Коміка Славу Камісаранку запісалі ў «экстрэмісты»

Слава Камісаранка

Улады Беларусі чарговы раз абнавілі «сьпіс экстрэмістаў».

У так званы «сьпіс экстрэмістаў» дадалі вядомага стэндап-коміка Славу Камісаранку. Таксама туды дадалі яшчэ 21 чалавека.

МУС ужо традыцыйна пашырае «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці». Туды, як правіла, запісваюць апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі, тых, хто крытыкуе яго і цяперашні дзяржаўны лад.

Сярод іншых, у сьпіс дадалі IT-спэцыяліста зь Сянна Валера Мефадзіенку.

У сьнежні 2024 году стэндап-коміка Славу Камісаранку завочна асудзілі на 6 гадоў калёніі, ягоную справу ў Менскім гарадзкім судзе завочна разглядала судзьдзя Анастасія Папко. 39-гадовага коміка прызналі вінаватым у паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і распальваньні варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК). Ягоную справу разглядалі ў рамках спэцыяльнага вядзеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фота Славы Камісаранкі і Сяргея Міхалка зьявіліся на стэндзе «Іх шукае міліцыя» ў Менску

Пасьля выбараў 2020 году Камісаранка неаднаразова выказваўся пра фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі і асуджаў гвалт з боку сілавікоў. На пачатку 2021 году Камісаранку забаранілі выступаць у Менску, ануляваўшы гастрольныя пасьведчаньні.

У студзені 2022 году Слава Камісаранка расказаў, што КДБ Беларусі абвясьціла яго ў вышук. Паводле яго, беларускія сілавікі яму «тэлефанавалі і пісалі SMS», але ён на той момант ужо зьехаў у Кіеў. Таксама ён расказаў, што супрацоўнікі КДБ шукалі ягоных бацькоў.

48-гадоваму сеньненцу Валеру Мефадзіенку інкрымінавалі ч. 2 арт. 361-2 КК (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці), ч. 2 арт. 290-1 КК (фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці), ч. 1 арт. 361-2 КК (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Падставай палітычнага перасьледу праграміста з дапамогай названых крымінальных артыкулаў сталі ягоныя ахвяраваньня незалежніцкім ініцыятывам.

Утрымліваюць Мефадзіенку ў СІЗА-2, што ў Віцебску. Вядома, што 3 студзеня калегія Вярхоўнага суду на чале з Паўлам Каршуновічам разглядала ягоную апэляцыйную скаргу на ўтрыманьнее пад вартай, але ні рашэньне, ні далейшая хада справы пакуль не вядомыя грамадзкасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 кастрычніка: айцішніка з Сянно будуць судзіць за данаты

Як улады выкарыстоўваюць ярлык «экстрэмізму» супраць незалежных СМІ, аналітыкаў і праектаў

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».