Пад Лос-Анджэлесам пачаўся новы пажар, 30 тысяч людзей эвакуююць

Тушэньне пажару ў Каліфорніі, ЗША. 13 студзеня 2025

У Каліфорніі, у акрузе Лос-Анджэлес, новы пажар, які пачаўся 22 студзеня, за некалькі гадзін ахапіў тэрыторыю плошчай 38 квадратных кілямэтраў.

Аб гэтым 23 студзеня паведаміла агенцтва Reuters. Больш за 30 тысяч чалавек атрымалі распараджэньне аб абавязковай эвакуацыі.

Шэрыф акругі Лос-Анджэлес расказаў, што яшчэ 23 тысячы чалавек атрымалі папярэджаньне аб магчымай эвакуацыі.

Новы пажар атрымаў назву «Х’юз». Усяго за некалькі гадзін ён ахапіў тэрыторыю, параўнальную з 66% плошчы іншага разбуральнага пажару «Ітан» у навакольлях Лос-Анджэлеса.

На тэрыторыі вакол возера Кастаік, дзе адбыўся новы пажар, у асноўным растьце кустоўе і знаходзіцца паша, частку яе займаюць лясы.

Для тушэньня агню прыцягнулі больш за чатыры тысячы пажарных. Агонь спрабуюць тушыць з паветра, зачэрпваючы верталётамі ваду з возера. Лякалізаваць пажар «Хʼюз» пакуль не ўдалося, паведаміў начальнік пажарнай службы акругі Лос-Анджэлес Энтані Мароне. У рэгіёне па-ранейшаму захоўваецца сухое ветранае надворʼе, якое абцяжарвае барацьбу з агнём. Аднак на выходныя прагназуюцца невялікія дажджы, якія могуць дапамагчы ў змаганьні.

Лясныя пажары пачаліся ў Каліфорніі 7 студзеня.

Мацней за ўсё пацярпеў прэстыжны раён Лос-Анджэлеса Пасіфік-Палісэйдс, там выгаралі цэлыя жылыя кварталы.

У выніку лясных пажараў «Ітан» і «Палісэйдс» загінулі 28 чалавек, 180 тысяч былі эвакуаваныя, каля 16 тысяч будынкаў зьнішчаны або атрымалі пашкоджаньні.

Цяпер яшчэ працягваюцца два буйныя пажары ў раёне Лос-Анджэлеса — «Ітан» і «Палісэйдс». Удалося часткова ўзяць іх пад кантроль, але гарэньне працягваецца.

Шкоду ад пажараў ацэньваюць у 250 мільярдаў даляраў.

Маштабныя лясныя пажары ў Лос-Анджэлесе: ёсьць загінулыя і разбурэньні. Фотагалерэя

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля Лос-Анджэлесу – маштабныя лясныя пажары. Эвакуавалі больш за 32 тысячы чалавек, ёсьць загінулыя