Улады ўнесьлі рэсурсы аб сталінскіх рэпрэсіях у Воршы ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Альбом зь сямейнымі фатаздымкамі рэпрэсаваных пад Воршай

Міністэрства інфармацыі абнавіла сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»: яно ўнесла туды рэсурсы, якія дасьледуюць сталінскія злачынствы супраць беларусаў.

У сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ўнесьлі рэсурс «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», а менавіта яго групы ў сацыяльных сетках «Аднаклясьнікі», «УКантакце», Facebook.

Адпаведнае рашэньне аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкай» прыняў суд Аршанскага раёну і Воршы 23 студзеня.

Рэсурс прысьвечаны сталінскім рэпрэсіям у Воршы і Аршанскім раёне. Кабыляцкая гара пад Воршай — адно зь вядомых месцаў рэпрэсій. Таксама пад Воршай людзей расстрэльвалі на другім канцы гораду, на Магілёўскай шашы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню апублікавалі прозьвішчы чэкістаў, датычных да сталінскіх расстрэлаў на Аршаншчыне

Сталінскія рэпрэсіі — амаль забароненая тэма ў сучаснай Беларусі. Архівы спэцслужбаў, дзе можа захоўвацца шмат інфармацыі па рэпрэсіях, іх выканаўцах і абставіны, засакрэчаныя. Дасьледнікаў і ініцыятывы, якія займаюцца гэтай часткай гісторыі, перасьледуюць. Сам Лукашэнка неаднаразова публічна захапляўся Сталіным і бальшавікамі. У Курапатах, на Кабыляках і ў іншых месцах масавых расстрэлаў людзей бальшавікамі неаднаразова ўчыняліся акты вандалізму. Ніводнага разу міліцыянты вінаватых не знаходзілі і не прыцягвалі да адказнасьці.

Як улады выкарыстоўваюць кляймо «экстрэмізму» супраць незалежных СМІ, аналітыкаў і праектаў

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Your browser doesn’t support HTML5

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна