У Расеі затрымалі «турагентку» зь Менску, якую вінавацяць у падмане дзясяткаў беларусаў

Фота падазраванай, ахвяраў дзеяньняў якой працягваюць шукаць сьледчыя

Паводле Сьледчага камітэту, 37-гадовая жыхарка Менску абяцала беларусам пуцёўкі ў гарачыя краіны, брала грошы, але абавязаньняў не выконвала. Калі пацярпелыя беларусы зьвярнуліся да праваахоўнікаў, жанчына зьехала зь Беларусі. Нядаўна яе затрымалі ў Расеі.

Ахвярамі ашуканства сталі больш за 38 чалавек, паведамляе СК.

Паводле зьвестак сьледзтва, зь верасьня 2019 году мянчанка пачала разьвіваць турыстычны бізнэс. Яна абяцала кліентам «гарачыя» туры ў цёплыя краіны на прывабных умовах, першаклясны сэрвіс і гарантыі якаснага адпачынку. Многія спакушаліся такімі ўмовамі, бо «ўладальніца агенцтва стварала ўражаньне прафэсіянала сваёй справы», адзначаецца ў паведамленьні СК.

Пазьней жанчына казала кліентам пра «непрадбачаныя цяжкасьці» і прасіла дадатковых грошай, прыдумляючы розныя прычыны — неабходнасьць аплаціць дадатковую пошліну для афармленьня, тэрмінова ўнесьці перадаплату за трансфэр і інш., таксама «не саромелася сыстэматычна пазычаць грошы ў кліентаў для разьвіцьця турыстычнага бюро».

З часам яе даўгі расьлі, як і колькасьць незадаволеных кліентаў. У 2021 годзе пацярпелыя ад нядобрасумленнай турагенткі пакупнікі «выгадных тураў» зьвярнуліся да праваахоўнікаў. Сьледчыя завялі крымінальную справу за «махлярства ў асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 КК) і ўстанавілі, што мянчанка падманула жыхароў сталіцы на суму больш як 170 тысяч беларускіх рублёў

«Турагентка» зьехала зь Беларусі і каля трох гадоў была ў вышуку.

У кастрычніку 2024 году сьледчыя атрымалі інфармацыю, што яна ў Расеі. Жанчыну затрымалі, цяпер разглядаецца пытаньне аб яе экстрадыцыі ў Беларусь. Сьледчыя працягваюць шукаць пацярпелых ад дзеяньняў мянчанкі і просяць, каб да іх зьвярталіся людзі, якія ведаюць пра іншыя эпізоды яе злачыннай дзейнасьці.

Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пазьбегнуць памылак і стрэсу падчас адпачынку. Раяць прафэсіяналы