У Сейме Літвы 22 студзеня адбылося пасяджэньне камітэту ў замежных справах, на якім у закрытым рэжыме абмеркавалі сытуацыю, што склалася з выкарыстаньнем герба Пагоня на «пашпарце новай Беларусі». Гэты сымбаль у Літве лічаць сваім.
Выданьне LRT з спасылкай на кіраўніка Камітэту ў замежных справах Рэмігіюса Матузаса паведаміла, што на пасяджэньне запрасілі прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства замежных спраў, Дэпартамэнту міграцыі і Геральдычнай камісіі.
«Галоўная мэта — наладзіць адзіны падыход, знаходзіцца ў агульным інфармацыйным полі і выпрацаваць узгодненую пазыцыю, паколькі пытаньне далікатнае», — працытавала Рэмігіюса Матузаса агенцтва BNS.
Паводле яго, Літва не прызнае на сваёй тэрыторыі «пашпарт новай Беларусі».
«Я б ахарактарызаваў гэтую адзіную пазыцыю як сымбалічны дакумэнт, які ня мае ні юрыдычнай, ні дыпляматычнай сілы. Ён ня будзе прызнаны сапраўдным на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі. Гэта выключна сымбалічны дакумэнт», — падкрэсьліў старшыня парлямэнцкага камітэту.
Пасьля пасяджэньня Рэмігіюс Матузас паведаміў, што менавіта гэта і пацьвердзілі ўдзельнікі абмеркаваньня — згодна з дзейным літоўскім заканадаўствам, такі пашпарт або дакумэнт ня можа быць прызнаны.
Старшыня камітэту падкрэсьліў, што тым беларусам, якія жывуць у Літве і ў якіх скончыўся тэрмін дзеяньня пашпартоў, і яны ня могуць вярнуцца на радзіму і атрымаць новы, Літва выдае дакумэнты, зь якімі яны могуць падарожнічаць.
Дыскусія аб беларускім і літоўскім сымбалях пачалася пасьля таго, як анансавалі тэрміны прыёму заяў на «пашпарт новай Беларусі» і апублікавалі яго вокладку з Пагоняй.
Шэраг літоўскіх грамадзкіх актывістаў і прадстаўнікоў кансэрватыўнай партыі Літвы прасоўваюць ідэю, што беларусы ня маюць права выкарыстоўваць сымбаль Пагоні, бо ён ёсьць часткаю толькі літоўскай гісторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы пракамэнтаваў сымболіку «пашпарта новай Беларусі»Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што ў выкарыстаньні Пагоні ў дызайне «пашпартоў новай Беларусі» ён ня бачыць праблемы. Але дадаў, што трэба абмеркаваць юрыдычныя і дыпляматычныя дэталі праекту. Такім чынам, Наўседа пацьвердзіў словы, якія раней прагучалі зь ягонай канцылярыі.
Перад гэтым дэпутаты Сейму ад партыі «Саюз Айчыны — хрысьціянскія дэмакраты Літвы» абурыліся выкарыстаньнем Пагоні ў «пашпартах новай Беларусі».
У Міністэрстве замежных спраў Літвы на іх заяву адказалі, што літоўскі дзяржаўны герб у дызайне тых пашпартоў не выкарыстоўваецца.
У Літве дзяржаўны герб — Пагоня (Vytis па-літоўску. — РС). У Беларусі сымбаль Пагоня быў дзяржаўным гербам зь верасьня 1991 году да 1995-га, калі Аляксандар Лукашэнка правёў нелегітымны рэфэрэндум, па выніках якога гэты герб замянілі на мадыфікаваны савецкі.
Сымбаль Пагоня паходзіць з часоў Вялікага Княства Літоўскага, агульнай часткі гісторыі Літвы і Беларусі. У той жа час выявы беларускай і літоўскай Пагоні адрозьніваюцца паміж сабой.