RSF заклікала пракурора ICC Карыма Хана расьсьледаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасьці ў Беларусі ў дачыненьні журналістаў, якіх, па іх словах, «сыстэматычна перасьледуюць».
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» заявіла, што задакумэнтавала адвольныя арышты амаль 400 журналістаў са жніўня 2020 году, пры гэтым 43 журналісты ўсё яшчэ знаходзяцца ў турмах у Беларусі.
Рэпрэсіі з боку ўладаў прымусілі многіх беларускіх рэпартэраў уцякаць у Польшчу і Літву, адзначае RSF, дадаючы, што «сама па сабе прымусовая высылка кваліфікуецца як злачынства супраць чалавечнасьці».
Меркаваныя дзеяньні уладаў «відавочна ёсьць злачынствам супраць чалавечнасьці ў выглядзе пазбаўленьня волі, перасьледу і прымусовага перамяшчэньня беларускіх журналістаў за іхную працу», гаворыцца ў заяве RSF.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналістыУ верасьні Літва заявіла, што папрасіла Хана расьсьледаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасьці падчас рэпрэсій супраць апанэнтаў Лукашэнкі. Офіс Хана праводзіць папярэднюю праверку, але адзначыў, што заява дзяржавы – сябра ICC не заўсёды прыводзіць да пачатку афіцыйнага расьсьледаваньня.
26 студзеня 70-гадовы Лукашэнка балятуецца сёмы раз на прэзыдэнцкую пасаду, якую ён утрымлівае шмат гадоў. Ён імкнецца падоўжыць сваё 30-гадовае знаходжаньне ва ўладзе, задушыўшы ўсю апазыцыю ў краіне. Эўрапарлямэнт заклікаў міжнародную супольнасьць не прызнаваць вынікаў выбараў.
«Выбарчы фарс, хутчэй за ўсё, пройдзе бесьперашкодна, без супрацьвагі незалежных СМІ, забясьпечыўшы перамогу Лукашэнкі над чатырма кандыдатамі-марыянэткамі», — адзначае RSF.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сытуацыя няпэўнасьці. Якой будзе тактыка Лукашэнкі ў чаканьні навін з Гаагі