскім абласным судзе і Берасьцейскім аблвыканкаме. З красавіка 2023 году ён працуе генэральным дырэктарам кіроўнай кампаніі дзяржаўнага холдынгу «Канцэрн Брэстмясамалпрам», як вынікае з афіцыйнага сайту прадпрыемства.

Валер Сьцепановіч жанаты. Сужэнцы выхоўваюць дачку (16 гадоў) і сына (19). Ягоную жонку завуць Ірына (у дзявоцтве Бярынчык). Да пераезду ў Менск яна працавала ў адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасьця ў сфэры адукацыі і пазьней — ва Ўпраўленьні ўнутраных спраў Берасьцейскага аблвыканкаму. А ў Менску, пасьля двух гадоў працы ў дзіцячым садку, у 2014-м пачала працаваць таксама ў КДБ. Паводле інфармацыі на 2024 год, месца яе працы не зьмянілася.

Як вынікае з атрыманых Свабодай дакумэнтаў, уся сям’я мела дыпляматычныя пашпарты, дзейныя мінімум да ліпеня 2023-га.

Паездкі ва Ўкраіну супадаюць з пачаткам працэсу над беларускім шпіёнам

Паводле базы, атрыманай «Кібэрпартызанамі», сям’я Сьцепановічаў пачала выяжджаць на падставе гэтых пашпартоў з 2018 году. У прыватнасьці, Валер Сьцепановіч з 2018-га па 2020-ы 9 разоў езьдзіў ва Ўкраіну праз пункты пропуску «Новая Гута» і «Макраны» на машынах Mitsubishi з дыпляматычнымі нумарамі DP 013 003 і DP 013 018, у якіх першыя тры лічбы сьведчаць пра прыналежнасьць іх да амбасады Беларусі ва Ўкраіне.

Валер Сьцепановіч (абведзены) побач з амбасадарам Беларусі ва Ўкраіне Ігарам Сокалам падчас цырымоніі ўскладаньня кветак да знаку “Менск – горад-герой” у Нацыянальным музэі гісторыі Другой усясьветнай вайны ў Кіеве. 9 траўня 2019 года. Крыніца: амбасада Беларусі ва Ўкраіне

«Ён нідзе, апроч КДБ, не працаваў, — расказаў Свабодзе кіраўнік ініцыятывы былых сілавікоў ByPol Аляксандар Азараў. — Імаверна, з 2001 ці 2002 году працаваў ва ўпраўленьні КДБ па Берасьцейскай вобласьці і прыблізна ў 2004-м пераехаў у Менск. У 2010-2017 гадах выяжджаў за мяжу па службовым пашпарце, езьдзіў у краіны Эўразьвязу і СНД, а з 2018-га ўжо на падставе дыпляматычнага пашпарта езьдзіў толькі ва Ўкраіну. Гэта можа сьведчыць пра тое, што ён працаваў у беларускай амбасадзе ў Кіеве, пэўна, дарадцам. А гэты факт у сваю чаргу азначае, што ён працуе ў КДБ, у 1-м Галоўным ўпраўленьні замежнай выведкі».

Першая паездка Сьцепановіча ва Ўкраіну з дыпляматычным пашпартам адбывалася падчас судовага працэсу над грамадзянінам Беларусі Юрыем Палітыкам, якога ў 2017 годзе затрымалі на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы» праз падазрэньне ў шпіянажы, і пачатку перамоў з Украінай аб абмене на затрыманага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку.

Валер Сьцепановіч на штогадовай сустрэчы ў амбасадзе Беларусі ва Ўкраіне з прадстаўнікамі тавараправоднай сеткі беларускіх прадпрыемстваў на ўкраінскім рынку. 30 студзеня 2020. Крыніца: амбасада Беларусі ва Ўкраіне

У пачатку жніўня 2018 году прадстаўнікі сілавых структур Беларусі ўпершыню прыехалі ў Кіеў на перамовы, але тады бакі не змаглі дамовіцца, бо Менск настойваў на тым, што Юры Палітыка ніколі ня меў ніякага дачыненьня да дзейнасьці спэцслужбаў. У выніку абмен адбыўся толькі ў кастрычніку 2019 году перад першай сустрэчай Аляксандра Лукашэнкі і прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў Жытоміры.

Згодна са зьвесткамі «Кібэрпартызанаў», Валер Сьцепановіч знаходзіўся ва Ўкраіне ў пэрыяд з 5 да 17 жніўня 2018 году, а потым выехаў у Беларусь на два дні — і зноў вярнуўся ва Ўкраіну. У наступныя два гады ён выяжджаў у Беларусь на 7-10 дзён і зноў вяртаўся ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь і Ўкраіна мяняліся «шпіёнамі». Эксклюзіўныя падрабязнасьці

Летась 28 студзеня Валеру Сьцепановічу споўнілася 45 гадоў, калі, паводле заканадаўства, ён мог выйсьці на пэнсію. Але, як мяркуе Аляксандар Азараў, малаімаверна, што ён пакінуў КДБ. «Пэнсіянэраў на такія перамовы (як паміж Расеяй і Ўкраінай. — РС) не прызначаюць», — падкрэсьліў ён.

Паводле Азарава, на перамовах Сьцепановіч можа выконваць ролю «назіральніка» і «ўсё дакладаць у КДБ і далей Лукашэнку».

Скрыншот з трансьляцыі дзяржаўнага тэлеканалу СТВ, на якім Валер Сьцепановіч (уверсе ў цэнтры) заўважаны падчас звароту Аляксандра Лукашэнкі да «народу і Нацыянальнага сходу» ў Палацы Рэспублікі 28 студзеня 2022. Крыніца: тэлеканал СТВ

Валер Сьцепановіч — непублічны чалавек. Свабода знайшла толькі два фота зь ім з падзей, арганізаваных беларускай амбасадай у Кіеве.

У студзені 2022 году Валер Сьцепановіч прысутнічаў на выступе Аляксандра Лукашэнкі з пасланьнем да беларускага народу.

Сустрэчы з Маскальковай

Неўзабаве пасьля пачатку «суправаджэньня» Тацяны Маскальковай (якая, дарэчы, таксама паходзіць зь Беларусі — яна нарадзілася ў Віцебску) Аляксандар Лукашэнка прызначыў Ірыну Касьцевіч у Камісію правоў чалавека СНД.

Гэты орган быў створаны яшчэ ў 1993 годзе, але дзейнасьць яго актывізавалі толькі пасьля расейскага поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Першае пасяджэньне правялі ў лістападзе 2023 году і два — у 2024-м. Наступнае адбудзецца ў Маскве сёлета ў красавіку.

Фатаздымак сустрэчы дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ірыны Касьцевіч з Упаўнаважанай Расеі ў правах чалавека Тацянай Маскальковай. 11 сьнежня 2024

Ірына Касьцевіч пачала сваю дзейнасьць у камісіі 29 лістапада 2024 году, а 11 сьнежня яна наведала Дом правоў чалавека ў Маскве і сустрэлася з Маскальковай. Пазьней яна паведаміла, што на двухбаковай сустрэчы «абмеркавалі шырокі спэктар пытаньняў, якія датычацца абароны правоў чалавека ў Расеі і Беларусі».

Лукашэнка пра Касьцевіч: «Я бачыў яе пару разоў»

У афіцыйных паведамленьнях прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі ніколі не згадвалася аб упаўнаважаньні Ірыны Касьцевіч на выкананьне якіх-небудзь асаблівых даручэньняў. Тэматыка сустрэч у ягонай адміністрацыі, на якіх прысутнічала або ў якіх удзельнічала цяперашняя дэпутатка, тычылася выключна яе пасадавых кампэтэнцый — арганізацыя сыстэмы сацыяльнай дапамогі, дзейнасьць Фонду сацыяльнай абароны, занятасьць насельніцтва, рынак працы і гэтак далей, а таксама звальненьняў і прызначэньняў.

Ірына Касьцевіч на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 10 лістапада 2022 году, калі абмяркоўвалі дзейнасьць Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва

У дзень, калі Лукашэнка звальняў Касьцевіч з пасады міністаркі працы і сацыяльнай абароны пасьля яе пераходу на работу ў Палату прадстаўнікоў, ён сказаў, што «пару разоў бачыў Касьцевіч».

Ірына Касьцевіч не прысутнічала на сустрэчы Лукашэнкі з даверанымі асобамі, але, як і іншыя жанчыны, прызначаныя ім на адказныя пасады, цяпер актыўна праводзіць прапагандысцкую работу ў рэгіёнах Беларусі, найперш у Дзяржынскім, ад якога трапіла ў Палату прадстаўнікоў.

Цяпер тэматыка камэнтароў Ірыны Касьцевіч у дзяржаўных СМІ выходзіць за межы яе прафэсійнай прыналежнасьці — яна абгрунтоўвае прызначэньне выбараў прэзыдэнта на 26 студзеня, разважае на тэму дзяржаўных сымбаляў, а таксама расказвае пра «антыбеларускасьць» Рыскай дамовы, але ніколі не камэнтавала вайну ва Ўкраіне.

Ці былі раней прадстаўнікі Беларусі на перамовах Расеі і Ўкраіны

У 2014 годзе была створаная трохбаковая кантактная група для ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Яе фармат быў вызначаны АБСЭ і так званай «нармандзкай групай», у якую ўваходзілі Нямеччына, Францыя, Расея і Ўкраіна.

У канцы 2021 году група ўжо практычна не ажыцьцяўляла дзейнасьці. У сьнежні 2021 году Ўкраіна прапанавала неабходныя крокі для разблякаваньня яе працы, але ўжо 22 лютага 2022 году, за два дні да ваеннага нападу на Ўкраіну, Расея выйшла зь перамоваў — і група спыніла сваё існаваньне.

Ірына Герашчанка прадстаўляла Ўкраіну ў складзе трохбаковай кантактнай групы для ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Архіўнае фота

У 2015–2019 гадах Украіну на гэтых перамовах у Менску прадстаўляла Ірына Герашчанка, дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Паводле яе, прадстаўнікі Беларусі ніколі не прысутнічалі за сталом перамоў.

«Гэта выключана. На якіх падставах? Ніколі нічога падобнага не было. Там былі мы, расейцы і АБСЭ. Расея прывозіла яшчэ АРДЛА (прадстаўнікоў прарасейскай адміністрацыі ў Данецкай і Луганскай абласьцях. — РС). Але яны таксама не былі афіцыйнымі ўдзельнікамі групы», — сказала Свабодзе Ірына Герашчанка.

Паводле яе, прадстаўнікі ўлады Беларусі ніколі не выступалі з ініцыятывай стаць удзельнікамі перамоў у складзе гэтай групы.

«Не прасіліся. Гэта немагчыма. Фармат груп быў вызначаны нармандзкім фарматам. Менск забясьпечваў толькі пляцоўку», — падкрэсьліла Ірына Герашчанка.