Паўлу Юшкевічу зь Беларусі 39 гадоў, 20 зь іх ён жыве ў Польшчы. Там вучыўся і працаваў. За гэты час яго двойчы хацелі дэпартаваць у Беларусь, а польскія ўлады прызнавалі яго небясьпечным для дзяржавы. Аднак урэшце суд стаў на бок Юшкевіча. Праз 12 гадоў змаганьня Павал атрымаў польскае грамадзянства.
«Гэта званок, якога вы чакаеце многія гады»
Юшкевіч падаў дакумэнты на атрыманьне польскага грамадзянства ў 2012 годзе. Атрымаў яго 13 студзеня 2025-га.
«Мне патэлефанавала пані інспэктар, якая вяла маю справу, і сказала: „Пане Паўле, магчыма, гэта званок, якога вы чакаеце многія гады. У мяне перад вачыма рашэньне аб прызнаньні вас грамадзянінам Польшчы. Як вы сябе адчуваеце?“» — пераказвае суразмоўца.
Павал успамінае, што ў яго зьявіліся сьлёзы радасьці, задрыжэў голас ад хваляваньня. Яго запрасілі асабіста атрымаць грамадзянства з рук ваяводы. Працэдура адбываецца раз на некалькі месяцаў, наступная плянуецца ў сакавіку. У Паўла якраз заканчваліся старыя дакумэнты, таму ён папрасіў выслаць новыя поштай. Але мае намер прыехаць і асабіста на ўрачыстую імпрэзу да ваяводы, каб падзякаваць, а таксама сказаць, што часам дарога да грамадзянства трывае 12 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 дзён, каб сабраць рэчы. Грамадзяніна Беларусі могуць выслаць з Польшчы, а ён не разумее, чамуЮшкевіч адзначае, што новае грамадзянства дало яму адчуваньне большай стабільнасьці, а таксама большых магчымасьцяў. Цяпер ён мае права падарожнічаць бязь візаў у большую колькасьць краінаў. Калі атрымае пашпарт, хоча паехаць у Лёндан.
Павал адзначае, што ніякага сакрэту ў тым, што ён атрымаў грамадзянства пасьля таго, як яго ледзь ня выслалі з краіны, няма.
«Усё згодна з законам, з працэдурамі. Я падаўся на грамадзянства яшчэ 12 гадоў таму. Потым была першая дэпартацыйная працэдура, мне ўдалося абараніцца, потым другая працэдура. Маю заяву на атрыманьне грамадзянства на той момант юрыдычна прыпынілі. Калі я вырашыў пытаньне з пагрозай, якую я нібыта ўяўляю для Польшчы, аўтаматычна аднавілі разгляд маёй заявы на атрыманьне грамадзянства», — расказвае пра сваю гісторыю Павал.
Характарыстыкі ад службы бясьпекі
Разгляд заявы на грамадзянства аднавілі ў жніўні 2024 году, кажа суразмоўца. Улады, якія разглядалі заяву, меліся зноў зьвярнуцца да памежнай службы, паліцыі і службы бясьпекі, каб тыя выдалі свае характарыстыкі.
«Ніякіх пытаньняў цяпер не было. Калі яны атрымалі лісты з усіх трох гэтых органаў, ваявода мог прызнаць мяне грамадзянінам», — кажа Павал.
Са словаў Паўла, яго больш не выклікалі на гутарку ў Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы, якое мінулым разам дало яму нэгатыўную характарыстыку. Толькі ўчастковы паліцыянт прыйшоў праверыць, ці ён сапраўды пражывае па ўказаным адрасе. Тады кіраўнік Куяўска-Паморскага ваяводзтва Міхал Штыбель даў Юшкевічу грамадзянства.
«18 студзеня (2024 году. — РС) у Торуні пад помнікам Капэрніку была вялікая маніфэстацыя ў маю абарону, а 13 студзеня (2025 году. — РС)... Няцэлы год прайшоў ад моманту, калі я быў вялікай пагрозай для Польшчы і мяне хацелі дэпартаваць, да таго, як я атрымаў польскае грамадзянства», — падсумоўвае суразмоўца.
На ягоную думку, спачатку пры разглядзе ягонай сытуацыі адбылася памылка.
«Аднак грамадзкая зацікаўленасьць гэтай тэмай, мэдыйная... Ніхто ня мог прадставіць доказы маёй небясьпекі для Польшчы, таму давялося памяняць сваё рашэньне. Суд у ліпені прызнаў, што інфармацыю ў той патаемнай характарыстыцы немагчыма вэрыфікаваць, праверыць. Таму вырашыў, што назваць мяне небясьпекай для Польшчы — гэта далёка ідучыя высновы», — тлумачыць Павал.
Павал мяркуе, што зь ягонай гісторыі можна зрабіць выснову.
«Праўда заўсёды перамагае. Як бы складана нам ні было ў канкрэтны момант, трэба памятаць, што праўда пераможа рана ці позна. Мне здаецца, што гэта тычыцца ня толькі пэрсанальнага, але і глябальнага, хаця б што тычыцца становішча ў Беларусі. Трэба верыць, і мы пераможам», — кажа ён.
Гісторыя Паўла Юшкевіча
Паўлу Юшкевічу 39 гадоў, больш за 20 зь іх ён пражыў у Польшчы. Хлопец нарадзіўся ў вёсцы Васілішкі на Горадзеншчыне, скончыў там школу.
У 17 гадоў пераехаў у Польшчу. Вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Торуні на кірунках «пэдагогіка» і «міжнародныя адносіны». Атрымаў ступень магістра расейскай філялёгіі, абараніў доктарскую дысэртацыю. Выкладаў у Торуньскім унівэрсытэце культурную антрапалёгію, гісторыю адукацыі, міжкультурную адукацыю. Адкрыў невялікі забаўляльны бізнэс для дзяцей з сымулятарамі віртуальнай рэальнасьці.
У 2008 годзе Павал атрымаў сталы дазвол на жыхарства на падставе польскіх каранёў. Ягоны дзед лічыў сябе палякам, а бабка — з шляхецкага роду Ліпскіх.
У 2012-м Павал падаў дакумэнты на польскае грамадзянства, але яму адмовілі. Прычыну патлумачылі коратка — знаходжаньне Паўла ў краіне можа ствараць пагрозу для бясьпекі Польшчы. Такое заключэньне зрабіла Агенцтва ўнутранай бясьпекі краіны (ABW). Чаму напісалі такую характарыстыку, Павал ня ведае.
У 2013 годзе Юшкевіча хацелі дэпартаваць з Польшчы, але тады суд адхіліў рашэньне ваяводы, бо знайшоў працэдурныя парушэньні. Пасьля цягнулася доўгая бюракратычная працэдура з судамі, падчас якой Юшкевіч мог заставацца ў Польшчы.
З 2017 году пачалася працэдура, каб пазбавіць яго сталага дазволу на пражываньне ў Польшчы.
У студзені 2024 году адміністрацыя ў справах іншаземцаў даслала Юшкевічу ліст, што ў яго ўсё ж забіраюць дазвол на жыхарства і даюць яму 30 дзён, каб выехаць з Польшчы.
У ліпені 2024 году адміністрацыйны суд у Варшаве адмяніў рашэньне, каб забраць у Юшкевіча дазвол на жыхарства, і адзначыў, што інфармацыю ў характарыстыцы службы бясьпекі Польшчы, празь якую Юшкевіч нібыта ўяўляў пагрозу для Польшчы, нельга праверыць, і высновы неабгрунтаваныя.