Паліцыя Польшчы выявіла факты нелегальнага працаўладкаваньня беларусаў

Польская паліцыя. Ілюстрацыйнае фота

У канцы 2024 года паліцыя выявіла 34 выпадкі нелегальнага працаўладкаваньня іншаземцаў у Гдыні (Паморскае ваяводзтва Польшчы), сярод іх былі грамадзяне Беларусі.

Памежная ахова Польшчы паведаміла, што супрацоўнікі паліцыі праверылі законнасьць працаўладкаваньня 329 ншаземцаў у дзьвюх кампаніях Гдыні. У выніку выявілі, што з парушэньнем заканадаўства працуюць таксама грамадзяне Беларусі, Грузіі, Калюмбіі і Ўкраіны.

У асноўным, як паведамляецца, іншаземцы былі занятыя на «вытворчасьці мяса, на будаўнічых работах, працавалі трактарыстамі».

Дакладнай колькасьці нелегальна працаўладкаваных ведамства не назвала.

Падкрэсьліваецца, што працадаўцы, якія дапусьцілі парушэньні, могуць быць аштрафаваныя.

«Іншаземцы таксама могуць сутыкнуцца з наступствамі за незаконнае выкананьне працы», — гаворыцца ў паведамленьні памежнай службы.

З 2021 года больш як 240 тысяч грамадзян Беларусі падаліся на атрыманьне дазволу на знаходжаньне ў Польшчы, паведаміў у сьнежні «Позірку» намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка, спасылаючыся на зьвесткі, атрыманыя ў МУС краіны.

Зь іх ужо больш за 140 тысяч маюць дзейсны дакумэнт, які дае права на знаходжаньне на тэрыторыі Польшчы, дадаў палітык.

У 2024 годзе міжнародную абарону ў Польшчы атрымала 2,6 тысячы грамадзян Беларусі, у 2023-м — 2,9. Пры гэтым летась беларусы падалі 3,9 тысячы просьбаў аб ёй (у 2023-м — 3,7 тыс.). Адмовы за мінулы год атрымалі 150 чалавек.

Няўрадавы Цэнтар беларускай салідарнасьці са спасылкай на дадзеныя ўпраўленьня паведамляў, што на 31 сьнежня 2023 году ў Польшчы пражывалі 118 562 грамадзяніны Беларусі з дакумэнтамі, якія тым ці іншым чынам легалізуюць іх у краіне. Сярод іх часовы дазвол на жыхарства мелі 69 399 чалавек, пастаянны ДНЖ — 39 тысяч 553, дадатковую абарону — 6555, дазвол на знаходжаньне доўгатэрміновага рэзыдэнта ЭЗ — 1160, статус уцекача — 578, часовую абарону — 436, іншыя падставы — 436.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы палічылі, колькі беларусаў атрымалі ДНЖ і міжнародную абарону ў 2024 годзе