Ва Ўкраіне мяркуюць, што Расея можа скарыстаць вучэньні «Захад-2025» для нападу на ўсходні флянг NATO

Намесьнік дырэктара Міжнароднага цэнтру супрацьдзеяньня расейскай агрэсіі Дзьмітро Грамакоў, архіўнае фота

Намесьнік дырэктара Міжнароднага цэнтру супрацьдзеяньня расейскай агрэсіі Дзьмітро Грамакоў заявіў, што супольныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025» могуць стаць пляцдармам для ваеннага ўварваньня Расеі ў краіны Балтыі.

У сувязі з гэтым ён узгадаў 2022 год, калі пасьля супольных беларуска-расейскіх вучэньняў «Саюзная рашучасьць» Расея пачала ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

«Тыя вучэньні „Захад-2025“, якія спрабуюць правесьці ў канцы гэтага году, фактычна паўтараюць той сцэнар, які быў у 2022-м, і, такім чынам, Беларусь ператвараецца ў генэратар пагрозаў і пляцдарм для агрэсіі супраць іншых краін», — сказаў Дзьмітро Грамакоў 23 студзеня на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве.

Паводле яго, менавіта правядзеньне гэтых вучэньняў стане «вельмі сур’ёзным маркерам таго, на што гатовая Беларусь і што будзе адбывацца ў найбліжэйшыя два гады».

«Калі Беларусь адмовіцца ад іх [вучэньняў. — РС], магчыма, гэта будзе знакам або сыгналам для сьвету, што або Расея зьмякчае сваю хватку вакол Беларусі. Або [у адваротным выпадку. — РС] Лукашэнка фактычна ператвараецца ў губэрнатара Беларускай вобласьці, і фактычна вынікам яго 30-гадовага праўленьня будзе страта беларускай дзяржаўнасьці і незалежнасьці, якую трэба будзе потым аднаўляць беларускім дэмакратычным сілам, якія сёньня захоўваюць беларускасьць і беларускую ідэнтычнасьць», — адзначыў Дзьмітро Грамакоў.

У сваю чаргу, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Алег Дунда нагадаў пра высновы эўрапейскіх выведных службаў, што Расея ўжо ў 2028 годзе можа спрабаваць уварвацца, каб праверыць абароназдольнасьць эўрапейскай часткі NATO. «Я не такі аптыміст, як эўрапейцы. Я мяркую, што гэта можа адбыцца сёлета», — сказаў ён.

Украінскі дэпутат дадаў, што з 2021 году ўлады Беларусі пры дапамозе Расеі выціскалі за межы ўсіх актыўных грамадзян, якія маглі выступіць супраць вайны, каб у 2025 годзе беларускае грамадзтва стала пасіўным.

«Таму перазацьвярджэньне беларускага прэзыдэнта, якое адбудзецца на гэтым тыдні, засьведчыць, гатовы ці не беларускі пляцдарм для актыўных ваенных дзеяньняў супраць усходняга флянгу NATO», — мяркуе Алег Дунда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адразу некалькі вучэньняў АДКБ пройдуць у Беларусі ў верасьні 2025 году

У канцы 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін анансаваў шэраг вялікіх вучэньняў на беларускай тэрыторыі ў 2025 годзе: тры супольныя вучэньні АДКБ («Узаемадзеяньне-2025», «Пошук-2025» і «Эшалён-2025»), а таксама «Захад-2025».

Летась у кастрычніку на пасяджэньні супольнай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі, для ўдзелу ў якім у Беларусь прыяжджаў міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў, зацьвердзілі задуму вучэньняў «Захад-2025», якія назвалі галоўнай падзеяй у супольнай падрыхтоўцы органаў вайсковага кіраваньня і войскаў. Дату іх правядзеньня пакуль не агучылі.

14 студзеня ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб правядзеньні маштабнага трэнаваньня Аб’яднанага камандаваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл), мэта якога — падрыхтоўка да стратэгічных вучэньняў «Захад-2025».

Агулам на 2025 год міністэрствы абароны Беларусі і Расеі заплянавалі больш за 160 супольных мерапрыемстваў.

У 2022 годзе пасьля супольных вучэньняў «Саюзная рашучасьць», якія адбываліся ў Беларусі, Расея пачала ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея рыхтуюцца да вучэньняў «Захад-2025»: пачалі з трэнінгу аб’яднанага камандаваньня