На «Эўравізію» ад Ізраіля паедзе дзяўчына, якая перажыла напад ХАМАС на фэст Nova

Юваль Рафаэль

Ізраіль на конкурсе «Эўравізія» сёлета будзе прадстаўляць сьпявачка Юваль Рафаэль. Яна выжыла падчас нападу тэрарыстаў ХАМАС на музычны фэст Nova 7 кастрычніка 2023 году.

24-гадовая Юваль Рафаэль выйграла конкурс «Наступная зорка», пераможца якога едзе на «Эўравізію», піша ізраільскае агенцтва Cursorinfo.

«Я не магу выказаць, наколькі я ўсхваляваная і гатовая! Дзякуй вам за тое, што аказалі мне гэты вялікі гонар і даверылі прадстаўляць маю краіну на грандыёзнай сцэне „Эўравізіі“ ў Швайцарыі», — заявіла яна.

Яе песьню выбера ў наступным месяцы спэцыяльная камісія.

Сьпявачка-аматарка Юваль Рафаэль была зь сябрамі на фэстывалі Nova, калі 7 кастрычніка 2023 года яны зазналі напад ХАМАСу.

Прадстаўніца Ізраіля на конкурсе песьні «Эўравізія» Юваль Рафаэль. Ізраіль, 23 студзеня 2025

«Музыка — адзін з наймацнейшых інгрэдыентаў у маім працэсе выжываньня», — сказала Рафаэль падчас фіналу конкурсу ў Ізраілі.

Яна дадала, што хоча выступіць у Эўропе і «расказаць ім гісторыю краіны, пра тое, праз што прайшла, і тое, праз што прайшлі іншыя».

7 кастрычніка 2023 года Рафаэль была на фэстывалі Nova, на які напалі тэрарысты ХАМАС. Яна разам зь некалькімі дзясяткамі чалавек хавалася ў бамбасховішчы побач з месцам правядзеньня фэстывалю.

У бамбасховішчы было каля 50 чалавек, толькі 12 зь іх выжылі. Рафаэль каля васьмі гадзін праляжала пад целам адной з загінулых.

«Я не магу перадаць словамі цяжар мёртвага цела», — казала яна.

Конкурс «Эўравізія» пройдзе ў 2025 годзе ў швайцарскім Базэлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля вызваленьня ХАМАС трох закладніц Ізраіль вызваліў 90 палестынскіх вязьняў