Беларус пачаў працу ў Сарбоне. Ён сярод самых цытаваных навукоўцаў сьвету

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Архіўнае фота

У часе сваёй працы ў Беларусі Сяргей Касьцюк праводзіў дасьледаваньні супольна з найбольшым у сьвеце хімічным канцэрнам BASF, а таксама EURENCO, кампаніяй па вытворчасьці перадавых энэргетычных матэрыялаў.

У Францыю працаваць пераехаў прафэсар БДУ Сяргей Касьцюк, якога прызнавалі найлепшым у арганізацыі навуковай дзейнасьці студэнтаў.

Прафэсар хімічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, загадчык катэдры высокамалекулярных злучэньняў Сяргей Касьцюк пачаў працаваць навуковым дырэктарам Парыскага інстытуту малекулярнай хіміі, які зьяўляецца сумесным дасьледчым падразьдзяленьнем Універсэтэта Сарбоны і CNRS.

Летась ураджэнец Кобрыня трапіў у сьпіс самых цытаваных навукоўцаў сьвету, піша @BelarusScience.

Сяргей Касьцюк, фота з сайту Парыскага інстытуту малекулярнай хіміі

Як вынікае з інтэрвію, апублікаванага на сайце францускай навуковай установы, сярод прычын пераезду Сяргей Касьцюк назваў адпаведнасьць сваіх прафэсійных навыкаў, а таксама магчымасьць прадоўжыць навуковую дзейнасьць у Парыскім інстытуце малекулярнай хіміі, у якім працавалі вядомыя навукоўцы ў дасьледаваньнях катыённай палімэрызацыі.

У 2021 годзе Сяргей Касьцюк атрымаў галоўную прэмію ўнівэрсытэцкага конкурсу на найлепшага кіраўніка і арганізатара навукова-дасьледчай работы студэнтаў і асьпірантаў БДУ.

У 2024 годзе дзяржаўнае агенцтва БелТА пісала пра яго як аднаго з аўтараў распрацоўкі так званага пенагасьніку — рэагенту, які выкарыстоўваецца пры вытворчасьці розных матэрыялаў у нафтавай, палімэрнай і харчовай прамысловасьці, а таксама ў будаўніцтве.

У Парыскім інстытуце малекулярнай хіміі ён будзе спэцыялізавацца на «зялёнай» катыённай палімэрызацыі для мэдычнага і экалягічнага выкарыстаньня.

Сяргей Касьцюк закончыў БДУ ў 2002 годзе па спэцыяльнасьці палімэрная хімія, працаваў у Навукова-дасьледчым інстытуце фізыка-хімічных праблем, у 2012 годзе стаў дацэнтам, а ў 2021-м — прафэсарам БДУ.

У часе сваёй працы ў Беларусі праводзіў дасьледаваньні супольна з найбуйнейшым у сьвеце хімічным канцэрнам BASF, а таксама EURENCO — кампаніяй па вытворчасьці перадавых энэргетычных матэрыялаў.

У 2018 годзе ён пачаў удзельнічаць у праграме Эўрапейскага зьвязу па абмене студэнтамі і выкладчыкамі паміж унівэрсытэтамі. Гэта некамэрцыйная праграма, якую называюць ERASMUS. У яе межах студэнты атрымліваюць магчымасьць навучацца або стажавацца тры месяцы або цягам году ва ўнівэрсытэтах краін Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тваёй пэрсонай цікавяцца наверсе». Гісторыя былога дацэнта БДУ Дзьмітрыя Нікановіча, які вымушаны быў звольніцца і эміграваць